Гродзенскі абласны суд у парадку спецвытворчасці разгледзеў крымінальную справу супраць 28-гадовага лідчаніна Аляксандра Зубрыка. Беларуса завочна асудзілі па пяці «палітычных» артыкулах – суд прызначыў 3,5 гады турмы ва ўмовах агульнага рэжыму, паведамляе «Вясна».
Зубрыка прызналі вінаватым на падставе ч. 1 арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 2 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі), арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 370 КК (здзек з дзяржаўных сімвалаў).
У тэрмін пакарання Зубрыку залічылі тэрмін затрымання з 15 па 18 лютага 2022 года, дзе адзін дзень затрымання складае паўтара дня пазбаўлення волі. Залог у 12,8 тыс. руб. звярнулі ў даход дзяржавы. З тэлефона Зубрыка знялі арышт і пастанавілі вярнуць яго ўладальніку.
Аляксандр Зубрык родам з Ліды, працаваў на мясцовым прадпрыемстве «Лакафарба». Зубрыка затрымалі за каментары ў чаце “Лида для жизни ЧАТ” і выпусцілі пад заклад да суда. Летам 2022 года Зубрыка аб’явілі ў вышук, пасля ў дачыненні да яго пачалі спецвытворчасць.
Чытайце таксама: У калоніі памёр асуджаны за хабар дырэктар Скідзельскага цукровага завода


