Гродзенскі абласны суд вынес прыгавор Паўлу Міцкевічу. Яго прызналі вінаватым па двух артыкулах крымінальнага кодэкса: арт. 369-1 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) ч. 2 арт. 361-4 (паўторнае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Сумарна гродзенцу прысудзілі пяць гадоў калоніі і штраф у памеры 500 базавых велічыняў (22,5 тыс. руб.), піша “Наша Ніва”.
Завочны разгляд справы Паўла Міцкевіча Гродзенскі абласны суд распачаў у канцы чэрвеня 2026 года. Яшчэ раней – у красавіку 2024 года – Следчы камітэт распачаў спецвытворчасць у дачыненні да гродзенца.
Вядома, што пасля вынясення завочных прысудаў дзяржава пагашае штрафы асуджаных за кошт арышту іх маёмасці і наступнага перапродажу на аўкцыёнах. Так, напрыклад, зрабілі з нерухомасцю гродзенскага актывіста Уладзіміра Хільмановіча.
Павал Міцкевіч жыве за мяжой. У 2008 годзе ён заснаваў фонд “Okno na Wschód”. Цяпер ён старшыня Праўлення і кіраўнік праектаў у фондзе. Да 2020 года фонд займаўся трансгранічнымі польска-беларускімі і польска-ўкраінскімі праектамі, звязанымі з адукацыяй і культурай.
У Беларусі сацсеткі фонду, ягоны сайт і лагатып прызналі экстрэмісцкімі матэрыяламі.
Чытайце таксама: У Гродне прадаюць кватэру экс-следчага, які звольніўся падчас пратэстаў 2020-га года


