Інтэрнэт-рэсурсы AutoGrodno.by і іх лагатыпы прызналі экстрэмісцкімі матэрыяламі паводле рашэння суда Ленінскага раёна Гродна ад 24 лістапада 2026 года. У пералік трапілі сайт праекта, акаўнты ў Instagram, TikTok і «ВКонтакте», каналы і чаты ў Telegram і Viber, а таксама YouTube-канал. Пра гэта паведаміў Гродзенскі гарвыканкам.
Раней «Гродненская правда» паведаміла пра прызнанне экстрэмісцкімі матэрыяламі Instagram-акаўнта AutoGrodno.by. Пры гэтым у публікацыі выдання гаварылася, што падчас праверкі старонкі выявілі яе сувязь з іншымі інтэрнэт-рэсурсамі праекта.
У канцы матэрыялу згадвалася, што «падчас агляду Instagram-акаўнта „AutoGrodno.by“ выяўлена яго ўзаемасувязь з інтэрнэт-сайтам autogrodno.by і іншымі акаўнтамі ў сацыяльных сетках „Tik-Tok“ і „ВКонтакте“, месенджарах „Viber“ і „Telegram“, відэахостынгу „Youtube“. Рашэннем суда Ленінскага раёна г. Гродна ад 24 лістапада 2026 года дадзеныя інтэрнэт-рэсурСЫ (вылучэнне Hrodna.life), а таксама іх лагатыпы прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі».
З публікацыі было незразумела, ці азначае гэта, што пад рашэнне трапілі ўсе пералічаныя пляцоўкі або толькі Instagram-акаўнт AutoGrodno.by. Пазней Гродзенскі гарвыканкам пералічыў усе рэсурсы, на якія распаўсюджваецца рашэнне суда.
AutoGrodno папрасіла падпісчыкаў адпісацца ад сваіх каналаў
У сваім Telegram-канале AutoGrodno таксама пракаментавала рашэнне суда. Там паведамілі, што 24 лістапада Ленінскі суд Гродна прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі інтэрнэт-рэсурсы AutoGrodno, а таксама іх лагатыпы. Прычынай стала тое, што ў Instagram-акаўнце рэсурсу выявілі інфармацыйную прадукцыю, унесеную ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
У AutoGrodno заявілі, што высвятляюць падрабязнасці і спадзяюцца ліквідаваць недахоп, каб аднавіць працу рэсурсу. Пакуль гэтага не адбылося, каманда папрасіла падпісчыкаў адпісацца ад яе каналаў, каб не падвяргаць іх рызыцы.
Таксама ў AutoGrodno папярэдзілі, што экстрэмісцкім матэрыялам прызнаны і лагатыпы праекта. Таму падпісчыкаў папрасілі праверыць рэчы з іх выявай — узнагароды, кубкі, футболкі, бэйджы, карткі і нумарныя рамкі на аўтамабілях.
У сваім звароце каманда нагадала, што AutoGrodno працуе ўжо 20 гадоў, праводзіла аўтамабільныя фестывалі SunDay і «Лакацыя», а таксама займалася пытаннямі бяспекі дарожнага руху ў Гродне. Напрыканцы публікацыі прадстаўнікі рэсурсу падзякавалі чытачам і паведамілі, што на пэўны час прыбіраюць назву і лагатыпы AutoGrodno з сацыяльных сетак.
На Instagram AutoGrodno падпісаныя 92,5 тысячы чалавек
Па стане на 24 лістапада на Instagram-акаўнт AutoGrodno.by падпісаныя каля 92,5 тысячы карыстальнікаў. Прызнанне старонкі экстрэмісцкімі матэрыяламі можа мець наступствы для яе аўдыторыі.
У Беларусі людзей прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасці паводле артыкула 19.11 КаАП за распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў. У практыцы пераследу падставай для адміністрацыйных спраў станавіліся, у тым ліку, падпіскі на такія рэсурсы, лайкі і каментарыі.



