У Гродне побач з гандлёвым цэнтрам OldCity хутка адкрыюцца тры новыя павільёны з крамамі і ўстановамі грамадскага харчавання. Пра змены распавёў дырэктар «Контэ Інвест» Павел Астаповіч. Паводле яго слоў, рашэнне аб будаўніцтве звязана з 10-годдзем гандлёвага цэнтра. Кіраўніцтва вырашыла не пашыраць комплекс за межы ўчастка, а развіваць існуючую тэрыторыю, паведамляе “Вячэрні Гродна”.

Што будзе ў новых павільёнах

Усяго пабудавана тры новыя павільёны. У першым павільёне плошчай каля 104 кв. м адкрыецца ўстанова таджыкскай кухні «Исфара». Тут, абяцаюць, будуць гатаваць стравы ў тандыры: плоў, манты, самсу, лагман і выпечку.

У другім павільёне размесцяцца крамы з таварамі для свойскіх жывёл. Сюды пераедзе «Зоосфера», а таксама адкрыецца новая для OldCity крама «ДокторВет».

Самым буйным стане трэці павільён, дзе з’явяцца два гастрапраекты. Злева адкрыецца рэстаран паназіяцкай кухні «Том Мам» — першы падобны фармат у Гродне і Беларусі.

Справа размесціцца бістро «Бабушка Нэнэ», якое стане трэцяй кропкай сеткі хатняй кухні. Першая кропка працуе ў ТРК Triniti, другая — у цэнтры горада пад назвай «Мельница».

— Трэці рэстаран будзе адкрыты з улікам накопленага вопыту: з павышанай якасцю сэрвісу і страў, пашыраным асартыментам, павялічанай пасадачнай зонай, а таксама ўласнай кавярняй і кандытарскай. Мы ўпэўненыя, што гэтае месца стане новай кропкай прыцягнення для гасцей OldCity, — распавёў Павел Астаповіч.

Калі адкрыюцца павільёны

Паводле слоў кіраўніцтва, зараз завяршаецца падрыхтоўка да ўводу аб’ектаў у эксплуатацыю. На гэта спатрэбіцца да двух месяцаў. Першыя адкрыцці чакаюцца ўжо ў ліпені гэтага года, аднак частка арандатараў можа запусціцца і раней.