Гродзенскі журналіст Анджэй Пачобут быў вызвалены 28 красавіка ў межах абмену «пяць на пяць». Рэдакцыя Hrodna.life сабрала, што кажуць польскія, амерыканскія і беларускія палітыкі наконт вызвалення Пачобута, які правёў у зняволенні пяць гадоў.

Абмен адбыўся на пешаходна-веласіпедным памежным пераходзе «Перароў — Белавежа» ў Белавежскай пушчы. Разам з Пачобутам у Беларусі вызвалілі яшчэ чатырох чалавек.

Што кажа польская ўлада

Прэзідэнт Караль Наўроцкі

— Анджэй Пачобут ужо ў Рэспубліцы Польшча, ён вызвалены рэжымам Лукашэнкі. Чалавек, які даказаў, наколькі моцная «польскасць» і адданасць польскім каштоўнасцям, і які плаціў за гэта вельмі высокі кошт у цяжкіх умовах турмы рэжыму Лукашэнкі, — пракаментаваў вызваленне Пачобута прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі.

Ён нагадаў, што Пачобут з’яўляецца кавалерам ордэна Белага Арла, і запрасіў яго атрымаць гэтую ўзнагароду пасля аднаўлення. Гэта найвышэйшая дзяржаўная ўзнагарода Польшчы.

Паводле слоў прэзідэнта Польшчы, праца па вызваленні Пачобута вялася з верасня 2025 года. Ён таксама звяртаўся да Дональда Трампа з просьбай падымаць гэтае пытанне ў перамовах з беларускімі ўладамі. Паводле слоў Наўроцкага, амерыканскі бок лічыць справу Пачобута прыярытэтнай і выконвае дасягнутыя дамоўленасці.

Анджей Почобут в суде. Фото БелТА
Анджэй Пачобут у судзе. Фота: “БелТА”

Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск

Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск сустракаў Анджэя Пачобута на польскім баку. У сацыяльнай сетцы X ён напісаў:

«Абмен на польска-беларускай мяжы — гэта фінал складанай дыпламатычнай гульні, якая доўжылася два гады і была поўная драматычных паваротаў. Гэта стала магчымым дзякуючы выдатнай працы нашых службаў, дыпламатаў і прокуратуры, а таксама вялікай дапамозе амерыканскіх, румынскіх і малдаўскіх сяброў. Дзякую вам усім ад імя Анджэя Пачобута і ад сябе асабіста».

Міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі

— Гэта цудоўны дзень. Наш гераічны суайчыннік Анджэй Пачобут знаходзіцца ў Польшчы ў цэласці і захаванасці, хоць і знясілены пасля гадоў, праведзеных у беларускай турме, — заявіў міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі падчас сумеснай прэс-канферэнцыі са спецыяльным пасланнікам ЗША па Беларусі Джонам Коўлам. Сікорскі таксама падзякаваў Дональду Трампу.

«Дарагія сябры, давайце радавацца. Ён у нас. Праз 1860 дзён у турме строгага рэжыму наш гераічны суайчыннік, пакутнік справы свабоды Анджэй Пачобут у Польшчы, жывы і здаровы», — гэтымі словамі пачаў канферэнцыю міністр Радаслаў Сікорскі. — Гэта цудоўны дзень. Гэта прыклад выдатнага польска-амерыканскага саюза. Гэты дзень быў бы немагчымы без прэзідэнта Дональда Трампа, яго рашэнняў і яго спецпасланніка, а таксама ўсёй каманды Дзярждэпартамента.

Таксама ён распавёў, што Анджэй у дадзены момант галодны і знясілены, бо знаходзіўся ў вельмі суровых турэмных умовах на працягу пяці гадоў. — Польшча па-ранейшаму зацікаўленая ў добрасуседскіх адносінах і ў суверэннай Беларусі, якая мірна развіваецца, — дадаў Сікорскі.

Адказваючы на пытанне пра тое, каго Польшча вызваліла ўзамен, кіраўнік МЗС паведаміў, што адной з вызваленых асоб з’яўляецца расійскі гісторык Аляксандр Буцягін, які павінен быў быць дэпартаваны ва Украіну. Ён таксама ўдакладніў, што ў аперацыі ўдзельнічалі Расія, Беларусь, Казахстан, Румынія, Малдова, Польшча і Украіна.

Падзяка Трампу і расійскаму ФСБ. Што кажуць палітыкі розных краін пра вызваленне Анджэя Пачобута
Джон Коўл і Радаслаў Сікорскі падчас прэс-канферэнцыі. HornetReporter, wydarzenia.interia.pl

Што кажуць амерыканскія палітыкі

«Сёння ў якасці спецыяльнага пасланніка прэзідэнта Трампа па Беларусі я і мая каманда дапамаглі забяспечыць вызваленне трох палякаў і двух малдаван. Гэты гістарычны вынік стаў магчымым дзякуючы лідарству прэзідэнта Трампа, Крысу Уэлбі-Сміту і яго камандзе ў Дзярждэпартаменце, а таксама цеснай каардынацыі з некалькімі надзейнымі партнёрамі. Мы дзякуем Польшчы, Малдове і Румыніі за іх неацэнную падтрымку ў гэтых намаганнях, а таксама выказваем удзячнасць прэзідэнту Лукашэнку за гатоўнасць да канструктыўнага ўзаемадзеяння са Злучанымі Штатамі. Пры прэзідэнце Трампе Амерыка падтрымлівае сваіх саюзнікаў і атрымлівае дыпламатычныя перамогі, на якія не здольны ніхто іншы», — напісаў у сетцы Х Джон Коўл.

На прэс-канферэнцыі ён таксама распавёў, што яго каманда больш за год працавала над вызваленнем зняволеных з Беларусі.

На дадзены момант, паводле яго слоў, у Беларусі ўдалося вызваліць больш за 500 чалавек. Коўл адзначыў, што кожны раз падымаў пытанне з беларускім бокам наконт затрыманых польскіх грамадзян.

Урад у Мінску, паводле яго слоў, доўгі час не хацеў пагаджацца на іх вызваленне, аднак па меры паляпшэння адносін паміж ЗША і Беларуссю «ў рэшце рэшт удалося гэтага дасягнуць». Пасланнік Дональда Трампа адначасова адзначыў, што ў Беларусі ўсё яшчэ застаюцца 800 ці 900 палітычных зняволеных.

— Мы працуем над вызваленнем іх усіх, — сказаў ён.

Што кажуць беларускія палітыкі

Святлана Ціханоўская

Святлана Ціханоўская таксама пракаментавала вызваленне Анджэя Пачобута:

«Гэта вялікая радасць для яго сям’і і для ўсіх нас — тых, хто падтрымліваў і чакаў Анджэя ўвесь гэты час. Ён правёў за кратамі больш за пяць гадоў толькі таму, што не адмовіўся ад праўды і сумленна пісаў пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Яго стойкасць, годнасць і непахіснасць сталі прыкладам для ўсіх нас. Я шчыра рада за Анджэя і яго блізкіх, якія вытрымалі гэты цяжкі шлях. Ведаю, колькі сіл і чакання стаіць за гэтым. Я дзякую ўсім, хто змагаўся за яго вызваленне, перш за ўсё — кіраўніцтву Польшчы, ЗША і нашым еўрапейскім партнёрам. Мы памятаем пра ўсіх, хто ўсё яшчэ знаходзіцца за кратамі. І мы будзем працягваць працаваць, пакуль кожны з іх не апынецца дома, побач з роднымі», — напісала Святлана Ціханоўская.

Падзяка Трампу і расійскаму ФСБ. Што кажуць палітыкі розных краін пра вызваленне Анджэя Пачобута
Святлана Ціханоўская з партрэтам Анджэя Пачобута ў Савеце Еўропы. Фота: скрын з відэа

Што кажуць у Беларусі

Афіцыйныя ўлады Беларусі не каментавалі вызваленне Анджэя Пачобута і іншых людзей. У паведамленні дзяржагенцтва БЕЛТА гаворыцца толькі, што 28 красавіка КДБ Беларусі і польская разведка правялі абмен: пяцярых чалавек, асуджаных у Беларусі і Расіі за шпіянаж, абмянялі на пяцярых затрыманых у краінах ЕС і іншых дзяржавах.

Сярод тых, хто вярнуўся — грамадзяне Беларусі, Расіі і іншых краін СНД. Паводле звестак КДБ, ім аказалі медыцынскую і бытавую дапамогу.

У ведамстве таксама заявілі, што падрыхтоўка аперацыі заняла каля года і праходзіла з удзелам спецслужбаў і прадстаўнікоў сямі краін. У КДБ асобна падзякавалі ФСБ Расіі за ўдзел і дапамогу ў правядзенні абмену.

Ахвяруй 1,5% ад падаткаў у Польшчы