У абноўленым аквапарку «Лазурный» ў Гродне з’явіліся перагародкі ў душавых кабінках. Раней наведвальнікі скардзіліся, што душавыя не падзеленыя і людзям даводзіцца мыцца на вачах адно ў аднаго. Акрамя таго, у комплексе рыхтуюцца адкрыць кафетэрый.
Пра абнаўленні паведамілі ў сторыс Instagram-акаўнта аквапарка «Лазурный». На апублікаваных фотаздымках відаць, што ў душавой усталявалі высокія непразрыстыя перагародкі.
У кабінках ёсць невялікія палічкі — раней карыстальнікі паведамлялі, што яны не вытрымалі наплыву наведвальнікаў. У некаторых кабінках з’явіліся дадатковыя поручні.
«Абнаўленні для вашага камфорту», — падпісалі публікацыю прадстаўнікі аквапарка.
Таксама ў «Лазурным» расказалі пра хуткае адкрыццё кафетэрыя. Калі менавіта ён пачне працаваць, пакуль не ўдакладняюць. А пакуль наведвальнікаў просяць браць з сабой ваду і перакус.


Наведвальнікі скардзіліся на адсутнасць перагародак
Пасля адкрыцця абноўленага аквапарка ў пачатку лістапада гродзенцы пачалі дзяліцца ўражаннямі ў сацыяльных сетках. Сярод заўваг была і адсутнасць перагародак у душавых.
«Больш за ўсё засмучае адсутнасць перагародак: уявіце, што мама ці тата заходзіць з маленькім дзіцем у душ», — пісала адна з наведвальніц.
Іншыя гараджане таксама крытыкавалі стан палічак і дзвярэй у душавых. Паводле іх слоў, яны не вытрымалі наплыву людзей у першыя дні працы комплексу.
Абноўлены аквапарк «Лазурный» адкрыўся пасля рэканструкцыі 6 лістапада 2026 года. У комплексе абсталявалі дарослы і дзіцячы басейны, горкі, джакузі, спа-зону з лазнямі і саўнамі, а таксама пакоі адпачынку. Рэканструкцыя абышлася ў 24,2 млн рублёў.



