Каманда кавярняў «Крепкий черный» і «Крепкий белый», якія закрыліся, рыхтуе новы праект у Гродне. Установа будзе называцца Kitcup Coffee і размесціцца на праспекце Касманаўтаў, 2. Пра новае месца ўладальнікі распавялі у Instagram.
Што вядома пра новую кавярню?
У новым Instagram-акаўнце kitcup_coffee падпісчыкам прапанавалі адгадаць, дзе адкрыецца ўстанова. Цяпер яе адрас вядомы — праспект Касманаўтаў, 2. У сторыс уладальнікі напісалі, што вельмі сумавалі па гэтым раёне.
Кавярня «Крепкий черный» якраз знаходзілася непадалёк ад гэтага месца.
У апісанні профілю пазначана, што Kitcup Coffee будзе працаваць з кавай катэгорыі specialty — зернем высокай якасці. Таксама ўстанова пазіцыянуе сябе як vegan-friendly і pet-friendly.
Якім будзе інтэр’ер, што менавіта прапануюць гасцям і калі адбудзецца адкрыццё, пакуль невядома.
Раней уладальнікі закрылі дзве кавярні ў Гродне
У красавіку 2026 года закрылася кавярня «Крепкий черный» на Шчорса, 11. Яна працавала ў Kazzarma Mall шэсць гадоў. Пазней каманда паказвала, як усталёўвае шыльду на будынку на Пралетарскай, 4а, аднак у кастрычніку ўладальнікі абвясцілі пра завяршэнне гісторыі «Крепких».
Другая кавярня, «Крепкий белый» на Замкавай, 10, працавала да 31 кастрычніка. Развітваючыся з гасцямі, уладальнікі падзякавалі ім за шэсць з паловай гадоў разам і паабяцалі вярнуцца з новым праектам і той жа камандай.
Абедзве ўстановы былі вядомыя не толькі кавай, але і рознымі мерапрыемствамі. Напрыклад, тут праводзілі ранішнія кава-рэйвы. Каманда таксама арганізоўвала школу барыста.


