Польскія памежнікі КПП “Баброўнікі” сумесна з супрацоўнікамі мытнай службы выявілі ў аўто маркі Tesla 820 пачкаў цыгарэт без польскіх акцыз. Аказалася, што нелегальны тавар належаў беларусам – яны атрымалі забарону на ўезд у Польшчу.

Інцыдэнт адбыўся 24 лістапада ў гміне Саколы. Падчас надгляду тэрыторыі і легкавушкі маркі Tesla, якая знаходзілася там, пагранічнікі і супрацоўнікі мытна-падатковай службы знайшлі 820 пачкаў цыгарэт з беларускімі акцызамі, паведаміла Hrodna.life прэс-сакратарка Падляшскага аддзялення польскай пагранічнай службы Катажына Здановіч.

Кантрабанду схавалі ў спецыяльным адсеку побач з акумулятарам электрамабіля. Агульны кошт цыгарэт склаў каля 17 000 злотых (12,5 тыс. руб.).

Трох мужчын-беларусаў затрымалі з доказамі злачынства ў будынку гаспадарчай пабудовы — яны якраз прыехалі да Tesla, каб дастаць схаваныя цыгарэты.

Затрыманым прад’явілі абвінавачанні па крымінальна-працэсуальным кодэксе і законе аб спецыяльных мерах па супрацьдзеянні падтрымкі агрэсіі ва Украіне і абароне нацбяспекі.

Падчас крымінальнага разбору таксама канфіскавалі маёмасць падазраваных на агульную суму $2500 і 23 000 злотых, якую яны перавозілі. Tesla канфіскавалі як рэчавы доказ. 

Беларусы схавалі цыгарэты ў Tesla - іх выслалі з Польшчы і забаранілі ўезд у краіну на 7 гадоў
Tesla, у якой захоўвалі кантрабанду. Фота: Падляшскае аддзяленне польскай памежнай службы

Камандуючы памежпастом у Баброўніках вынес рашэнне ў дачыненні да трох беларусаў – мужчын абавязалі вярнуцца на радзіму і забаранілі ім паўторны ўезд у Шэнгенскую зону на тэрмін да сямі гадоў.

Чытайце таксама: Гродзенец 4 гады абяцаў дапамогу з афармленнем віз і пашпартоў — патрапіў на крыміналку