Амаль 100 гадоў таму па вуліцах Гродна ездзілі ровары фірмы «Нёман». Выраблялі іх у цэнтры горада, на сучаснай вуліцы Карла Маркса. Уладальнікі завода перажылі пашырэнне, адгалоскі Вялікай дэпрэсіі і перайшлі да выпуску мапедаў і матацыклаў. Сёння на вуліцах Гродна не ўбачыш ніводнага даваеннага «Нёмана». Hrodna.life успамінае гісторыю самых крутых ровараў у гісторыі горада.
Гісторыю калісьці знакамітага прадпрыемства краязнаўцы збіралі па крупінках з даваенных газет і ўспамінаў. Амаль уся дакументацыя фірмы «Нёман» знікла падчас Другой сусветнай вайны.
Гродзенскія ровары міжваеннага перыяду па сваёй канструкцыі былі якаснымі копіямі найлепшых нямецкіх мадэляў, такіх як «Durkopp», але з некаторымі адрозненнямі.
У 1894 годзе бацька і сын Нохум і Лазар Старавольскія з заможнай яўрэйскай сям'і заснавалі на ўласнай зямлі ў Гродне невялікую слесарскую майстэрню. Партнёрам пачынання стаў купец Ісаак Піваварскі. Майстэрня размяшчалася на сучаснай вуліцы Маладзёжнай. Невялікае прадпрыемства змагло перажыць Першую сусветную і Савецка-польскую вайну. У сярэдзіне 1920-х гадоў пры заводзе ўжо працавала крама Старавольскіх, дзе прадавалі ровары нямецкай фірмы «Durkopp» і іншых марак, швейныя машынкі «Pfaff», «Omega» і іншыя.
10 000 веласіпедаў
У пачатку 1930-х гадоў Нохум Старавольскі заснаваў акцыянернае таварыства і запланаваў пашырэнне свайго прадпрыемства. Паспяховы гандаль роварамі навёў Старавольскіх на думку стварэння ўласнай вытворчасці. Яны выкупілі будынак па суседстве на вуліцы Брыгіцкай, 20 (суч. Карла Маркса) пад завод па выпуску ровараў. Менавіта з гэтым месцам звязаны найлепшыя гады фабрыкі.
«Крэсова фабрыка ровараў і матацыклаў „Нёман“» (Kresowa fabryka rowerów i motocykli «Niemen») — так гучала назва аднаго з вядучых прадпрыемстваў Гродна ў міжваенны час. Узначальваў завод Нохум Старавольскі, а яго сын Лазар быў галоўным інжынерам. Нохум быў нядрэнным прадпрымальнікам, а Лазар адказваў за тэхнічны бок.
Сусветны эканамічны крызіс 1929—1933 гадоў, адгалоскі якога прайшліся і па Еўропе, не паўплываў на рэалізацыю амбіцыйных планаў гродзенскай фірмы. Паводле дадзеных гродзенскіх краязнаўцаў, ужо ў сярэдзіне 1930-х гадоў Старавольскія выпусцілі каля 10 000 ровараў. На іх рамах была выява Новага замка ў Гродне і надпіс «Niemen». Чаму выбралі менавіта такую эмблему, сёння ніхто не скажа. Верагодна, таму што гэта проста вядомая панорамы Нёмана ў межах горада.
У сярэдзіне 1930-х гадоў на прадпрыемстве працавала каля 100 чалавек. Гродзенскія ровары карысталіся папулярнасцю не толькі ў Гродне, але і на тэрыторыі Заходняй Беларусі.
Новая эра
Ад ровараў Старавольскія перайшлі да вытворчасці больш сур’ёзнай тэхнікі. Ужо ў 1934 годзе яны пачалі выпускаць мапеды з рухавікамі нямецкай вытворчасці. Мапеды выраблялі ў жаночым і мужчынскім варыянтах, розніца была ў форме рамы. Гэта былі звычайныя ровары, на якія мантаваліся рухавікі аб’ёмам 75 см³. Іх прывозілі з Германіі (MAW і Sachs) і Англіі (Villiers).
Пасля мапедаў Старавольскія перайшлі да зусім новай вытворчасці. У 1936 годзе гродзенская фабрыка стала вырабляць матацыклы. На той момант ва ўсходніх ваяводствах Польшчы не існавала ніводнай вытворчасці маторных транспартных сродкаў, а попыт на іх быў досыць вялікі.
На рынку з’явіліся першыя гродзенскія матацыклы з імпартнымі рухавікамі. У 1938 году фабрыка выпусціла 166 матацыклаў. Новая прадукцыя ўвасобіла ў сябе лепшыя якасці найбольш вядомых тагачасных сусветных марак.
Даследчыкі да сённяшняга дня не могуць разабрацца, ці быў гэта цалкам айчынны (польскі) праект, ці таленавітыя прадпрымальнікі з Гродна скапіявалі знешні выгляд матацыкла, або, можа, яны набылі ліцэнзію ў замежных фірмаў. Па вонкавым выглядзе «Нёман» быў вельмі падобны да лёгкіх англійскіх матацыклаў «Villiers» ці «Excelsior». Дарэчы, гродзенскія матацыклы абсталёўваліся двухцыліндравымі рухавікамі брытанскай фірмы «Vickers» з Вулверхэмптана. Матацыклы «Нёман» у Гродне выпускалі да 1939 года.
Нацыяналізацыя і адраджэнне
Пачатак Другой сусветнай вайны не перапыніў існаванне фабрыкі «Нёман». Пасля ўз'яднання Беларусі фабрыку нацыяналізавала савецкая дзяржава. Прадпрыемства атрымала назву «Гродзенскі велазавод». Уладальнікаў вывезлі з Гродна. Лазар Старавольскіх знік у турме ў Беластоку, Нохума выслалі ў Казахстан, а адтуль ён перабраўся ў Польшчу і далей у Ізраіль. Пра гэта распавёў гродзенскаму гісторыку Андрэю Вашкевічу сын Лазара, унук Нохума Іосіф.
«Мне пашчасціла пагутарыць з адным са Старавольскіх, — распавёў Hrodna.life Андрэй Вашкевіч. — Сёння нашчадкі Нохума жывуць у Ізраілі, у горадзе Яфа. Яны ганарацца гродзенскім прадпрыемствам, для іх гэта гісторыя сям'і».
Атрыманую ад Іосіфа інфармацыю пра лёс Старавольскіх гісторык апублікаваў у кнізе «На гродзенскім бруку». У Гродне прадукцыі Старавольскіх сёння няма нават у гісторыка-археалагічным музеі. Адзінкавыя ровары захаваліся ў калекцыянераў.
«Матацыклаў я таксама не бачыў, але менавіта за кошт гэтай прадукцыі Старавольскія і праславіліся», — кажа Вашкевіч.
Пасьля 1939 года матацыклы ў Гродне ўжо не рабілі, але былое прадпрыемства Старавольскіх заставалася адным з найважнейшых прамысловых цэнтраў горада. У пасляваенныя гады Гродзенскі велазавод знаходзіўся ў будынках былога казённага віннага склада па вуліцы 17 Верасня (сёння там гіпермаркет «Еўраопт»). Там рабілі папулярныя ў БССР ровары. Фірмовую эмблему фабрыкі «Нёман» замянілі на малюнак аленя з чырвонай зоркай над ім (савецкая інтэрпрэтацыя герба Гродна — аленя святога Губерта). На заводзе рабілі каналізацыйныя люкі, таму ў Гродне сёння яшчэ досыць часта можна ўбачыць люк з дзіўнай надпісам: «велазавод Гродна».
У 1970-х гадах завод перапрафілявалі на вытворчасць аўтамабільных агрэгатаў і перанеслі на вуліцу Карбышава. Пасля пераезду прадпрыемства за межы гістарычнага цэнтра горада, стары будынак Старавольскіх на Маркса належаў розным гарадскім арганізацыям, якія не клапаціліся аб захаванні гістарычнага аб’екта.
Захаваць будынак не дапамаглі пратэсты гродзенскіх гісторыкаў. Яны пісалі ў выканкамы і Міністэрства культуры, сцвярджалі, што неабходна абавязкова захаваць будынак адзінай у гісторыі Гродна фабрыкі ровараў і матацыклаў. У снежні 2005 года будынак Старавольскіх знеслі, а на яго месцы праз год з’явіўся офісны аб’ект.
Замест тыпова канструктывісцкага будынка з’явіўся муляж, які нагадвае эклектыку канца 19 стагоддзя. Захаваліся толькі магутныя падзямеллі.
Ровары толькі ў калекцыянераў
Сёння ў Гродне, акрамя старых фотаздымкаў з архіваў старажылаў і нешматлікіх успамінаў, нічога не нагадвае пра знакамітую вытворчасць ровараў і матацыклаў.
«„Нёман“ — гэта гарадская легенда. У нашай сям'і было чатыры ровары. Тры з іх дакладна былі зробленыя ў Гродне. Уся сям’я каталася яшчэ ў пасляваенныя гады, служылі яны доўга. Сёння ад тых легендарных ровараў „Нёман“ у мяне засталася толькі адна рама», — распавёў Hrodna.life 77-гадовы калекцыянер, карэнны гродзенец Януш Паруліс.
У 2019 годзе беларускі калекцыянер Андрэй Камоська прывозіў ровары «Нёман» у Гродна. Выстава была падрыхтавана да 90-годдзя пачатку прыватнай вытворчасці ровараў [рэгістрацыі ў польскім гандлёвым рэестры — рэд.] завода «Нёман». Першая мадэль пад маркай NSG меркавана расшыфроўваецца як Nochum Starowolski Grodno.
Тады ж Камоська на вуліцах старога горада даў гродзенцам паспрабаваць пракаціцца на даваенных роварах.
«Па маіх ацэнках у Беларусі захавалася 15 ровараў фабрыкі „Нёман“. На хаду толькі чатыры [тры ў Андрэя — рэд.]. Матацыклаў і мапедаў у нас я не бачыў. Вывучаючы велапрадукцыю, я зрабіў выснову, што Старавольскія злавілі момант і таму стрэлілі, — распавёў Hrodna.life Камоська. — У канцы 1920−30-х гадоў ровары ў Польшчы для многіх яшчэ былі раскошай і Старавольскія зрабілі просты фінт — яны куплялі гатовыя камплекты запчастак, якімі гандлявалі буйныя вытворцы па ўсёй Еўропе, а самі варылі толькі рамы. За кошт гэтага таннела вытворчасць. Старавольскія сталі першымі з танных вытворцаў ровараў у Польшчы. Адзін са старажылаў мне распавёў, што ў міжваенны перыяд гродзенскі ровар можна было купіць за дзве каровы. Па 70 злотых за карову — у выніку „Нёман“ абыйшоўся ў 140 злотых».
Для параўнання, у міжваенны перыяд больш заслужаныя і папулярныя маркі ровараў каштавалі ад 200 злотых і даражэй.
«За кошт таннасці і якасці гродзенскія ровары былі папулярныя. Па прынцыпе Старавольскіх пайшлі і іншыя дробныя вытворцы. Напрыклад, у Гродзенскай вобласці яшчэ ў Ваўкавыску рабілі падобныя ровары, але яны не сталі такімі папулярнымі як „Нёман“», — распавёў Камоська.