На аўкцыён выставілі фота гродзенскай футбольнай каманды WKS Grodno, зробленае да 1939 года. Кошт здымка – 2000 злотых (1490 руб.). Журналіст і краязнаўца Руслан Кулевіч на сваёй Facebook-старонцы звярнуўся да ўсіх неабыякавых – просіць дапамагчы ў зборы грошай, каб выкупіць унікальны здымак.

«Зараз на польскім аўкцыёне прадаецца ўнікальны фотаздымак даваеннай гродзенскай футбольнай каманды WKS Grodno. За яго просяць 2000 злотых! Гэта вельмі вялікія грошы за адну фатаграфію. На жаль, сам я не магу дазволіць сабе такую пакупку. Але і проста прайсці міма таксама не магу», — напісаў журналіст. 

Руслан Кулевіч дадаў, што не абавязкова ахвяраваць буйную суму – “нават невялікая падтрымка наблізіць да мэты”. Журналіст адзначае, што калі атрымаецца выйграць на аўкцыёне, ён апублікуе здымак у добрай якасці і раскажа яго гісторыю.

Палова ад неабходнай сумы – 1000 злотых, – ужо сабрана. Данаты скідваюць беларусы і палякі.

Гродзенцы хочуць выкупіць з аўкцыёну даваенны здымак футбольнай каманды WKS Grodno
Каманда WKS Grodno. Архіў Hrodna.life

Чаму здымак такі важны для гісторыі даваеннага Гродна?

На фатаграфіі адлюстраваны гродзенскія футбалісты, якія адыгралі матч у горадзе ў 1920-я гады. Спартсмены выступалі за клуб WKS Grodno — прадстаўлялі 76-ы лідскі пяхотны полк імя Людвіга Нарбута, а пасля і цэлы гарнізон.

Большасць гульцоў былі ваеннымі афіцэрамі, таксама ў склад уваходзіла некалькі студэнтаў і фізічных працоўных. Вялікі ўпор рабілі на развіццё і падрыхтоўку юніёраў.

З 1929 года клуб удзельнічаў у спаборніцтвах польскай раённай лігі Беластока класа А. У гэтых спаборніцтвах WKS Grodno перамог восем разоў.

Клуб спыніў сваё існаванне ў верасні 1939 гады, калі пачалася Другая сусветная вайна.

Навошта краязнаўцу гэты здымак?

Руслан Кулевіч дакументуе гісторыю даваеннага Гродна: збірае архіўныя фота, шукаючы іх на аўкцыёнах, а таксама інтэрв’юе мясцовых жыхароў. Журналіст выдаў некалькі кніг, прысвечаных успамінам гродзенцаў 1920–1940-х гадоў.

«Для мяне гэта не проста стары здымак. Гэта частка гісторыі нашага горада, якую вельмі хочацца захаваць», — апісвае каштоўнасць здымка Руслан Кулевіч.

Чытайце таксама: Вяселле ў час акупацыі: вясельныя фотаздымкі гродзенцаў часоў вайны паказаў Руслан Кулевіч