У Гродне вынеслі прысуд па справе аб продажы неіснуючых турпуцёвак. Ігар Паўлечка, былы партнёр заснавальніцы брэнда Krikate Кацярыны Карлатяну, атрымаў чатыры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго саўдзельніку прызначылі тры гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на тры гады. Пасля затрымання Паўлечкі гродзенцы ў сацсетках абмяркоўвалі не толькі крымінальную справу, але і яго адносіны з Кацярынай.
Прадавалі танныя туры, якіх не існавала
З чэрвеня 2025 года па люты 2026-га мужчыны прапаноўвалі ў Instagram, Telegram і Viber пуцёўкі па заніжаных цэнах. Пераконвалі кліентаў унесці перадаплату, але арганізоўваць паездкі не збіраліся. Атрыманыя грошы пераводзілі ў наяўныя і трацілі на сябе.
Пацярпелымі прызналі 45 чалавек ва ўзросце ад 22 да 62 гадоў. Шкода перавысіла 150 тысяч рублёў. Абодва абвінавачаныя прызналі віну і кампенсавалі шкоду.
Акрамя пазбаўлення волі, кожнаму прызначылі штраф — 13 500 рублёў. Суд таксама пастанавіў выплаціць пацярпелым агулам 7000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды, паведамляе «Гродзенская праўда».
Як крымінальная справа перарасла ў публічную драму
Пра затрыманне мужчын стала вядома ў лютым гэтага года. Тады ж высветлілася, што адзін з іх — Ігар Паўлечка, партнёр Кацярыны Карлатяну. Ён таксама здымаўся для яе мужчынскага брэнда RO.MAN.
Кацярына заявіла, што яны рассталіся 14 лютага, за некалькі дзён да навіны пра затрыманне. У Threads яна напісала, што «слепа давярала і проста кахала», і параіла жанчынам правяраць будучых партнёраў «па ўсіх інстанцыях і органах».
Паўлечка правёў у СІЗА тры месяцы. У верасні, ужо пасля выхаду адтуль, ён зрабіў прапанову новай каханай Карыне, якая займаецца стварэннем кантэнту для бізнесаў.
Пазней Кацярына апублікавала відэа пра ранейшыя адносіны. Паводле яе слоў, гэтая гісторыя каштавала ёй каля $30 тыс.: Ігар прасіў грошы, спасылаючыся на праблемы ў бізнесе, а выдаткі на сумесныя паездкі ў выніку аплачвала яна. Таксама дызайнерка абвінаваціла яго ў здрадах.
Праз некалькі дзён Кацярына выдаліла відэа, але Паўлечка ўжо пачаў публікаваць адказы. Ён сцвярджаў, што вяртаў ёй грошы, хаця б часткова, і абураўся тым, што яна чытала яго перапіскі. Новая нявеста публічна падтрымала яго, пісала «Наша Ніва».



