Пракуратура Гродзенскай вобласці праверыла, як у школах і ўстановах спецыяльнай адукацыі арганізавана харчаванне. Пракуроры выбарачна наведалі 93 установы – парушэнні выявілі ў 86 з іх. У дзвюх школах выявілі, што работнікі харчаблокаў кралі прадукты.

Сок быў пратэрмінаваны яшчэ летась

У сямі школах пракуроры выявілі прадукты са скончаным тэрмінам прыдатнасці, у шасці – з прыкметамі недабраякаснасці.

Напрыклад, на харчаблоку адной са школ Воранаўскага раёна захоўвалася 12 л соку – яго тэрмін прыдатнасці скончыўся ў 2025 годзе. Таксама выявілі восем літраў кававага напою, прыдатнага да лютага 2026 года.

10 вёдраў нераспакаванай дэсертнай пасты і масла ў асабістых рэчах супрацоўнікаў

У дзвюх школах Гродна работнікі харчаблокаў кралі прадукты: яйкі, сыр, яблычны сок, смятана і раслінны алей знаходзіліся ў асабістых рэчах і шафках для захоўвання. Акрамя таго, у кантэйнеры для ўтылізацыі адходаў на тэрыторыі адной са школ выявілі 10 вёдраў дэсертнай пасты і 20 кг напою «Восеньскі» у пакаванні вытворцы.

Пракурор Гродна даручыў пачаць адміністрацыйны працэс па арт. 11.1 (дробны крадзеж) у дачыненні да вінаватых.

Пракуроры таксама зафіксавалі выпадкі невыканання тэхналогіі прыгатавання ежы і неадпаведнасці вагі порцый нормам меню. У адной з сельскіх школ Зэльвенскага раёна недавага салаты на другі сняданак перавысіла 20% ад нормы дзённага меню.

У некаторых установах няправільна арганізоўвалі дыетычнае харчаванне і не заўсёды праводзілі паўнавартасную арганалептычную ацэнку (экспертыза якасці прадукта з дапамогай органаў пачуццяў чалавека) гатовых страў перад выдачай.

У 12 установах супрацоўнікі не выконвалі правілы асабістай гігіены

У адной са школ Гродна знайшлі парушэнні пры арганізацыі прывазнога харчавання: прадпрыемства завезла прадукты з адхіленнем ад графіка. З-за гэтага збіўся рэжым харчавання і дзённага сну ў прадлёнцы, старшакласнікі ў той дзень не атрымалі полднік.

Акрамя таго, у 20 установах выявілі неналежны санітарны стан памяшканняў харчаблокаў і абсталявання, а ў 12 – незахаванне работнікамі правілаў асабістай гігіены.

Па выніках праверак пракуроры Гродзеншчыны ўнеслі 15 прадстаўленняў, у дачыненні да 14 асоб ініцыяваны адміністрацыйны працэс.

Чытайце таксама: У Грандзічах з’явіцца новы дзіцячы садок – ён разлічаны на 350 дзяцей