Падчас фестывалю «Тачки пікнік — 2026» ля сцен Лідскага замка пацярпеў адзін з каскадзёраў. Кіроўцу дапамаглі, але ў сацсетках гледачы абураюцца з-за няправільных паводзін арганізатараў. Hrodna.life паглядзеў, што пішуць гараджане пра шоу.
У рамках фестывалю праходзілі паказальныя заезды і дрыфт-шоу. Вадзіцелі праходзілі трасу ў тандэме і на мотакалесах, выконвалі трукі на грузавіках і скакалі на матацыклах.




Падчас выканання аднаго з трукаў здарыўся няшчасны выпадак – пацярпеў каскадзёр, які паказваў трук з бочкамі. Па заяве арганізатараў, “каманда зрэагавала імгненна”. Медыкаў “адразу ж запусцілі ў зону дрыфту” – спецыялісты аказалі першую дапамогу і даставілі каскадзёра ў Лідскую бальніцу.
Цяпер каскадзёр знаходзіцца пад назіраннем лекараў. Арганізатары таксама пішуць, што “рэакцыя ўсёй каманды была настолькі аператыўнай, што многія гледачы нават не паспелі зразумець, што адбылося”.
Мяркуючы па каментарах у Threads, гледачы ўсё ж убачылі, як менавіта каскадзёр атрымаў траўму.
«Вядома ўсяк бывае. Але збітага чалавека не варта было цягнуць за рукі ногі на абочыну», — напісаў адзін з карыстальнікаў.
«У стабільным стане гэта якім? У свядомасці і ўсё добра, ці стабільна цяжкім? Судзячы па тым, як яго цягалі калегі па дарозе, не дачакаўшыся медыкаў, якія да слова ўжо беглі, то там маглі нарабіць чаго заўгодна. Дай бог хлопец паправіцца, вельмі шкада хлапчука», — выказалася яшчэ адна беларуска.
«Ага бачылі, за рукі пацягнулі. А калі б у яго пералом не дай бог хрыбетніка быў», — адзначае карыстальнік.
«Хуткія дрыфтанулі ці так з’ехалі?» — іранізуе ўдзельнік абмеркавання.
“Мерапрыемства не прадумана”: што кажуць гледачы пра шоу?
Таксама ў Threads гледачы абмяркоўвалі шоў. Мяркуючы па каментарах, мерапрыемства спадабалася не ўсім. Некаторыя адзначалі, што арганізатары не выконвалі меры бяспекі – зону гледачоў недастаткова добра адгарадзілі ад трасы.
«Колькі хейту ў сетцы наконт арганізацыі гэтага мерапрыемства. З пункту гледжання турызму (асабліва арганізаваных вялікіх груп) мерапрыемства ўвогуле не прадумана!!! Аўтобусы прыпаркаваць няма дзе, групам нічога не расказаць – ор стаіць страшны. І я маўчу пра тое, што практычна ўсе атракцыёны былі на платнай тэрыторыі… Плаціць за ўваход, каб набыць сувенір? Вы сур’ёзна? Мдя…» , — напісаў адзін з карыстальнікаў.
“Плакаць хочацца ад такой арганізацыі”, — выказалася яшчэ адна наведвальніца.
«Арганізацыя мерапрыемства яшчэ горшая чым летась. Я думаў на можа быць горш, але Вы змаглі.
Чэргі конскія. Стаянак няма. Дзе валанцёры, ці хто там павінен сачыць за станам аўто ўдзельнікаў? Кошты на ежу ўвогуле маўчу… Мае апошнія тачкі пікнік», — напісаў беларус.
“Людзі скупыя на эмоцыі”: меркаванне гледачоў, якім спадабалася шоу
Станоўчыя каментары пра “Тачкі пікнік – 2026” таксама ёсць. Напрыклад, адна з беларусак напісала, што «ёй вельмі спадабалася».
«Але тое, што людзі скупыя на эмоцыі і апладысменты, мяне хвалюе. Няўжо так складана папляскаць выступоўцам», – здзіўляецца дзяўчына.
«Хлопцы жорстка завайбілі», — пракаментавала Дрыфт глядачка.
“Першы раз пайшла і не пашкадавала”, — выказалася яшчэ адна беларуска.
Фестываль «Тачки пікнік — 2026» прайшоў у Лідзе 15 і 16 жніўня. Патранатам шоу выступала буйная букмекерская кантора, а таксама расійская кампанія “Газпрамнафта”.
Чытайце таксама: Арганізатары Гродна і вобласці не змаглі атрымаць ліцэнзію з-за пазнакі ад КДБ



