У Гродне шукаюць арандатара для гістарычнага будынка ў самым цэнтры горада — так званай Баторыеўкі на вуліцы Карла Маркса, 1. У арэнду прапануюць увесь дом плошчай 1717,1 кв. м. Дагавор плануюць заключыць на тры гады. Аўкцыён па продажы права заключэння дагавора арэнды прызначаны на 28 ліпеня.
Умовы арэнды
Пераможцу аўкцыёну трэба будзе спачатку прывесці будынак у парадак. Пры неабходнасці арандатар павінен распрацаваць праект капітальнага рамонту або рэканструкцыі, узгадніць яго, выканаць усе работы за свой кошт і падключыць аб’ект да інжынерных камунікацый. Гэты праект неабходна падрыхтаваць на працягу года пасля заключэння дагавора арэнды, а завяршыць работы — не пазней чым праз два гады.
Выкарыстоўваць будынак можна практычна для любых відаў дзейнасці. Пад забаронай рэстараны, кафэ ці бары, ігральныя ўстановы, рытуальныя паслугі, сэканд-хэнд, стокі і камісійныя крамы. Іншыя віды дзейнасці неабходна ўзгадняць з арандадаўцам.
Баторыеўка — палац, які быў каралеўскай рэзідэнцыяй
Будынак на вуліцы Карла Маркса, 1 — адзін з найстарэйшых свецкіх помнікаў архітэктуры Гродна, які мае статус аб’екта міжнароднага значэння. Узведзены ў другой палове XVII стагоддзя як палац магнацкага роду Сапегаў, у пачатку XVIII стагоддзя ён быў перабудаваны пад рэзідэнцыю караля Рэчы Паспалітай Аўгуста II Моцнага для правядзення гродзенскіх сеймаў. У палацы знаходзіліся Вялікая зала для ўрачыстых прыёмаў, Сенатарская комната, каралеўская спальня, кабінет, гардэробныя і памяшканні канцлера.
Драўляныя пераходы злучалі палац з палацам Сапегаў, дзе засядалі Сенат і Пасольская ізба, а таксама з Фарным касцёлам. Пазней, пасля пераносу сеймаў у Новы замак, пераходы разабралі, а сам будынак неаднаразова мяняўся па прызначэнні.
Тут размяшчаліся дзяржаўныя ўстановы, гасцініцы «Цэнтральная» і «Брыстоль», крамы, банк, майстэрні і прыватная гімназія, дзе вучылася пісьменніца Зоська Верас. У міжваенны перыяд гісторык Юзаф Ядкоўскі прапаноўваў размясціць тут гарадскі магістрат, аднак гэты праект так і не быў рэалізаваны.
Чаму палац называюць Баторыеўкай
Народная назва «Баторыеўка» замацавалася за аб’ектам з-за легенды пра тое, што менавіта тут у 1586 годзе правялі першае ва Усходняй Еўропе анатамічнае ўскрыццё караля Стэфана Баторыя. Сучасныя даследаванні гэтую версію не пацвярджаюць, аднак назва настолькі ўкаранілася, што захавалася да нашых дзён.
Больш за тое, на ахоўнай шыльдзе будынак да гэтага часу пазначаны як «Дом караля Стэфана Баторыя», што нярэдка ўводзіць турыстаў у зман, распавядае Telegram-канал “Hrodna 11:27”. Пры гэтым гісторыкі не выключаюць, што самая ранняя пабудова на гэтым месцы сапраўды магла існаваць яшчэ ў часы праўлення Баторыя.
Падчас Другой сусветнай вайны паўднёвая частка палаца была разбурана і пасля разабрана. Пасля вайны ў будынку працавалі чыгуначная школа, дзіцячы сад. У падвалах будынка шмат гадоў знаходзілася анатамічная экспазіцыя гродзенскага медуніверсітэта.



