Жыхарка вёскі Равы Ашмянскага раёна Сафія Езерская паскардзілася ў TikTok на зарослыя ўчасткі і бяздзейнасць мясцовых уладаў. «Гродзенская праўда» адправілася ў вёску і высветліла, што за скаргай стаіць суседскі канфлікт, які доўжыцца ўжо год. Аднак выданне не згадала іншую частку гісторыі: паводле слоў пенсіянеркі, пасля публікацыі відэа да яе прыехалі супрацоўнікі міліцыі і запатрабавалі выдаліць першы запіс.
Што высветліла «Гродзенская праўда»?
4 лістапада «Гродзенская праўда» апублікавала матэрыял пра канфлікт у вёсцы Равы. Нагодай стала відэа мясцовай жыхаркі Сафіі Езерскай, якая паскардзілася на зарослыя дрэвамі і хмызняком участкі і абвінаваціла мясцовыя ўлады ў бяздзейнасці.
Журналісты адправіліся ў вёску, дзе з 19 дамоў пастаянна заселеныя толькі чатыры, а яшчэ шэсць выкарыстоўваюцца як дачы.
У Барунскім сельвыканкаме ім патлумачылі, што ўчастак плошчай 90 сотак, які трапіў на відэа, замацаваны за прыватным домаўладаннем. Паводле слоў чыноўнікаў, сачыць за яго станам павінна ўладальніца дома, а сельсавет адказвае за добраўпарадкаванне тэрыторый агульнага карыстання.

Суседскі канфлікт: чужы хлеў і зямля
Аднак высветлілася, што паміж Софіяй і ўладальніцай гэтага ўчастка Таццянай Домашыц ужо год працягваецца канфлікт.
Таццяна атрымала ў спадчыну дом сваёй цёткі і пераехала ў вёску, дзе плануе вырошчваць буякі. Паводле яе слоў, спачатку адносіны з Сафіяй былі добрымі. Суседка з яе дазволу трымала жывёлу ў хляве. Але калі Таццяна папрасіла вызваліць памяшканне, пачаліся сваркі.
Таццяна сцвярджае, што суседка выклікала міліцыю, здымала яе на відэа і пагражала выгнаць з вёскі. Акрамя таго, на яе ўчастку ляжалі чужыя рулоны сена, якія яна прасіла прыбраць.
Журналісты «Гродзенскай праўды» зазірнулі ў хлеў Таццяны і знайшлі там двух цялят. Софія пры гэтым сцвярджала, што трымае жывёл толькі ва ўласным хляве.

Сама пенсіянерка расказала іншую версію канфлікту. Паводле яе слоў, яна дапамагала Таццяне апрацоўваць зямлю, але ўвосень адмовілася гэта рабіць. Пасля гэтага адносіны сапсаваліся.
Таксама выданне паведаміла, што вясной Сафія атрымала прадпісанне навесці парадак на сваёй тэрыторыі, аднак, паводле інфармацыі правяральных службаў, цалкам яго не выканала.
У канцы артыкула «Гродзенская праўда» заклікала жыхароў пачынаць навядзенне парадку з саміх сябе.
Пра што не расказала «Гродзенская праўда»?
Аднак у публікацыю не ўвайшлі некаторыя падрабязнасці першапачатковага звароту Сафіі Езерскай і падзей, якія, паводле слоў жанчыны, адбыліся пасля яго.
У сваім відэа пенсіянерка не проста скардзілася на зарослыя ўчасткі. Яна крытыкавала мясцовыя ўлады і параўноўвала іх дзеянні з заявамі Аляксандра Лукашэнкі.
«Хачу вас акунуць у паралельную рэальнасць. Прэзідэнт кажа адно, а на мясцовым узроўні адбываецца зусім іншае», — гаварыла Сафія ў сваім роліку.
Яна сцвярджала, што мясцовыя ўлады бяздзейнічаюць, а старшыня Барунскага сельсавета можа прывесці вёску да заняпаду. Свой зварот жанчына скончыла словамі: «Ратуйце вёску».
Пазней з’явіўся яшчэ адзін зварот Сафіі. У ім пенсіянерка расказала, што на наступны дзень пасля публікацыі першага роліка да яе прыехалі двое супрацоўнікаў Ашмянскага РАУС.

«Учора, 27 кастрычніка, я апублікавала відэа пра стан зямельных участкаў, якія знаходзяцца ў вёсцы Равы Ашмянскага раёна, з просьбай дапамагчы захаваць вёску. А сёння да мяне прыехалі два супрацоўнікі Ашмянскага РАУС», — расказала жанчына.
Паводле слоў Сафіі, адзін з супрацоўнікаў на яе просьбу паказаў службовае пасведчанне на прозвішча Васілеўскі і запатрабаваў выдаліць відэа. Пенсіянерка абурылася і спытала, што незаконнага было ў яе публікацыі і якія нормы яна парушыла.
Арыгінальныя ролікі Сафіі Езерскай у TikTok знайсці не ўдалося. Аднак фрагменты зваротаў захаваліся ў відэа праекта «Беларусь за МКАДам», дзе выкарыстаны голас жанчыны і нарэзка відэазапісаў.
У матэрыяле «Гродзенскай праўды» пра меркаваны візіт міліцыі не згадваецца. Выданне падрабязна расказала пра суседскі канфлікт, прэтэнзіі да Сафіі Езерскай і пазіцыю сельсавета, але не закранула яе заяву пра рэакцыю міліцыі на апублікаваны зварот.



