Прайшло менш за тыдзень з моманту, як беларускага журналіста польскага паходжання Анджэя Пачобута выпусцілі на волю. Пачобут даў вялікае інтэрв’ю газеце Wyborcza, у якім расказаў, як яго затрымлівалі, адпраўлялі ў ШІЗА і абменьвалі з іншымі палітычнымі зняволенымі ў Белавежскай пушчы. Рэдакцыя Hrodna.life адабрала ключавыя моманты, якія распавёў Пачобут. 

Аб закрытым судовым працэсе: “Я быў у лютасці – мог спаліць іх позіркам”

У лютым 2023 у Гродзенскім абласным судзе пачаўся разбор па справе Пачобута — журналіста абвінавачвалі ў закліках да санкцый і распальванні варожасці. У інтэрв’ю Wyborcza Пачобут узгадвае, што на паседжанне сагналі журналістаў дзяржаўных медыя, у тым ліку БелТА. Пытанняў Пачобуту яны не задавалі, толькі рабілі фота. Па правілах абвінавачаны павінен знаходзіцца тварам да сцяны, але Пачобут адмовіўся паварочвацца.

«Супрацоўнікі медыя былі здзіўлены, што [я] гляджу ім усім у вочы. <…> Былі здзіўлены, таму што як я разумею, яны прывыклі, што бачаць толькі спіну асуджанага. А я ім проста ў вочы, з нянавісцю. Я быў у такой лютасці, што калі б мог спаліць іх позіркам, яны б палалі ў той залі, за тое, што прыйшлі здымаць маё прыніжэнне». 

Аб матэрыялах крымінальнай справы: «Грыфа «цалкам сакрэтна» не было»

Узгадваючы сам судовы працэс, Пачобут адзначае – прапанова зрабіць яго закрытым паступіла ад пракурора. Прычынай стала тое, што ў матэрыялах справы нібыта змяшчаліся сакрэтныя дадзеныя.

«Размова ішла аб допыце салдат Арміі Краёвай. Гэта дакументы, якія ўжо не змяшчалі грыфа «таямніца» або «цалкам сакрэтна». На кожнай старонцы была пячатка беларускага КДБ, што дакумент рассакрэчаны для судовага разбору. Але ім хацелася стварыць уражанне, што ў справе Пачобута ёсць нейкія таямніцы. Таму што, згодна з абвінаваўчым заключэннем, я нібыта ўдзельнічаў у міжнароднай змове – дарэчы, я быў яе адзіным вядомым удзельнікам, іншых не ўстанавілі – мэтай якой было аддзяліць частку Беларусі і далучыць яе да Польшчы. Таму я даглядаў магілы салдат Арміі Краёвай», — кажа Пачобут. 

Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы змяшчаюцца ўспаміны афіцэра разведкі польскага войска Вітольда Урублеўскага (пазыўны — «Алег»), якія збіраў Пачобут. Журналіст адзначае, што Урублеўскі не мог вярнуцца ні ў Польшчу, ні на Гродзеншчыну. Таму жыў у Львове.

У 2007 годзе Пачобут захацеў паразмаўляць з Урублескім — той пагадзіўся, але пры ўмове асабістай сустрэчы ў Львове. «Падумаў, Божа мой, такі параноік, бо як можна пераследваць чалавека за даследаванне гісторыі 60-гадовай даўніны? Аказалася, ён меў рацыю. Пракуратура класіфікавала артыкул аб «Алеге» як тую, што распальвае рэлігійную варожаць. Чаму? Бо “Алег” быў праваслаўным”.

Аб апошнім слове на судзе: «Аспрэчыў абвінавачванні па пунктах»

Справу журналіста разглядаў суддзя Дзмітрый Бубенчык, які і раней выносіў палітычна матываваныя прысуды. За гэта Еўрасаюз наклаў на Бубенчыка санкцыі.  Пачобут узгадвае, што пасля вынясення прысуду агучыў сваё “апошняе” слова па-польску. Перакладчыка на судовае паседжанне не выклікалі.

У апошнім слове Пачобут сказаў, што невінаваты і “аспрэчыў абвінавачанні па пунктах”.

Аб зняволенні: каранавірус, харчаванне і палітвязні з жоўтымі нашыўкамі

Журналіст узгадвае ўмовы, у якіх яму даводзілася сядзець. Яшчэ на Валадарцы (турма ў Мінску, дзе многія палітычныя зняволеныя знаходзяцца да вынясення прысуду), Пачобут захварэў на каранавірус. Хвароба абвастрыла іншыя хранічныя захворванні журналіста, звязаныя з сэрцам, ныркамі і страўнікам.

«Просіш ахову аб таблетках для страўніка, нырак. Даюць табе лекі, а яны не дапамагаюць», – успамінае Пачобут.

Паводле яго слоў, ахова турмы на Валадарцы не выконвала санітарных мер засцярогі, а зняволеным не рабілі тэсты на наяўнасць віруса.

Вядома, што за час зняволення Пачобут схуднеў амаль на 20 кг. Журналіст кажа, што ежы было мала. Асабліва гэта адчувалася, калі яго пераводзілі ў адзіночныя камеры. У асноўным меню былі кашы, бульба і крыху мяса.

«Пастаянны голад. Чалавек проста худнее. Калі толькі не супрацоўнічае з адміністрацыяй і нікому не насаліў. Тады атрымлівае пасылкі з дому, таксама можна купляць прадукты ў краме. Калі ляжаў у шпіталі і прынеслі пайку, адзін са зняволеных сказаў, што такое не есць. Я пра сябе падумаў, што ён кінуўся б на гэтую пайку, калі б пасядзеў крыху ў карцары». 

Па падліках Пачобута, у Наваполацкай калоніі адбывала пакаранне каля 800 чалавек. З іх каля 300 насілі жоўтыя палоскі – знак, што ў зняволенага «палітычны артыкул».

«Гэтая лічба [жоўтых палосак] расла, з гэтага я рабіў выснову, што маштаб рэпрэсій захоўваецца. Увесь час прыбывалі новыя людзі, асуджаныя з 2021 па 2022 гады». 

Пра «вайну» з КДБ: «Хачу, каб мяне больш ніхто ніколі не біў»

Пачобут зазначае, што ў канфрантацыі з КДБ знаходзіўся апошнія 20 гадоў. За гэтыя гады журналіст не можа падлічыць дакладную колькасць затрыманняў, але ўзгадвае, як у 2010-я падчас аднаго з допытаў яго збілі.

Тады Пачобут пайшоў у пракуратуру, каб падаць заяву. «Судмедэксперт паглядзеў на мяне, як на вар’ята. «Мужык, ты ў сваім розуме? Скарга на КДБ? Ты ўвогуле нармальны? Я яму растлумачыў – хачу, каб мяне больш ніхто ніколі не біў».

Пасля журналіст вырашыў прытрымлівацца падобнай тактыкі і далей – пры кожным збіцці падаваць заяву, незалежна ад магчымых наступстваў.

У выніку прызначылі экспэртызу. Падчас медыцынскага кансіліуму лекары агледзелі пабоі. «У цэлым, сіняк мог і быць, але таксама гэта магла быць алергічная рэакцыя ці раздражненне», – узгадвае словы медыкаў Пачобут.

Аб сувязі з жонкай: «Прыйшла на яго вельмі злая»

Журналіст узгадвае, як увесну 2023 года яму ўдалося пабачыцца з жонкай Аксанай і дзецьмі. «Гэтая сустрэча была няпростай. Калі мы нарэшце атрымалі спатканне, [жонка] прыйшла на яго вельмі злая. Калі сядзеў у лагеры, засталіся нам толькі лісты».

Першую сустрэчу з жонкай планавалі арганізаваць яшчэ ў 2021 годзе, калі Анджэй адмовіўся ехаць у Польшчу. Маўляў, жонка б яго пераканала.

Пачобут тлумачыць, што жонка дастаткова эмацыйная ў стаўленні да сілавікоў. Сам жа журналіст успрымае іх як «шрубкі механізму, якія круцяцца так, як ім скажуць». “Я заўсёды казаў жонцы, што яна ведала, за каго выйшла замуж. Я не змяніўся, я заўсёды быў такім. Я суцяшаў яе тым, што горшы сцэнар яшчэ не рэалізаваны. Што магло быць нашмат горш у жыцці”.

Аб вяртанні ў Беларусь: «Пасяджу»

Падчас абмену беларускія спецслужбы запэўнілі Пачобута, што той зможа вярнуцца ў Беларусь. Журналіст хоча вярнуцца – кажа, усё залежыць ад таго, якой будзе сітуацыя на мяжы: прапусцяць ці не.

На пытанне, калі яго пасадзяць ізноў, Пачобут адказвае, што “пасядзіць”.

“Складана, Нэльсан Мандэла столькі гадоў сядзеў, салдаты Арміі Краёвай сядзелі”, – кажа ён.

Чытайце таксама: Анджэй Пачобут пагаджаўся з’ехаць з Беларусі яшчэ вясной 2024 года