У Лідзе напярэдадні LIDBEER, які пройдзе 29 жніўня, з арэндай жытла становіцца няпроста. На «Куфары» на даты фестывалю засталося усяго некалькі варыянтаў, а кошт за ноч вагаецца ад 800 да 2000 рублёў. У Threads беларусы сперачаюцца пра такія цэны: адны абураюцца, іншыя лічаць, што ўласнікі кватэр проста карыстаюцца высокім попытам і маюць права на ім зарабіць.
Адна з карыстальніц Threads паказала варыянт кватэры ў Лідзе коштам у 2000 рублёў і пажартавала, што за такія грошы гатовая сама завезці гасцей з Ліды ў Гродна, дзе жытло абыдзецца танней. Гродзенка ўдакладніла, што сама здае кватэру на суткі, але ў абласным цэнтры і кватэра там «у разы лепшая будзе».
Пазней яна напісала, што на «Куфары» заставалася ўсяго некалькі варыянтаў і выказала здагадку, што іх таксама хутка разбяруць.
Беларусы абмеркавалі цэны на кватэры
У каментарах іншыя карыстальнікі падзяліліся падобнымі гісторыямі. Хтосьці прыгадаў, як у мінулым годзе кватэру ў Лідзе таксама здавалі за вялікія грошы.
«У тым годзе на LIDBEER здавалі кватэру на Паўночным (мікрараён Ліды — Hrodna.life) з бетоннымі сценамі і ўсяго толькі з матрацам за 1 500, і што — здалі ў выніку», — напісала адна з карыстальніц.
Іншыя прапанавалі свае варыянты рассялення: «Ды ў нас зусім ашалелі, можаце прыязджаць да мяне: 2–3 дакладна спаць укладу!!! Спаём разам хіты Максим і „Комната культуры“».
Хтосьці заўважыў, што трэба напісаць у МАРГ.
Аўтарка поста адказала:
«Пры чым тут гэта? Гэта іх жытло, і хай самі вырашаюць, за колькі ім здаваць (яны з гэтага падаткі плацяць)… Людзей ніхто не прымушае здымаць. Разумныя знялі ўжо даўно кватэру, дайце людзям хоць у адзін дзень скасіць грошай».
Колькі каштуе жытло ў Лідзе падчас фестывалю
Цяпер на «Куфары» на даты 29–30 жніўня можна знайсці пяць варыянтаў жытла. Цэны ў знойдзеных прапановах — ад 800 да 2000 рублёў за адну ноч.
Самы танны з варыянтаў — трохпакаёвая кватэра плошчай 63 квадратныя метры на вуліцы Тухачэўскага. Яна разлічана на шэсць гасцей, а ноч каштуе 800 рублёў.
За 1500 рублёў можна зняць аднапакаёвую дызайнерскую кватэру плошчай 31 квадратны метр каля Лідскага замка. Яна разлічана на двух гасцей.
Яшчэ адзін варыянт — аднапакаёвая кватэра на вуліцы Савецкай плошчай 29 квадратных метраў. Размясціцца ў ёй могуць да трох чалавек, а кошт адной начы складае 1700 рублёў.
Самыя дарагія прапановы ў знойдзенай падборцы каштуюць 2000 рублёў за ноч. За гэтыя грошы можна зняць, напрыклад, трохпакаёвую кватэру плошчай 49 квадратных метраў у цэнтры Ліды, разлічаную на восем гасцей. Яшчэ адна трохпакаёвая кватэра плошчай 80 квадратных метраў разлічана на дзевяць чалавек і таксама прапануецца за 2000 рублёў.

Жыць можна і ў кемпінгу
Для тых, хто не паспеў зняць жытло ў Лідзе, арганізатары падрыхтавалі варыянт размяшчэння — кемпінг. Ён будзе працаваць з 15:00 28 жніўня да 13:00 30 жніўня.
Кемпінг размешчаны прыкладна за кіламетр ад галоўнай сцэны, у напрамку вёскі Навасёлкі.
Можна прыехаць са сваім рыштункам — у такім разе размяшчэнне будзе бясплатным, але папярэдне трэба зарэгістравацца на сайце фестывалю.
Ёсць і платны варыянт: квіток у кемпінг дае права на камфортнае размяшчэнне двух гасцей у двухмесным наметку. У камплект уваходзяць сам намет, два спальныя мяшкі і два турыстычныя дыванкі. Пры засяленні неабходна мець пры сабе дакумент, які пацвярджае асобу.
Тэрыторыя кемпінга будзе абсталявана санітарнай зонай і зонай барбекю са стацыянарнымі мангаламі.

Што будзе на LIDBEER
Фестываль LIDBEER пройдзе ў Лідзе 29 жніўня. Раней арганізатары паведамлялі, што мерапрыемства не адбудзецца, аднак пазней абвясцілі новую дату.
У гэтым годзесярод хэдлайнераў — Сяргей Бабунец, былы лідар гурта «Смысловые галлюцинации», расійская спявачка МакSим, гурт «Комната культуры» і расійскі dance-rock-гурт ГУДТАЙМС.
Беларускіх выканаўцаў на фестывалі будзе менш. Ад Беларусі выступяць кавер-гурт IODO BAND, фолк-рок-гурт KaS, а галоўную сцэну закрые беларускі дыджэй і прадзюсар Alexander Spark.
Беларусы раскрытыкавалі выбар артыстаў
Пасля абвяшчэння лайн-апу ў сацсетках пачалося абмеркаванне складу ўдзельнікаў. Рэакцыя была неадназначнай. Некаторыя карыстальнікі крытыкавалі выбар артыстаў для фэсту. Карыстальнікі пісалі, што такі склад дрэнна адпавядае фармату беларускага фестывалю.


