Праўладныя Telegram-каналы апублікавалі відэа з затрыманнем беларуса, які нібыта анлайн прагаласаваў на выбарах у Каардынацыйную раду. Затрыманы — Павел Карлюкоў, настаўнік з Гродна, піша «Наша Ніва». 

На відэа мужчына кажа, што зайшоў на сайт Каардынацыйнай рады, абраў спіс Латушкі і прагаласаваў, бо «хацеў даведацца, як хутка яго знойдуць міліцыянеры». 

З 1998 па 2023 Павел Карлюкоў вывучаў замежныя мовы ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Пасля эмігрыраваў у ЗША, дзе працаваў афіцыянтам на круізных лайнерах, у гатэлях, аўтасалонах і кавярнях. 

У верасні 2020 Карлюкоў скардзіўся на міграцыйную службу ЗША ў Чыкага — яму адмовілі ў афармленні дакументаў на сталае жыхарства з-за адсутнасці прышчэпкі. 

Калі гродзенец вярнуўся на радзіму, дакладна невядома. Карлюкоў зноў пачаў выкладаць. Апошнія гады ён працаваў настаўнікам англійскай мовы на фрылансе, у тым ліку ў анлайн-школе Skyeng.

Што з ім цяпер — невядома.


Выбары ў Каардынацыйную раду — прадстаўнічы орган беларускіх дэмсіл у эміграцыі, пачаліся 11 траўня. Скончацца выбары ў ноч з 17 на 18 траўня. 

Сілавікі пагражалі завядзеннем крымінальнай справы за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» і тым, хто балатуецца ў раду, і тым, хто галасуе.

Чытайце таксама: У Гродне з аўкцыёну прадаюць кватэру асуджанага актывіста