Выпякаць хлеб, булачкі і прасфоры для цэркваў у Гродне будуць людзі з інваліднасцю. Працоўныя месцы для іх стварае праваслаўны святар і па сумяшчальніцтве актывіст Павел Сяргееў. Ён прыехаў працаваць у Гродна ў красавіку 2020 года. З таго часу служыць у храме Мікалая на вуліцы Горкага, займаецца будаўніцтвам сацыяльнага цэнтра «Васількі» і пякарні «Пчала».
Пра тое, што яшчэ будзе ў сацыяльным цэнтры, колькі трэба грошай на рэстаўрацыю будынка і навошта патрэбна пякарня, айцец Павел распавёў Hrodna.life.
Па адрасе Васілька, 5 стаяць два будынкі. Адзін вялікі трохпавярховы: 200 квадратных метраў на першым і другім паверхах і 70 квадратных метраў у мансардзе. Другі паменш, у 100 квадратных метраў.
У першую чаргу адрамантавалі маленькі будынак побач з будучым цэнтрам. Яго падзялілі на дзве часткі: у адной праходзяць розныя мерапрыемствы і працуе кіраўнік будоўлі Валянціна Іванаўна, а ў другой будзе пякарня.
Каб зрабіць у будынку капітальны рамонт, спатрэбілася паўгода: правялі камунікацыі, зрабілі падлогі, абтынкавалі сцены,
памянялі дзверы, дах, зрабілі санвузлы і нават купілі першую электрычную печ для выпекання. «Калі ў звычайнай печы можна хлеб пячы гадзіну, тут можна за 15 хвілін зрабіць», — кажа айцец Павел.
У гэтым жа будынку будзе склад мукі, у якім будзе ўсё неабходнае абсталяванне, і шафы, і склад гатовай прадукцыі. З яго будзе асобны выхад, каб машына магла пад’ехаць і загрузіць вырабы.
З канца 2018 года вяліся праектныя працы. Па вялікім памяшканні зараз чакаюць атрымання экспертызы. Без яе нельга будзе пачаць рэканструкцыю.
У гэтым памяшканні плануюць зрабіць сацыяльны цэнтр. На першым паверсе будзе канферэнц-зала, дзе змогуць праводзіць розныя мерапрыемствы для людзей з інваліднасцю, прыхаджан праваслаўнай царквы і моладзі. Таксама на першым паверсе будзе невялікі храм-капліца на 60 квадратных метраў і сталовая, тут будуць гатаваць і карміць маламаёмасныя сям'і.
На другім паверсе размесцяць кабінеты для заняткаў і мерапрыемстваў. У будынку абавязкова будзе ліфт, будуць створаны зручнасці для людзей з інваліднасцю і калясачнікаў.
На трэцім мансардным паверсе плануюць уладкаваць пакоі для гасцей і пілігрымаў.
Зараз айцец Павел шукае спонсарскую падтрымку ў бізнэса: ездзіць на прадпрыемствы, піша і тэлефануе. «Пакуль няшмат людзей адгукнулася. Але, напрыклад, лясгас дапамог нам афіцыйна».
Праект «інклюзіўная пякарня „Пчала“» выйшаў у фінал конкурсу сацыяльных праектаў Social weekend. Ён атрымаў ментарскую падтрымку ад спецыялістаў: маркетолагаў, эканамістаў, дызайнераў, якія праводзілі кансультацыі па праекце. Праект не атрымаў грошай на конкурсе, але зацікавіў буйныя кампаніі, якія могуць яго падтрымаць.
У айца Паўла ўжо быў падобны досвед. З 2018 па 2020 год ён быў аўтарам і кіраўніком праекта «Белмед» ў Салігорску разам са сваёй жонкай Юліяй Сяргеевай. Гэта праект па прафілактыцы сардэчна-сасудзiстых захворванняў. Яго фінансаваў Еўрапейскі саюз і рэалізоўвала Праграма развіцця ААН. У выніку святар пабудаваў фітнес-залу ў сутарэнні кафедральнага сабора. «Мы адкрылі залу для жыхароў Салігорска, для маламаёмных і для людзей з інваліднасцю».
У будынку таксама плануюць зрабіць цэнтр дапамогі для людзей з аўтызмам. «У Беларусі наогул няма цэнтра, які спецыялізуецца на дапамозе дзецям і дарослым з аўтызмам. А праблема гэтая актуальная. У нас ёсць некалькі прыватных спецыялістаў, якія працуюць з аўтыстамі, плюс ёсць партнёры — цэнтр па працы з аўтыстамі ў Польшчы».
Айцец Павел плануе ў будучыні на нейкі час прывезці ў Гродна польскіх спецыялістаў і правесці навучанне, абмяняцца досведам, адправіць гродзенскіх спецыялістаў туды. «Плануем таксама з Расіі прыцягнуць тэхналогіі, там таксама ёсць досвед у працы з аўтыстамі. Магчыма, недзе тут будзе сенсарны пакой па ABA-тэрапіі».
«Адразу мы думалі, што тут будзе толькі праца з людзьмі з інваліднасцю. А потым прыйшлі да высновы, што тут павінна быць і моладзевая праца, і культурная. Мы будзем прыцягваць валанцёраў, каб людзі з інваліднасцю знайшлі сяброў, каб разам з іншымі маглі прыдумляць нейкія праекты».
Каля будынка ёсць шмат вольнага месца. Тут мінулым летам святар з моладдзю арганізавалі арт-пляцоўку. «Мы зрабілі сцэну, паставілі лавачкі, атрымаўся такі ўнутраны дворык, праводзілі канцэрты, пікнікі». У планах у Паўла зрабіць тут кінатэатр пад адкрытым небам.
Пякарня будзе адкрыта 10 гадзін на дзень і забяспечыць мінімум восем працоўных месцаў для людзей з інваліднасцю. «Яны не могуць па 10 гадзін на дзень працаваць. Хутчэй за ўсё мы будзем браць людзей на паўстаўкі, на 4 гадзіны на дзень. Паспрабуем ўзяць людзей, каб яны маглі падпрацаваць, але каб і фізічна для іх гэта было магчыма».
У пякарні ўжо ёсць менеджэр па продажах — карлік Максім Аўрамчыкаў. Ён будзе тэлефанаваць фірмам і арганізацыям і прапаноўваць закупку хлеба для офіса.
«Калі выйграем грант, пачнем пячы хлеб ужо ў верасні», — кажа Павел Сяргееў. Ужо ёсць ахвотныя працаваць, але ўсё роўна будуць праводзіць конкурс супрацоўнікаў.
У пякарні будуць працаваць два тэхнолагі з досведам. Яны наладзяць тэхналагічны працэс і будуць дапамагаць людзям з інваліднасцю.
Каб пякарня выйшла на самазабеспячэнне, трэба выпякаць і рэалізоўваць 200 боханаў хлеба на дзень або 6000 боханаў на месяц. Сабекошт буханкі хлеба на натуральнай заквасцы — каля 4 рублёў. Каб зарабіць неабходную на ўтрыманне цэнтра суму, хлеб будуць аддаваць за ахвяраванне ў 6−7 рублёў. «На гэтыя грошы мы зможам утрымліваць цэнтр, плаціць зарплату работнікам і спецыялістам, якія будуць працаваць з людзьмі з інваліднасцю».
«Мы будзем аддаваць хлеб за ахвяраванне праз праваслаўныя, каталіцкія, лютэранскія храмы і пратэстанцкія абшчыны. Потым, магчыма, мы зможам выйсці на ўзровень работы з фірмамі. А можа, атрымаецца арандаваць нейкія кропкі ў гандлёвых залах», — кажа Павел Сяргееў.
Атрымаць хлеб за ахвяраванне зможа любы ахвотны.
Недалёка ад пякарні ёсць чатыры дзіцячыя дамы сямейнага тыпу на Валковіча. «Мы плануем, што частку хлеба зможам перадаваць дзіцячым дамам. Таксама будзе для іх такая дапамога».
Вырашылі рабіць хлеб, бо гэта прадукт сталага, а не разавага попыту. Назва пякарні «Пчала», бо пчала — сімвал працавітасці і карыснасці.
«Як сказаў святы Паісій Святагорац, людзі дзеляцца на дзве катэгорыі: мухі і пчолы. Муха пралятае праз усё прыгожае поле паблізу кветак і садзіцца на тое, што дрэнна пахне. А пчала, наадварот,
праляціць 10 км і сядзе на самую прыгожую кветку, нават калі вакол можа быць нейкі сметнік».
У першую чаргу ў інклюзіўнай пякарні плануюць рабіць хлеб і прасфоры для цэркваў. У будучыні - печыва і булачкі, а калі атрымаецца пашырыцца, то і кандытарскія вырабы. Айцец Павел марыць, каб зрабіць побач з пякарняй веранду, дзе можна будзе пасядзець і выпіць кавы. Ён нават назву для кафэ прыдумаў - «Млын».
Бо тут ён сапраўды раней быў.
Ёсць шмат людзей з інваліднасцю, якія прайшлі навучанне «Інклюзіўны барыста». «Яны хочуць варыць каву, а мы хочам даць ім магчымасць».
«Грамадства не заўважае людзей з інваліднасцю. Яно кажа: людзі з інваліднасцю такія бездапаможныя, такія бездапаможныя, іх можна толькі пашкадаваць. А мы кажам: не, людзі з інваліднасцю — гэта паўнавартасныя чальцы грамадства, яны карысныя.
Я спадзяюся, што з кожным з’едзеным хлебам у грамадстве будзе павышацца ступень прыняцця і разумення карыснасці людзей з інваліднасцю. Гэта таксама такая місія важная, якую мы нясем".
Вы можаце падтрымаць праект, пералічыўшы якую-небудзь суму.
Чытайце таксама:
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…