Сяргею Іванову было 32 гады, ён нарадзіўся ў Смаргоні і, па інфармацыі «Нашай Нівы», займаўся дробнымі крадзяжамі. Пасля чарговай судзімасці ў 2025 годзе беларуса знайшлі ў складзе расійскай першай танкавай арміі — цяпер яго маці шукае інфармацыю, як атрымаць выплаты за загінуўшых.
Па дадзеных Belpol першую крымінальную справу на Іванова завялі ў 2017 годзе па заяве двух знаёмых. Іваноў выпіваў з дзвюма дзяўчынамі ў інтэрнаце аўтаагрэгатнага завода і сцягнуў з сумачкі адной з іх 100 руб.
У 2019 Іваноў забраў чужы ровар з-пад прадуктовай крамы ў цэнтры Смаргоні – шкоду ацанілі ў 100 руб.
Увесну 2020 Іваноў сарваў кавалкам арматуры замок з гаража ў двары шматкватэрнага дома – вынес набор старых інструментаў коштам 75 руб.
Усе тры разы беларус трапляўся на крадзяжах, атрымліваў судзімасці без накіравання ў турму.
Чацвёрты крадзеж Іваноў учыніў, уварваўшыся ў дом на хутары Чорны Бор. Вынес $9 тыс., €700 і 2550 руб.
Вядома, што ў 2024 годзе Іванова шукалі сваякі. Яго знайшлі ў 2025 у шэрагах расійскай першай танкавай арміі — ён дасылаў блізкім і сябрамі свае фота ў ваеннай форме.
У кастрычніку 2025 года Іваноў пайшоў на штурм у раёне Купянска, пасля гэтага на сувязь не выходзіў. Як піша «Наша Ніва», цяпер маці Іванова шукае ў сацсетках інфармацыю, як атрымаць выплаты за загінулых на вайне.
Чытайце таксама: Серыйны аўтаугоншчык са Слоніма паехаў ваяваць за Расію – і загінуў ва Украіне



