У Threads з’явілася ініцыятыва выкупіць старадаўнюю гравюру з панарамным відам Гродна, якая цяпер выстаўлена на аўкцыёне. Аўтар ідэі спадзяецца сабраць неабходную суму з дапамогай неабыякавых людзей, каб перадаць гістарычны артэфакт у Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей.

«Скінуцца па еўра» дзеля гісторыі

Ініцыятарам збору стаў аўтар акаўнта poshyk.info у Threads. Ён звярнуў увагу, што на анлайн-аўкцыёне з’явіўся рэдкі лот — праца нямецкага гравёра Якаба Копмайера (Jakob Koppmayer). Убачыўшы водгук карыстальнікаў, беларус абвясціў збор на набыццё выявы Гродна.

«На польскім аўкцыёне з’явілася вось такая гравюра, ажно 1686 года! Яе аўтар Jakob Koppmayer. Калі знайшлося б 3000 чалавек, гатовых скінуцца па еўра, гэты артэфакт мог бы вярнуцца ў Беларусь. Падобных экспанатаў ох як не хапае ў музеях», — напісаў ён.

Калі лот удасца выкупіць, гравюру абяцаюць перадаць у Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей. Калі ж сабраць неабходную суму не атрымаецца, усе ахвяраваныя грошы накіруюць на дапамогу жывёлам.

Ініцыятыва выклікала дыскусію ў каментарыях. Некаторыя карыстальнікі адзначылі, што ў XVII стагоддзі Гродна не ўваходзіў у склад сучаснай Беларусі, а сама кніга выдавалася ў Аўгсбургу, таму фармулёўка пра «вяртанне ў краіну» з’яўляецца спрэчнай. Іншыя разважалі пра тое, дзе менавіта павінен экспанавацца артэфакт.

Аўтар падзякаваў каментатарам за заўвагі і пагадзіўся, што пытанне паходжання — асобная тэма для дыскусіі. Аднак ён падкрэсліў галоўнае: выява старога Гродна павінна захоўвацца ў самім Гродне, тым больш што большасць мясцовых жыхароў лёгка пазнае на ёй знаёмыя краявіды.

Што гэта за гравюра і адкуль яна ўзялася?

Гаворка ідзе пра медную гравюру памерам 12×17 см з панарамным відам правабярэжнай часткі Гродна першай паловы XVII стагоддзя. Яна была апублікаваная ў 1686 годзе ў трэцім томе кнігі Theatrum Cosmographico-Historicum.

Як адзначаў у сваім артыкуле на Imago.by ў 2019 годзе гродзенскі гісторык Мечыслаў Ян Супрон, гэтая праца перагукаецца са знакамітай гравюрай Тамаша Макоўскага 1600 года, але мае істотныя адрозненні. Некаторыя архітэктурныя дэталі Старога замка і Фары Вітаўта ў Копмайера перададзеныя інакш, а часам нават дакладней. Даследчык мяркуе, што ў аснове абедзвюх прац ляжалі агульныя эскізы Макоўскага, таму гравюру 1686 года нельга назваць простай копіяй — гэта самастойная графічная версія гістарычнага аблічча горада.

Што вядома пра аўкцыён?

У 2019 годзе гравюру прадаваў за 2000 еўра літоўскі калекцыянер. Тады спецыялісты студыі Imago.by падкрэслівалі рэдкасць асобніка і адзначалі, што яшчэ большую каштоўнасць мела б уся кніга цалкам. Менавіта тады ўжо ўзнікала ідэя выкупіць яе і перадаць якому-небудзь беларускаму музею.

Цяпер лот выстаўлены на чэшскай версіі аўкцыённай пляцоўкі OneBid літоўскім аўкцыённым домам ARS VIA з Вільнюса. Стартавы кошт гравюры — 1800 еўра.

Эстымейт — папярэдняя ацэнка лота — складае 2200–3000 еўра.

Аўкцыён прызначаны на 3 снежня 2026 года. Пачатак — у 19:00 паводле мінскага часу.