ССярод абласных цэнтраў Беларусі Гродна апынуўся лідарам па колькасці сутачных кватэр на душу насельніцтва. У Гродне на працяглы тэрмін зараз здаюць 319 кватэр — гэта прыкладна адна кватэра на 1143 жыхары. Пры гэтым сутачных прапаноў у два разы больш: 660 кватэр, або адна на кожныя 552 жыхары.

Журналісты «Нашай Нівы» параўналі сітуацыю на рынку арэнды жылля ў абласных гарадах, выкарыстоўваючы даныя пляцоўкі Kufar. Аказалася, што ў турыстычных Гродне і Брэсце рынак кароткатэрміновай арэнды развіты значна мацней, чым у гарадах на ўсходзе краіны.

Для параўнання, у Брэсце на адну кватэру для сутачнай арэнды прыпадае 679 жыхароў, у Мінску — 1365, у Віцебску — 1242, а ў Магілёве — 1373 жыхары.

У цэнтры горада — кошты вышэйшыя

Для жыхароў гэта азначае меншы выбар жылля для доўгатэрміновай арэнды і больш высокія кошты. Асабліва заўважна гэта ў цэнтральных раёнах Гродна, дзе традыцыйна аддаюць перавагу спыняцца турысты.

У цэнтры горада аднапакаёвых кватэр для доўгатэрміновай арэнды няшмат, а кошт арэнды часта складае $425–460 за месяц.

Падобная сітуацыя назіраецца і ў Брэсце, дзе зараз здаюць 551 кватэру пасутна і толькі 296 — на працяглы тэрмін.

У Віцебску і Магілёве — сітуацыя іншая

У той жа час у Віцебску доўгатэрміновая арэнда, наадварот, пераважае: 351 кватэра супраць 288 сутачных. У Магілёве паказчыкі амаль зраўняліся — 297 кватэр здаюцца на доўгі тэрмін і 257 — на кароткі.

Розніца заўважная і ў сегменце аднапакаёвых кватэр. Калі ў Віцебску на момант даследавання здавалася 174 такія кватэры на працяглы тэрмін, то ў Гродне — толькі 101. Пры гэтым кошт арэнды ў Гродне прыкладна на $70 вышэйшы.

Праз такую сітуацыю жыхары Гродна рэгулярна скардзяцца ў сацыяльных сетках на высокія кошты і складанасці з пошукам жылля для арэнды кватэры надоўга.


Гродна застаецца папулярным кірункам для турыстаў. Гасцей прывабліваюць гістарычны цэнтр, архітэктура старога горада і вялікая колькасць прагулачных маршрутаў. На мінулыя майскія святы Гродна стаў лідарам сярод абласных цэнтраў па колькасці прапаноў для кароткатэрміновай арэнды.