Кафэ-паб ChillPub на Дзевятоўцы спыняе працу. Установа будзе прымаць наведвальнікаў да канца верасня 2026 года. Пра закрыццё каманда паведаміла ў сваім акаўнце ў Threads.

«Дзякуй усім тым, хто падтрымліваў нас, але, на жаль, гэтага недастаткова для паўнавартаснай працы ўстановы», — гаворыцца ў паведамленні.

Дакладную дату апошняга працоўнага дня ўладальнікі не назвалі. Да канца верасня наведвальнікі яшчэ могуць прыйсці ў паб або замовіць дастаўку з установы.

Прапрацаваў крыху больш за год

ChillPub адкрыўся ў чэрвені 2025 года на вуліцы Дзяржынскага, 125А — у адным з новых дамоў насупраць «Гроднааблнафтапрадукта». Установа прапрацавала крыху больш за год.

У меню былі салаты, сэндвічы, закускі, дэсерты і гарачыя стравы. Адной з асаблівасцяў установы сталі хашбраўны — падобная да дранікаў страва, якую падавалі з фарэллю, яечняй і беконам альбо з кураняцінай і грыбамі. Таксама наведвальнікам прапаноўвалі крафтавае піва, кактэйлі, ліманады, каву і гарбату.

ChillPub пазіцыянаваў сябе як dog-friendly установа: наведвальнікі маглі прыходзіць разам з сабакамі. Сабака быў намаляваны і на лагатыпе паба, які распрацаваў адзін з яго ўладальнікаў.

ChillPub стаў не першай установай, якая закрылася апошнім часам у гэтай частцы Дзевятоўкі. Побач, на вуліцы Дзяржынскага, 123В, перастала працаваць кавярня MIO. Яна адкрылася ў маі 2025 года, а ўжо праз паўгода ўладальнікі выставілі бізнес на продаж за 42 тыс. рублёў.