У Гродне з 9 кастрычніка пачынаюць падаваць цяпло ў жылыя дамы і інтэрнаты. Рашэнне прынялі праз далейшае зніжэнне тэмпературы паветра, паведаміў гарвыканкам. У Threads ужо некалькі дзён гараджане абмяркоўвалі холад у кватэрах і спрачаліся, ці пара ўключаць батарэі.

У школах і дзіцячых садках цяпло пачалі падаваць раней

Акрамя жылфонду, з 9 кастрычніка ацяпленне пачынаюць уключаць ва ўстановах адукацыі, тэатрах і агульнагарадскіх лазнях.

Ацяпляльны сезон у горадзе стартаваў 6 кастрычніка з аб’ектаў першай чаргі: дзіцячых садкоў, школ, медыцынскіх і сацыяльных устаноў, музеяў, бібліятэк і гасцініц. Рашэнне аб уключэнні ацяплення там прымалі кіраўнікі ўстаноў.

Пры тэмпературы вонкавага паветра вышэй за +10°C памяшканні ацяпляюць у рэжыме прапальвання. Як патлумачылі ў гарвыканкаме, гэта дазволіць аператыўна рэгуляваць падачу цяпла і не дапускаць перагрэву.

«Хоць бы сон быў прарочы»: як гродзенцы чакалі ацяплення

Пытанне аб уключэнні ацяплення гродзенцы абмяркоўвалі ў Threads яшчэ 1 кастрычніка. Адна з гродзенак пісала, што шукала інфармацыю аб уключэнні ацяплення на сайтах і ў службе 115, але не знайшла адказу. Паводле яе слоў, у кватэры было вельмі холадна, а паколькі яна працуе дома, камфортная тэмпература для яе асабліва важная.

Некаторыя каментатары падтрымлівалі яе і прызнаваліся, што таксама чакаюць цяпла. Іншыя прасілі ў першую чаргу ўключыць ацяпленне ў дзіцячых садках.

У іншай галінцы карыстальнік скардзіўся, што нават з адрэгуляванымі вокнамі дом за ноч астывае і раніцай цяжка ўставаць. Ён пытаўся, чаму ў Мінску жылыя дамы ўжо ацяпляюць, а ў Гродне — яшчэ не. Гэтая галінка сабрала больш за 2,5 тысячы праглядаў. Людзі спрачаліся пра тэмпературу на вуліцы, хтосьці казаў, што дома горача.

Хтосьці здзіўляўся: «Пры +5 дом прамярзае? Кардонны?»

Чаканне цяпла трапляла нават у сны. У яшчэ адной галінцы з’явілася паведамленне: «Прыснілася, што сёння ў Гродне ўключаюць ацяпленне». «Хоць бы сон быў прарочы», — адказала карыстальніца. Іншая ўдзельніца абмеркавання скардзілася на дажджы і надвор’е, праз якое не хочацца выходзіць з дому.

Аднак холадна было не ўсім. Некаторыя ўдзельнікі абмеркаванняў расказвалі, што ў іх кватэрах нават горача.

«У нас што ўдзень, што ўначы ў кватэры цяпер +24. Уключылі б ацяпленне — давялося б краны на батарэях закручваць або адчыняць вокны насцеж, але пры гэтым плаціць за ацяпленне цалкам дарэмна. Так што добра, што не ўключаюць раней часу. А калі ў доме сцены з фанеры або стаяць старыя савецкія вокны замест шклопакетаў, як часам дагэтуль бачу, — ну дык асабістую батарэю (абагравальнік) можна ж уключыць», — напісаў адзін з карыстальнікаў.

На 9 кастрычніка абвясцілі аранжавы ўзровень небяспекі

Паводле звестак Белгідрамета, на 9 кастрычніка ў Гродзенскай вобласці абвешчаны аранжавы ўзровень небяспекі. Раніцай і ўдзень на большай частцы тэрыторыі прагназуецца ўзмацненне заходняга ветру з парывамі да 15–20 м/с.

У самім Гродне 9 кастрычніка чакаюцца дажджы і каля +12°C удзень. На выхадных дзённая тэмпература складзе +13…+14°C: у суботу прагназуюць воблачнае надвор’е, у нядзелю — дажджы. Мінімальная тэмпература ў найбліжэйшыя дні — ад +4 да +9°C.