У Гродне працягваецца падрыхтоўка да рэканструкцыі набярэжнай Нёмана. Інстытут «Гроднаграмадзянпраект» накіраваў на дзяржаўную экспертызу праект першай чаргі яе капітальнага рамонту і добраўпарадкавання.
Праект падзелены на тры этапы. Першая чарга ахоплівае ўчастак ад Каложскай царквы да месца ўпадзення Гараднічанкі ў Нёман. Зараз спецыялісты праводзяць даследаванні падпорных сцен і палявых канструкцый, каб ацаніць іх надзейнасць і вызначыць аб’ём неабходных работ, распавядае раённая газета «Перспектыва».
Пасля рэканструкцыі на гэтым участку з’явяцца новае пакрыццё, сучасныя агароджы і некалькі аглядных пляцовак з відамі на Нёман і гістарычны цэнтр горада.
Другая чарга прадугледжвае добраўпарадкаванне тэрыторыі ад вусця Гараднічанкі да рэстарана «Пескари». Пры распрацоўцы канцэпцыі маладыя архітэктары зрабілі акцэнт на стварэнні «тусовачнай» моладзевай прасторы.
Трэці этап закране ўчастак ад былога піваварнага завода, які зараз рэканструююць пад шматфункцыянальны комплекс, да Старога моста. Інвестары ўжо распрацавалі ўласную канцэпцыю добраўпарадкавання гэтай часткі набярэжнай, якая ўзгадняецца з архітэктарамі «Гроднаграмадзянпраекта».
Праектам прадугледжаны новыя выхады да Нёмана, аглядныя пляцоўкі, а таксама будаўніцтва гасцініцы. Пачаць яе ўзвядзенне плануеццца ўжо гэтай восенню.
Грамадскія абмеркаванні праекта прайшлі ў верасні 2025 года. Тады гараджане маглі азнаёміцца з канцэпцыяй і ўнесці свае прапановы.
Уладкаваць набярэжную не атрымлівалася некалькі гадоў: бракуе грошай і ідэй
Мясцовыя ўлады спрабуюць добраўпарадкаваць набярэжную Нёмана ўжо некалькі гадоў запар. У 2019 годзе распрацавалі праект па добраўпарадкаванні тэрыторыі ад вусця Гараднічанкі да Новага моста, аднак грошай на яго рэалізацыю не знайшлося.
У 2023 годзе аблвыканкам абвясціў конкурс на лепшы праект па добраўпарадкаванні набярэжнай — паўдзельнічаць у ім маглі як архітэктары, так і звычайныя грамадзяне.
Аднак у лютым 2024 года стала вядома, што вызначыць пераможцу так і не змаглі. У конкурсе паўдзельнічалі 23 гродзенцы. Але, паводле слоў старшыні Гродзенскага гарвыканкама Андрэя Хмеля, ніводны з дасланых праектаў не адпавядаў умовам.
Варыянты, якія даслалі гродзенцы, планавалі закласці ў аснову праектавання набярэжнай. Яе хочуць адкрыць да 900-годдзя Гродна ў 2028 годзе.


