Гродзенка паскардзілася на стан адкрытых альтанак у абноўленым скверы на вуліцы Дарвіна. Яна апублікавала ў TikTok відэа, на якім паказала, што драўляная падлога ў іх успухла пасля дажджоў. Адну з альтанак закрылі. Мяркуючы па ўсім, пакрыццё там збіраюцца мяняць.
«Сумна бачыць такое… Сквер на вуліцы Дарвіна зусім новы. Але многія альтанкі паламаныя. Гэтая ўвогуле закрытая», — напісала аўтарка відэа.
Паводле яе слоў, падлога ў альтанках хутка ўспухла і не вытрымала дажджу. Жанчына засумнявалася ў якасці выкарыстаных матэрыялаў.
«Няўжо нельга адразу рабіць з якасных матэрыялаў?» — абурылася яна.
Таксама аўтарка відэа адзначыла, што пашкоджанні з’явіліся не з-за наведвальнікаў сквера, а, на яе думку, звязаныя з якасцю выкананых работ.
Жыхары прыгадваюць і іншыя гарадскія праекты
У каментарах пад відэа гараджане прыгадалі праблемы з добраўпарадкаваннем іншых тэрыторый, у тым ліку нядаўна адкрытага аквапарка «Лазурны».
«І „Лазурны“, і дарогі, і новыя шматпавярховікі», — напісаў адзін з каментатараў.
«Ой, „Лазурны“ — увогуле бяда. Столькі чакалі!!! Адкрылі. Так усё там пачало ламацца. Можна ж адразу зрабіць якасна, а не абы-як», — адказала аўтарка відэа.
Іншыя каментатары паскардзіліся на якасць дарожнага пакрыцця, бардзюраў і тратуарнай пліткі. Адна з жыхарак расказала, што падчас асфальтавання іх вуліцы дарожнікі збіраліся вывезці бардзюры і плітку, якія людзі самастойна паклалі каля дамоў 14 гадоў таму. У выніку жыхары забралі матэрыялы да сябе ў двары.
Паводле яе слоў, старая плітка захавалася ў добрым стане, тады як новыя бардзюры і пакрыццё пачалі крышыцца.
У каментарах гродзенцы таксама раскрытыкавалі падыход да праектавання і выканання гарадскіх работ, адзначыўшы, што многія рашэнні ў горадзе выглядаюць фармальнымі.
Рэканструкцыя сквера суправаджалася крытыкай
Другую чаргу абноўленага сквера на вуліцы Дарвіна адкрылі 3 ліпеня 2026 года.
Падчас рэканструкцыі тут добраўпарадкавалі пешаходныя дарожкі, усталявалі бетонную ратонду, парэнчы з падсветкай, лаўкі, урны і новыя ліхтары. Тэрыторыю азелянілі: высадзілі газоны, кусты і дрэвы.
Пры гэтым жыхары раёна не раз выказвалі заўвагі. Спачатку яны скардзіліся на высечку дрэў і кустоў. Пазней мясцовыя ўлады сустрэліся з суседзямі і паказалі ім план рэканструкцыі.
Таксама гараджане крытыкавалі знешні выгляд новых альтанак і агароджы. У чэрвені з’явіліся пытанні да тратуарнай пліткі: жыхары паказвалі расколіны і сколы, скардзіліся на няроўную кладку.



