Трохпавярховы дзіцячы садок пабудуюць на пустым участку па вул. Віктара Глухава – спецыялісты распрацоўваюць праектную дакументацыю і праводзяць пошукавыя работы.
Якім будзе садок?
Будынак садка зробяць з асобных функцыянальных блокаў, злучаных паміж сабой калідорамі, усходамі і ліфтам. Абсталююць пакоі для гуртоў, музычныя і гімнастычныя залы, а таксама камп’ютарны, сэнсарны і творчы пакоі. Прадугледжана работа харчовага і медыцынскага блокаў, а таксама пральні.
На тэрыторыі садка зробяць некалькі пляцовак: фізкультурныя, з ценявымі навесамі, а таксама зону для вывучэння ПДР.
Галоўная асаблівасць дзіцячага сада – для гатавання ежы, гарачага водазабеспячэння і ацяплення будуць выкарыстоўваць электраэнергію.
Сад разлічаны на 350 дзяцей. Мяркуючы па ўсім, ён стане другім па велічыні ў раёне Грандзіч: раней садок на 355 чалавек адкрылі восенню 2024 года — установа лічыцца самай вялікай у вобласці.
Улады не хацелі будаваць сад у Грандзічах, але перадумалі
У студзені 2026 чыноўнікі выказваліся аб будаўніцтве дзіцячага сада ў Грандзічах. Тады старшыня Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Хмель адзначаў, што бюджэтныя сродкі лепш патраціць на аднаўленне ўжо існуючых садоў, чым будаваць яшчэ адзін у мікрараёне.
Ідэю з мадэрнізацыяй старых садкоў падтрымліваў і намеснік старшыні Гродзенскага гарвыканкама Віталь Мамачкін. А дэпутат Сяргей Мазайла ўвогуле прапаноўваў бацькам адвозіць дзяцей у цэнтральныя сады раніцай, а пасля – “няспешна з працы забіраць” і вяртацца разам дадому.
У лютым Андрэй Хмель паведаміў, што праекты сярэдняй школы і дзіцячага сада ў Грандзічах усё ж распрацуюць. Установы адукацыі плануюць пабудаваць да верасня 2028 года.
Чытайце таксама: На Таўлая можа з’явіцца жылы квартал з каскаднай забудовай і віламі. Праект прапануюць абмеркаваць




