У верасні 2026 года павінен быў з’явіцца зацверджаны праект рэстаўрацыі слонімскай сінагогі. Будынак узвялі яшчэ ў 1642 годзе – ён прызнаны помнікам архітэктуры. Пры гэтым адрэстаўраваць сінагогу спрабавала ўжо некалькі былых уладальнікаў.

Хто цяпер займаецца рэстаўрацыяй сінагогі?

Аднаўленнем старажытнай сінагогі ў Слоніме займаецца праектная арганізацыя ТАА «ТапазЗахадІнжынірынг». У траўні 2026 года слонімскі райвыканкам правёў сустрэчу з дырэктарам кампаніі Дзмітрыем Волчакам. Арганізацыя падала чыноўнікам дакументацыю. Таксама на сустрэчы адзначылі, што “комплекс навукова-даследчых работ, накіраваных на захаванне помніка архітэктуры” ўжо праведзены.

Завяршэнне праектавання і ўзгаднення дакументацыі з Мінкультам запланавалі на верасень 2026 года.

Да якога выніку прыйшлі рэстаўратары?

У канцы верасня 2026 гараджане пацікавіліся, якое рашэнне вынесенае адносна сінагогі. У прыватнасці іх хвалявала, чаму да гэтага часу не прадастаўлены абяцаны праект па рэстаўрацыі сінагогі, ці пройдзена дзяржбудэкспертыза і ці ўзгоднена дакументацыя з Мінкультам.

Таксама цікавіліся, чаму будынак не закансерваваны і ці плануюць уладальнікі да наступлення маразоў схаваць контуры будынка. «Каб спыніць знішчэнне аўтэнтычных фрэсак XVII стагоддзя ад волкасці і навалы птушак за ўсталяваным дэкаратыўным плотам з адной брамкай і без уязной брамы для транспарта», – растлумачылі жыхары Слоніма.

Адказ райвыканкама на запыт гараджан апублікаваў паблік slonim_live. Там гаворыцца, што працы па праектнай дакументацыі завершаны, а дазвол ад Мінкульта атрыманы. Праект знаходзіцца на ўзгадненні ў Гродзенскім аблвыканкаме.

Каму належыць будынак сінагогі і чаму рэстаўрацыю не пачалі раней?

У 2018 годзе выкупіць слонімскую сінагогу планаваў брытанскі Фонд яўрэйскай спадчыны. Прадстаўнікі арганізацыі ўнеслі сінагогу ў Слоніме ў спіс самых значных аб’ектаў яўрэйскай сусветнай спадчыны, якім патрэбна дапамога.

Першы раз улады выставілі сінагогу на аўкцыён у пачатку лета 2020 года. Помнік архітэктуры 1642 года пабудовы першапачаткова ацанілі ў 137 тыс. рублёў ($ 50 тыс. па тагачасным курсе). З траўня па снежань аб аўкцыёнах аб’яўлялася тройчы, але пакупнікоў усё не было. У выніку да апошніх таргоў сінагога патаннела да 27 тыс. рублёў.

У канцы 2020 года слонімскую сінагогу купіла дзіцячая пісьменніца Іаана Рыўз (Ілона Караваева) за 30 тыс. рублёў. Для гэтага яна прадала кватэру ў Мінску. Для пошуку сродкаў яна стварыла фонд «Ратуючы спадчыну». На рэканструкцыю спатрэбілася 164 тыс. рублёў – такіх грошай жанчына сабраць не змагла. У чэрвені 2022 года Караваева ліквідавала фонд. Аднаўленню сінагогі перашкодзілі санкцыі і вайна ва Украіне. Інвестараў або дзяржаўных праграм для падтрымкі праекта таксама не знайшлося. Слонімскі райвыканкам забраў сінагогу назад.

У траўні 2024 года будынак былой сінагогі ў Слоніме выкупіў дырэктар Расійскага акцыянернага таварыства “Агенцтва Развіцця Перспектыўных Тэхналогій” (АРПТ) Дзяніс Дудараў. Помнік архітэктуры абышоўся Дудараву ў 42 руб.

Чытайце таксама: У Слонімскім раёне прадаюць частку вёскі: шэсць дамоў можна купіць па 45 рублёў кожны