У верасні ў лесапарку «Пышкі» адбылася трагедыя: 53-гадовы раварыст не справіўся з кіраваннем і наехаў на 78-гадовага мужчыну, які ішоў па веладарожцы ў тым жа кірунку. Абодва атрымалі цяжкія траўмы і трапілі ў бальніцу. Пенсіянера выратаваць не ўдалося. Hrodna.life паглядзеў, хто і дзе павінен рухацца паводле правілаў і ці можна пешаходам ісці па веладарожцы, а раварыстам — ехаць па тратуары. Што кажуць ПДР Беларусі і якія штрафы прадугледжаныя за парушэнні.

Калі пешаходам можна ісці па веладарожцы

Згодна з пунктам 17.1 Правілаў дарожнага руху Беларусі, пешаходы павінны рухацца па тратуары або пешаходнай дарожцы. Калі іх няма, дазваляецца ісці па веладарожцы, не ствараючы перашкод для раварыстаў і кіроўцаў сродкаў персанальнай мабільнасці (СПМ). Таксама можна рухацца па ўзбочыне.

Калі побач ёсць тратуар або пешаходная дарожка, выходзіць на веладарожку пешаходам забаронена.

Пра гэта асобна нагадваў начальнік аддзялення забеспячэння правапрымяняльнай дзейнасці галоўнага ўпраўлення ДАІ МУС Беларусі Аляксандр Шаўчэнка. Выступаючы на круглым стале ў мультымедыйным прэс-цэнтры Sputnik Беларусь, прадстаўнік ДАІ падкрэсліў, што пры наяўнасці тратуара рух пешахода па веладарожцы ўжо лічыцца парушэннем ПДР.

Дзе павінны ездзіць раварысты

Раварысты павінны рухацца па веладарожцы. Калі яе няма, правілы дазваляюць ехаць па ўзбочыне, тратуары або пешаходнай дарожцы. Пры гэтым нельга ствараць перашкод для бяспечнага руху пешаходаў.

Калі людзей шмат, раварыст павінен знізіць хуткасць да хуткасці пешаходаў або сысці з ровара.

Як раварыстам перасякаць дарогу

Пры перасячэнні праезнай часткі па пешаходным пераходзе раварысты абавязаныя сысці з ровара. Выключэнне — спецыяльна пазначаны веласіпедны пераезд са святлафорам.

Калі тратуара і веладарожкі няма або рухацца па іх немагчыма, раварыст можа выехаць на праезную частку. Пры гэтым ехаць трэба ў адзін шэраг, не далей чым за адзін метр ад правага краю дарогі. Самастойна выязджаць на дарогу пры адсутнасці тратуара дазваляецца з 14 гадоў.

Начальнік аддзялення ДАІ МУС Аляксандр Шаўчэнка таксама нагадаў, што калі побач з пешаходным пераходам ёсць велапераезд, удзельнікі руху павінны карыстацца прызначанай для іх часткай: пешаходы — пераходам, раварысты і кіроўцы СПМ — велапераездам.

Яго пазначаюць спецыяльнай разметкай з выявай ровара або пункцірнымі лініямі, а таксама адпаведнымі дарожнымі знакамі.

Якія штрафы пагражаюць за парушэнне ПДР

За парушэнні правілаў дарожнага руху пешаходамі, раварыстамі і кіроўцамі сродкаў персанальнай мабільнасці прадугледжаная адказнасць паводле артыкула 18.20 КаАП Беларусі.

За першае парушэнне можна атрымаць папярэджанне або штраф да трох базавых велічыняў — цяпер гэта да 135 рублёў.

Калі парушэнне прывяло да сур’ёзных наступстваў, напрыклад, да прычынення пацярпеламу лёгкіх цялесных пашкоджанняў, папярэджаннем абысціся не атрымаецца. У такім выпадку штраф можа скласці да 20 базавых велічыняў — да 900 рублёў.

У выпадку здарэння ў лесапарку «Пышкі» канчатковыя высновы пра прычыны сутыкнення і адказнасць удзельнікаў зробіць следства. Па факце здарэння ўзбудзілі крымінальную справу.

У «Пышках» ужо спрабавалі падзяліць пешаходаў і раварыстаў

Праблема сутыкненняў пешаходаў і раварыстаў у «Пышках» узнікала і раней. У жніўні 2013 года на веладарожцы раварыст Дзмітрый выпадкова збіў жанчыну. Паводле слоў гродзенца, ён ехаў з хуткасцю не больш за 30 км/г, а жанчына нечакана ступіла на веладарожку, таму ён не паспеў ухіліцца. Жанчына звярнулася з заявай, па факце здарэння ўзбудзілі крымінальную справу.

Праз два гады ўлады заняліся добраўпарадкаваннем веладарожкі: яе заасфальтавалі, нанеслі разметку, усталявалі папераджальныя знакі і асвятленне. Працягласць абсталяванага ўчастка склала пяць кіламетраў.

Чакалася, што абноўленая інфраструктура дапаможа пазбегнуць канфліктаў паміж пешаходамі і раварыстамі. Аднак праблема не знікла. У красавіку 2025 года гродзенскія раварысты зноў пачалі скардзіцца на пешаходаў, якія ігнаруюць знак веладарожкі і ходзяць па ёй.