У Гродне з 11 лістапада пачалі тэставаць аплату праезду банкаўскімі карткамі ў тралейбусах маршруту № 23. Разлічыцца можна карткай або смартфонам з NFC. Пакуль сістэма працуе з перабоямі, а пасажыры абмяркоўваюць, як пацвярджаць аплату кантралёрам і ці можна купіць некалькі білетаў адной карткай.
Як павінна працаваць аплата
Як паведаміў аўтобусны парк, для аплаты дастаткова прыкласці бескантактавую банкаўскую картку або смартфон з NFC да валідатара. Пакуль аплату тэстуюць у тралейбусе на маршруце № 23, а ў далейшым сістэму плануюць запусціць на ўсіх маршрутах. Сэрвіс «Белкарт Pay» часова не падтрымліваецца.
У аўтапарку папярэдзілі, што падчас тэставання магчымыя тэхнічныя затрымкі і памылкі абсталявання. Пра праблемы пасажыраў просяць паведамляць па нумары +375 (33) 622-24-74.
«Тэставанне дапаможа нам адладзіць сістэму перад маштабным запускам на ўсіх маршрутах», — патлумачылі на прадпрыемстве.
Падчас праверкі ў TikTok ніводная картка не спрацавала
У TikTok-акаўнце zatestil_grodno паспрабавалі аплаціць паездку ў тралейбусе банкаўскімі карткамі. Але ніводная з картак не спрацавала.
Пры гэтым у каментарах ёсць паведамленне пра паспяховую аплату. Адзін з карыстальнікаў напісаў, што змог разлічыцца карткай Альфа-Банка з тэлефона праз дадатак Swoo.

Як даказаць кантралёру, што праезд аплочаны
У каментарах да роліка ў гродзенцаў узніклі пытанні пра праверку аплаты.
«А калі кантроль, як даказаць, што аплаціў? Калі ў чалавека няма СМС», — спытаў адзін з каментатараў.
Іншы ўдзельнік абмеркавання напісаў, што падчас праверкі тэрмінал пераводзяць у рэжым кантролю. Паводле яго слоў, пасажыр прыкладвае картку, і прылада паказвае, ці быў аплочаны праезд. Яшчэ адзін карыстальнік сцвярджае, што ў кантралёра для гэтага ёсць асобная прылада.
Пасажыры таксама пытаюцца, ці можна разлічыцца адной карткай за некалькіх чалавек.
«А калі трэба, напрыклад, таксама аплаціць за роднага чалавека, але ў цябе толькі адна картка?» — напісаў каментатар.
Парадак праверкі аплаты і магчымасць купіць некалькі білетаў адной карткай у аб’яве аўтапарка пакуль не ўдакладнялі.
Электронныя праязныя ў Гродне запрацавалі ў студзені
У Гродне ўжо працуе сістэма электронных праязных са студзеня 2026 года. На закупку 100 тысяч бескантактавых смарт-картак патрацілі 20 тысяч рублёў з абласнога бюджэту.
Тады гродзенцы крытыкавалі новаўвядзенне — пыталіся, навошта ўводзіць асобныя смарт-карткі, калі нельга разлічыцца звычайнай банкаўскай карткай. Таксама гараджан здзіўляла, што папоўніць праязны можна было толькі ў двух пунктах — на вуліцы Перамогі, 16 і праспекце Касманаўтаў, 66.
У Беларусі рыхтуюць адзіную сістэму аплаты
Пры гэтым у 2027 годзе ва ўсіх рэгіёнах Беларусі плануюць укараніць адзіную сістэму аплаты праезду. Пасажыры змогуць разлічвацца талончыкамі, банкаўскімі карткамі або праз мабільныя дадаткі.
На базе працэсінгавага цэнтра «Мінсктранса» створаць адзіны цэнтр выпуску электронных білетаў. У ведамстве тлумачаць неабходнасць агульнай платформы тым, што існуючыя плацежныя сэрвісы не заўсёды сумяшчальныя паміж сабой. Для запуску спатрэбіцца абнавіць абсталяванне і падключыць перавозчыкаў да сістэмы.
Паралельна Мінтранс распрацоўвае інфармацыйную сістэму для прыгарадных і міжгародніх перавозак. Яна аб’яднае звесткі пра маршруты, рэйсы і свабодныя месцы.
Праграмнае забеспячэнне плануюць падрыхтаваць да канца 2026 года, а з 1 лютага 2027-га аператары і перавозчыкі змогуць уносіць даныя.



