У папраўчай калоніі №1 у Наваполацку памёр былы дырэктар Скідзельскага цукровага завода Дзмітрый Ягораў. Пра гэта даведаўся «Флагшток» ад аднаго з экс-палітвязняў з Гомельскай вобласці.

Ягораў узначальваў Скідзельскі цукровы камбінат з 2006 года. Яго арыштавалі ў 2020 годзе. За атрыманне хабараў яго асудзілі ў 2021 годзе на 11 гадоў пазбаўлення волі па так званай «цукровай справе».

Паводле звестак крыніцы выдання, у зняволенага была анкалогія, яго накіроўвалі ў турэмную рэспубліканскую бальніцу, але медыкі не змаглі выратаваць жыццё мужчыны.

«Не выпусцілі нават перад смерцю, ведаючы, што ён памірае. Таму што з неаплачанымі іскамі не вызваляюць, хоць па законе, смяротна хворых можна выпускаць», — адзначыла крыніца.

Паводле яе звестак, цела Дзмітрыя плануюць забраць з калоніі ў найбліжэйшы час.

Што за «цукровая справа»

У студзені 2020 года самалёт авіякампаніі «Белавія», які накіроўваўся рэйсам у Мюнхен, экстранна развярнулі і пасадзілі ў Гродне нібыта праз тэхнічную няспраўнасць. Пасля пасадкі сілавікі затрымалі некалькіх пасажыраў, сярод якіх, паводле слоў відавочцаў, былі кіраўнікі прадпрыемстваў, якія вырабляюць цукар.

Праз некалькі дзён стала вядома, што на працу не выйшлі адразу некалькі топ-менеджараў цукровых заводаў Беларусі. У пачатку лютага 2021 года КДБ афіцыйна пацвердзіў узбуджэнне крымінальных спраў па фактах атрымання і дачы хабараў. Суды адбыліся таксама ў 2021 годзе.

Па справе былі затрыманыя дырэктары чатырох буйных цукровых прадпрыемстваў краіны:

  • Міхаіл Крыштаповіч (Гарадзейскі цукровы камбінат),
  • Віктар Міронаў (Жабінкаўскі цукровы завод),
  • Мікалай Пруднік (Слуцкі цукроварафінадны камбінат),
  • Дзмітрый Ягораў (Скідзельскі цукровы камбінат).

А таксама дырэктар Беларускай цукровай кампаніі Дзмітрый Кірылаў, некалькі бізнесменаў і былы начальнік аднаго з упраўленняў ГУБАЗіК МУС Уладзімір Ціхіня.

Паводле версіі следства, значная частка прадукцыі, прызначанай для экспарту праз Беларускую цукровую кампанію, рэалізоўвалася праз падкантрольных пасярэднікаў. Затым цукар вяртаўся на ўнутраны рынак і прадаваўся ўжо па больш высокай цане.