У Гродне запусцілі філіял мінскай супольнасці “Дом космических котиков”. Сустрэчы арганізуюць для людзей з асаблівасцямі псіхікі, каб яны маглі сустрэцца і абмеркаваць хвалюючыя іх тэмы. Інфармацыя аб стварэнні супольнасці з’явілася ў сацсетках.

Адзін з карыстальнікаў Threads напісаў, што Гродна — невялікі горад, дзе ўсё навідавоку. Таму некаторым “складаней казаць аб сваіх перажываннях, чым у мегаполісе”. Гаражанін узяў на сябе ролю куратара супольнасці – ужо створаны Telegram-канал, а таксама праведзена сустрэча людзей з асаблівасцямі псіхікі. Мерапрыемствы праходзяць без удзелу псіхолагаў ці псіхіятраў.

“Прымаем з любымі дыягназамі: БАР, дэпрэсія, шызафрэнія, АКР, залежнасці і іншае”, – пісаў у анонсе куратар.

Філіял гродзенскай супольнасці стварылі на аснове мінскай, якая называецца «Дом космических котиков». Яго заснавала беларуска Надзея, якая ўжо ў дарослым узросце атрымала дыягназ шызатыпічнае расстройства. Пры такім расстройстве чалавек можа адчуваць складанасці ў зносінах, схільны да сацыяльнай ізаляцыі, дзіўных паводзін і нестандартнага мыслення. Пры гэтым некаторыя сімптомы шызафрэніі накшталт галюцынацый або вострага трызнення – адсутнічаюць.

Пасля пастаноўкі дыягназу Надзея звольнілася з працы і пачала весці блог — у ім дзяўчына расказвала пра захворванне.

«Калі заляцеў мой блог у Threads, людзі сталі пісаць: “У мяне шызафрэнія”, “А ў мяне БАР”, “У мяне трывога”, “У мяне дэпрэсія” (дарэчы, цяпер гэта нашы “асноўныя” дыягназы). У мяне з’явілася ідэя дадаць усіх людзей у адзін чат. Прыдумала і назву – “Дом космических котиков”», — узгадвае Надзея. 

Паступова чат разрастаўся, у яго нават з’явіліся адгалінаванні: мінскі, па абласцях, а таксама агульны, уступіць у які могуць людзі са ўсяго свету.

Праз некаторы час Надзя пачала арганізоўваць і афлайн-сустрэчы. На мерапрыемстве працягласцю дзве-тры гадзіны ўдзельнікі п’юць гарбату, абмяркоўваюць надзённыя праблемы, а таксама лячэнне, пабочныя эфекты ад прэпаратаў і адносіны з блізкімі.

Чытайце таксама: У Гродзенскай вобласці амаль тысяча чалавек стаіць на ўліку наркалагічнай службы