Больш за палову (55,6%) апытаных палякаў ставяцца да беларусаў, якія жывуць у Польшчы, станоўча. У Літве гэты паказчык крыху ніжэйшы — 41,9%. Сацыёлагі Інстытута палітычных даследаванняў “Палітычная сфера” вывучылі, як у суседніх краінах ставяцца да беларусаў.
У апытанні паўдзельнічала больш за тысячу рэспандэнтаў — даследаванне праводзілі пераважна анлайн, але таксама праводзілі тэлефонныя інтэрв’ю (200 званкоў).
Стаўленне да беларусаў: пераважна пазітыўнае
Паводле апытання, у Польшчы 49,8% рэспандэнтаў ставяцца да беларусаў, якія жывуць унутры сваёй краіны, станоўча. 17,6% – негатыўна. Амаль такі ж паказчык у Латвіі – 48,6%, негатыўна – 26,5%. У Літве і Украіне ацэнкі крыху ніжэй (37,2% і 35,6% адпаведна). Таксама сярод рэспандэнтаў з Украіны самы высокі паказчык негатыўнага стаўлення да беларусаў, якія пражываюць унутры краіны – 50,4%.
Таксама даследчыкі высветлілі, як жыхары Літвы і Польшчы ставяцца да беларусаў, якія жывуць у краінах рэспандэнтаў. Пазітыўна настроеныя 55,6% у Польшчы і 41,9% у Літве. Галоўнае адрозненне тычыцца негатыўных адзнак: у Польшчы іх 16,5%, тады як у Літве – 30,9%.
Беларусы як пагроза бяспецы краін
17,7% рэспандэнтаў з Польшчы лічаць, што беларусы, якія жывуць у гэтай краіне, уяўляюць пагрозу нацбяспецы. У Літве гэты паказчык вышэйшы – 25,5%.
І ў Польшчы, і ў Літве рашэнне дазволіць уезд беларусам у краіны пасля пратэстаў 2020 года ацэньваюць як пазітыўнае – 59,3% і 49,9% адпаведна. Няправільным рашэннем палічыла 19,8% палякаў і 27,1% літоўцаў.
Уклад беларусаў у эканоміку Польшчы “нязначны”
Сацыёлагі таксама ўдакладнілі ў жыхароў Польшчы, як яны ацэньваюць уклад беларусаў у развіццё эканомікі краіны: 32,3% выказаліся за “невялікі пазітыўны ўклад”, яшчэ 24,3% сказалі, што беларусы не ўплываюць, а 20% рэспандэнтаў не змаглі даць адказ.
Палітыка: Лукашэнка – нелегітымны прэзідэнт
Асобны раздзел даследавання прысвяцілі палітыцы. Паводле апытання, 47,3% рэспандэнта лічаць Аляксандра Лукашэнку нелегітымным прэзідэнтам.
Сярод польскіх удзельнікаў апытання 42,6% выказаліся за тое, што Беларусь – аўтарытарная краіна. У Літве гэты паказчык вышэйшы – 54%, а ва Украіне ўвогуле 58,3%.
Таксама Украіна лідзіруе на думку, што Беларусь – залежная краіна (81,6%). На другім месцы аказаліся адказы польскіх рэспандэнтаў – 69,4%.
Амаль палова польскіх удзельнікаў апытання – 44,9% – выступілі за тое, каб не развіваць актыўнага супрацоўніцтва з уладамі Беларусі ў эканамічна выгадных сферах. Яшчэ 20,7% выступілі за міжнародную ізаляцыю і санкцыі.
Сацыяльныя сувязі, якіх амаль няма
Асобны блок апытання прысвяцілі асабістым кантактам рэспандэнтаў з беларусамі. У Польшчы 85% апытаных за апошні год не падтрымлівалі кантактаў з беларускімі сваякамі, калегамі ці знаёмымі. У Літве – 87,6%, а ва Украіне – 92,5%.
Беларусы – асобная нацыя, але з гэтым згодны не ўсе
Таксама было пытанне аб нацыянальным складніку: 39,2% рэспандэнтаў згодныя са сцвярджэннем, што беларусы – асобная нацыя, а 35,4%, што адгалінаванне рускага народа. Яшчэ 5,9% польскіх рэспандэнтаў палічылі, што беларусы – адгалінаванне ад украінскага народа.
У Польшчы 45,9% удзельнікаў апытання лічаць, што палітычная і культурная спадчына Рэчы Паспалітай належыць выключна іх народу. У Літве – гэтае ж сцвярджэнне, толькі ў адносінах да ВКЛ, падтрымала 25,8%. Са сцвярджэннем, што спадчына належыць усім народам, якія там жылі, згодна 28,3% палякаў і 34,4% літоўцаў. Не змаглі адказаць 9,9% рэспандэнтаў з Польшчы і 20,7% з Літвы.
У 41,7% апытаных не выклікае эмоцый тое, што Адам Міцкевіч і Тадэвуш Касцюшка рэпрэзентуюцца ў тым ліку як беларускія культурныя дзеячы. У 23,2% польскіх рэспандэнтаў гэта выклікае хутчэй негатыўнае стаўленне, у 18,5% – рэзка негатыўнае. Хутчэй пазітыўна – 14,1%, а адназначна пазітыўна – 2,5%.
Самым вядомым беларускім дзеячам сярод польскіх рэспандэнтаў аказаўся Янка Купала, літоўскіх і ўкраінскіх — Кастусь Каліноўскі.
Чытайце таксама: Колькасць дзяцей у Гродзенскай вобласці змяншаецца



