На раскопках у Карэліцкім раёне выявілі ўчастак са слядамі абарончай драўлянай сцяны гарадзішча XVI стагоддзя і згарэлымі бярвёнамі. Пра гэта археолагі расказалі ў Telegram-канале.
Навукоўцы вывучылі раней невядомыя канструктыўныя асаблівасці сцяны. Яна ўяўляла сабой два шэрагі ўкапаных вертыкальных слупоў на адлегласці 1,2 м адзін ад аднаго, паміж якімі закладваліся ў пазу (без зазораў) бервяна.



Археолагі і валанцёры працягваюць даследаваць “Замак Кміты” XVI стагоддзя – гарадзішча Беразавец каля гарадскога пасёлка Карэлічы Гродзенскай вобласці. Падчас папярэдніх раскопак знойдзены ўязная брама і мост на замак. Тэрыторыяй займаецца экспедыцыя Інстытута гісторыі НАН Беларусі пад навуковым кіраўніцтвам Наталлі Пачобут і Леаніда Калядзінскага.
Замак Кміты – гэта ўмоўная назва археалагічнага помніка XVI-XVII стагоддзяў і, размешчанага недалёка ад вёскі Беразавец у Карэліцкім раёне Гродзенскай вобласці. Лічыцца, што на гарадзішчы некалькі стагоддзяў таму размяшчаўся замак князя Кміты. Раней падчас раскопак тут знаходзілі ўнікальныя печкавыя кафлі.



