Аляксандр Лукашэнка падчас рабочай паездкі ў Гродзенскую вобласць звярнуў увагу на скаргі жыхароў Смаргоні на якасць пітной вады. Ён запатрабаваў аператыўна вырашыць праблему. Смаргонцы паведамлялі пра непрыемны пах і прымесі ў вадзе і раней.
20 лістапада Аляксандр Лукашэнка прыехаў у Смаргонь, дзе наведаў вытворча-лагістычны комплекс ТАА «Белагратэрмінал». Падчас паездкі ён звярнуў увагу на якасць пітной вады ў горадзе і заявіў, што ў мясцовых жыхароў ёсць сур’ёзныя прэтэнзіі.
«Чаму людзі скардзяцца, што яны тут п’юць з „балота“ ваду? Гэта недапушчальна. У наш час у краіне, дзе лішак вады, у нас людзі п’юць з „балота“ ваду», — сказаў Лукашэнка.
Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый Караеў пагадзіўся, што праблема сапраўды існуе, але патлумачыў, што ў Смаргоні ўжо ўсталявалі новую станцыю абезжалезвання. Паводле яго слоў, мясцовыя ўлады працягваюць прымаць меры, каб канчаткова вырашыць праблему. Аднак пакуль застаюцца пытанні з гарачай вадой.
Падчас размовы з работнікамі прадпрыемства Лукашэнка зноў узняў тэму вады і заявіў, што даручыў прамыслоўцам дапамагчы мясцовым уладам, каб у наступным годзе праблему з вадой у Смаргоні вырашылі.
Лукашэнка прапанаваў далучыць да гэтай працы старшыню савета дырэктараў кампаніі «Содружество Рус» Аляксандра Луцэнку. Ён адзначыў, што ў Беларусі вырабляюць абсталяванне для ачысткі і падрыхтоўкі вады. Такую айчынную сістэму ўсталявалі і на «Белагратэрмінале».
«Губернатар кажа, гэта часова: вось-вось, у бліжэйшы час трубы ачысцяцца, і ўсё будзе нармальна. Начальнікі ўмеюць дакладваць, але на ўсялякі выпадак я папрасіў, каб прамыслоўцы падключыліся і дапамаглі старшыні райвыканкама. Каб у будучым годзе ў вас не было праблемы з вадой. Яе не будзе — я паабяцаў. Гэта дзяржаўная праблема», — сказаў ён.
Смаргонцы скардзіліся на ваду яшчэ ў пачатку года
Праблемы з вадаправоднай вадой у Смаргоні абмяркоўвалі і раней. Напрыклад, у пачатку гэтага года мясцовая газета «Светлы шлях» пісала пра скаргі жыхароў мікрараёна Усходні. Гараджане паведамлялі пра старонні пах і бачныя прымесі ў халоднай вадзе.
У РУП «ЖКГ» тады патлумачылі сітуацыю змяненнем тэхналогіі водападрыхтоўкі на гарадскім водазаборы «Карэні». На прадпрыемстве паведамілі, што праз гэта ў некаторых шматкватэрных дамах мог з’яўляцца старонні пах і прымесі. Камунальнікі абяцалі прамываць водаправодныя сеткі і правяраць якасць вады па заяўках, якія паступаюць.
У каментарах пад публікацыяй жыхары пісалі, што праблема закранула не толькі мікрараён Усходні. Пра непрыемны пах паведамлялі, у прыватнасці, на вуліцах Заходняй, Леніна, Маладзёжнай, Гагарына, Пагранічнікаў, Заводскай і Коласа. Некаторыя гараджане скардзіліся на пах жалеза і жоўты колер вады. Іншыя пісалі, што не маглі дазваніцца па ўказаных тэлефонах.



