У Гродне на аўкцыёне прадалі права арэнды пяці зямельных участкаў на Вялікай Траецкай. Два прызначаныя для турыстычных аб’ектаў, яшчэ тры — для будынкаў грамадскага прызначэння. За ўсе ўчасткі інвестары заплацілі агулам 924,9 тыс. рублёў, а два найбольш запатрабаваныя лоты падчас таргоў падаражэлі амаль у восем разоў.

Аўкцыён адбыўся 29 верасня. Пра яго вынікі паведаміў сайт MyRealtor.by. Усе пяць участкаў перадаюць інвестарам у арэнду на 50 гадоў.

Два ўчасткі каля сінагогі — пад турыстычныя аб’екты

Для развіцця турыстычнай інфраструктуры прызначаныя два ўчасткі непадалёк ад Вялікай харальнай сінагогі — на Вялікай Траецкай, 53 і 59Б. Участак №53 знаходзіцца паміж сінагогай і будынкам медцэнтра «Лодэ» на Вялікай Траецкай, 51. На гэтых тэрыторыях дазволена размяшчаць гасцініцы і іншыя аб’екты размяшчэння, установы грамадскага харчавання і гандлю, а таксама фізкультурна-аздараўленчыя аб’екты.

За ўчастак на Вялікай Траецкай, 53 плошчай каля 15 сотак заплацілі 179 700 рублёў. Падчас аўкцыёну яго кошт вырас прыкладна ў 3,5 раза ў параўнанні са стартавым.

Участак №59Б плошчай каля пяці сотак знаходзіцца побач з Вялікай харальнай сінагогай, адрас якой — Вялікая Траецкая, 59А. Права яго арэнды прадалі за 22 800 рублёў. Выніковы кошт толькі нязначна перавысіў пачатковы.

Два ўчасткі падаражэлі амаль у восем разоў

Яшчэ тры ўчасткі на Вялікай Траецкай прызначаныя для будаўніцтва аб’ектаў грамадскага прызначэння. Там могуць з’явіцца адміністрацыйныя і гандлёвыя памяшканні, установы грамадскага харчавання, медыцынскія або сацыяльныя аб’екты.

Самымі дарагімі сталі ўчасткі №47А і 55А. Першы пры пачатковай цане 41,3 тыс. рублёў прадалі за 329,7 тыс. рублёў, другі падаражэў з 38,7 тыс. да 309,5 тыс. рублёў. У абодвух выпадках выніковая цана аказалася амаль у восем разоў вышэйшай за стартавую.

Трэці ўчастак, №55, прадалі за 83,2 тыс. рублёў — больш чым утрая даражэй за пачатковую цану ў 24,4 тыс.

Усяго права арэнды пяці ўчасткаў на Вялікай Траецкай прадалі за 924,9 тыс. рублёў. Хто ўдзельнічаў у аўкцыёне і набыў права арэнды ўчасткаў, не ўдакладняецца.

Калі павінны пачаць будаўніцтва

На працягу двух гадоў пасля дзяржаўнай рэгістрацыі ўчасткаў інвестары павінны распрацаваць і зацвердзіць праектную дакументацыю. Пасля яе зацвярджэння будаўнічыя работы неабходна пачаць на працягу шасці месяцаў.

Інвестарам таксама трэба будзе забяспечыць аб’екты інжынернымі камунікацыямі і ўдзельнічаць у развіцці неабходнай транспартнай і інжынернай інфраструктуры.

Усе пяць участкаў знаходзяцца ў зоне аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, а таксама ў водаахоўнай зоне. Таму пры праектаванні і будаўніцтве неабходна ўлічваць абмежаванні, якія дзейнічаюць на гэтых тэрыторыях.

Інвестараў для Вялікай Траецкай шукалі і раней

Пра планы знайсці інвестараў для забудовы Вялікай Траецкай гаварылі і раней. Напрыклад, у пачатку мінулага года ішла гаворка пра тры ўчасткі: паміж дамамі №51 і 57, за Вялікай сінагогай і за домам №51. Іх збіраліся выставіць на аўкцыён пасля вывучэння попыту.

На гэтых тэрыторыях прапаноўвалі размясціць аб’екты грамадскага прызначэння — напрыклад, клініку, установу навукі або культуры, краму, гандлёвы цэнтр, установу грамадскага харчавання або аб’ект бытавога абслугоўвання.

Частка тэрыторыі Вялікай Траецкай адносіцца да гістарычнага раёна Школьны двор. Пры праектаванні новай забудовы інвестары павінны былі ўлічваць гісторыка-бібліяграфічныя і архіўныя матэрыялы, каб захаваць гістарычную планіроўку вуліцы.

На Вялікай Траецкай могуць з'явіцца гасцініцы, кавярні і крамы. Пяць участкаў прадалі на аўкцыёне
Участак за будынкам №51. Крыніца: gcn.by

Туркомплекс тут хацелі пабудаваць яшчэ ў 2021 годзе

Участкам паміж дамамі №51 і 57 гарадскія ўлады займаліся яшчэ ў 2021 годзе. Тады з дапамогай інвестараў планавалі аднавіць два страчаныя будынкі.

Адзін з іх меркавалася зрабіць двухпавярховым. У ім маглі размясціцца гатэль, офісы, медыцынскі цэнтр або гандлёвы аб’ект. Другі будынак планавалі зрабіць трохпавярховым з мансардай. Там разглядалі стварэнне турыстычнага комплексу з гатэлем, СПА, установай грамадскага харчавання і іншымі аздараўленчымі паслугамі.

Планы былі і на тэрыторыю за Вялікай сінагогай. Там збіраліся аднаўляць гістарычны квартал яўрэйскай забудовы XVI стагоддзя — Школьны двор. Першы дом планавалі пачаць будаваць яшчэ ў 2023 годзе, а паводле дэтальнага плана развіцця гістарычнага цэнтра Гродна аднаўленне страчанай забудовы квартала разлічвалі завяршыць да 2025 года.