Гродна з паспяховага памежнага горада і патэнцыйнага транспартнага хаба можа стаць дэпрэсіўным тупіковым рэгіёнам. Прычына — ў хуткім закрыцці мяжы ў «Прывалцы». Гэта можа адбіцца і на грамадскіх сувязях, і нават на ўспрыманні гродзенцамі свету. Што чакае наш горад, як бачаць сітуацыю літоўцы, ці выратуе Гродна Кітай, а сувязь з эміграцыяй — будучыню Беларусі? Hrodna.life спытаў у беларускіх і літоўскіх экспертаў.
Яшчэ тры гады таму з прыгранічнага Гродна да Літвы ці Польшчы можна было даехаць за паўгадзіны. З 1 сакавіка да мяжы з Літвой давядзецца ехаць у чатыры разы даўжэй — закрыецца і спусцее найбліжэйшы да нас пункт пропуску «Райгардас-Прывалка». Найбліжэйшыя пагранпераходы на граніцы з Польшчай закрыліся яшчэ ў 2021−2023 гадах.
Прычыны для закрыцця новых пунктаў пропуску на мяжы — імкненне Літвы знізіць транзіт тавараў і паток грамадзян з трэціх краін, падкрэслівае Віціс Юрконіс, літоўскі палітолаг, эксперт у пытаннях, звязаных з Беларуссю, рэгіёнам Усходняга партнёрства і знешняй палітыкай Літвы.
«І таго, і другога шмат. І папярэдняе закрыццё пагранпунктаў паказала, што гэта дае вынік».
Рэсурс для абароны мяжы абмежаваны, і сканцэнтраваць намаганні на пары пагранпунктаў прасцей. Мае значэнне і пытанне сканараў на мяжы, якіх некаторы час наогул не было — гэта фінансавы бок праблемы.
Закрыццё чарговых пунктаў «Райгардас» і «Лаварышкес» не звязана з унутрыпалітычнай сітуацыяй у Літве або блізкасцю выбараў, упэўнены Юрконіс.
«Я разумею, што гэтае рашэнне не падабаецца ніводнаму рэжыму, бо хаваць сваіх людзей і свае фуры прасцей пры вялікай масе. Праз гэта будуць паднімаць такія тэмы, як нібыта дыскрымінацыя, ці «навошта вы караеце людзей», ці што гэта ўнутраная палітыка Літвы.
У нас сапраўды набліжаюцца выбары — але паколькі пагранпункты закрываліся і раней, гэты аргумент выглядае як мінімум не зусім дакладным. І давайце казаць шчыра — не было б вайны супраць Украіны, не была б Беларусь злачынным рэжымам, не ўдзельнічала б частка беларускіх прадпрыемстваў у абыходзе санкцый — усяго гэтага б увогуле не было".
Закрыццё чарговых пагранпераходаў сапраўда паўплывае на час на мяжы. Але тыя, каму вельмі патрэбна, пацерпяць, лічыць Віціс Юрконіс.
«Найбольш незадаволеным будзе „Макеўскі клан“ — тыя, якія прывыклі рабіць шпагат паміж Еўропай і Расіяй. Пагранпункты — гэта толькі адзін пункт. Сінхранізацыя санкцый паміж РФ і Беларуссю не менш важная задача. Не сакрэт, што ў атачэнні рэжыму шмат тых, хто атрымлівае выгаду ад вайны і ад таго, што Беларусь можа быць зручным хабам у абыходзе санкцый [супраць Расіі праз яе агрэсію ва Украіне — Hrodna.life]».
Само рашэнне закрыць пагранпераходы цалкам не вырашыць пытанне абыходу санкцый, але можа дапамагчы яго кантраляваць. «Літва наўрад ці можа паўплываць на сітуацыю з Эміратамі, з Катарам ці з краінамі Цэнтральнай Азіі, але за нашу мяжу адказваем мы самі».
З пункту гледжання бізнесу закрываць поўнасцю мяжу невыгадна, але пакуль яна і не закрываецца поўнасцю.
«Яшчэ больш не выгадная Літве вайна супраць Украіны і агрэсіўныя ваенныя дзеянні каля літоўскай мяжы».
Пра тое, што мяжу могуць закрыць цалкам, і Польшча, і краіны Балтыі казалі яшчэ ў мінулым годзе.
«Яны высунулі шэраг „чырвоных сцяжкоў“. Зараз мы бачым, што гэтыя моманты паступова рэалізуюцца», — адзначае старшы даследчык «Цэнтра новых ідэй» Генадзь Коршунаў, былы кіраўнік Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі.
««На гэта паўплываў і кейс з Фінляндыяй, калі міграцыйныя патокі, якія ішлі праз Беларусь, былі перанакіраваныя на поўдзень. Фінляндыя зрэагавала хутка і закрыла ўсе пераходы. У нас [з беларускага боку мяжы з ЕС — Hrodna.life] на пэўны час — у студзені - колькасць нелегальных пераходаў мяжы абвалілася амаль да нулёў, але ў лютым пачалося паступовае павелічэнне колькасці нападаў на межы, і зараз яна працягвае расці. Таму можна зразумець тую самую Літву — перш за ўсё яны думаюць пра сябе, пра сваю бяспеку».
Для Гродна блізкасць мяжы заўсёды была важнай часткай эканамічнага жыцця, прызнае эканамістка Анастасія Лузгіна, старшы навуковы супрацоўнік BEROC. Горад развіваўся часткова за кошт прыгранічных эканамічных і бізнес-узаемасувязяў. Гэта вельмі падтрымлівала людзей, якія займаюцца нейкай невялікай уласнай справай, дапамагала і турызму. Зараз турыстычны, гандлёвы, транспартны паток — усё адыходзіць, перамяшчаецца ў пункты пропуску далёка ад Гродна.
Польскі пункт пропуску «Кузніца» («Брузгі», 21 км ад Гродна), праз які ў 2019 годзе выязджала амаль 30% ад агульнай колькасці легкавых аўто, закрылі ў лістападзе 2021 года праз наплыў мігрантаў, «Баброўнікі» («Бераставіца», 75 км ад Гродна) закрылі ў лютым 2023 года праз прысуд палітвязню Анджэю Пачобуту. У жніўні 2023 года Літва закрыла пункты пропуску «Шумскас» («Лоша») і «Цвярачус» («Відзы»). У верасні 2023 Латвія закрыла пункт пропуску «Сілене» («Урбаны»).
У 2023 годзе транспартная галіна была ў аўтсайдэрах і мела адмоўныя паказнікі тэмпу росту. Паступовае аднаўленне было звязанае найперш з прыстасаваннем. Да таго ж самі людзі, якія, напрыклад, летам ездзілі адпачываць у Еўропу, пачалі адкрываць кірункі ў Расіі, патлумачыла эканамістка.
Дробны бізнес — перавозкі маршруткамі - асабліва важныя для прымежных тэрыторый: попыт ёсць, а межы побач. У такіх перавозчыкаў і так былі праблемы праз неабходнасць атрымліваць дазвол для праезду па Еўропе. З 1 сакавіка літоўскі бок збіраецца яшчэ больш абмежаваць выдачу гэтых дазволаў і пакінуць толькі 29 перавозчыкаў.
Зараз для Гродзенскай вобласці сітуацыя яшчэ больш пагоршыцца. Перш за ўсё — для дробных кампаній, якія не атрымалі дазвол на перавозку. Некаторыя ўжо паведамілі, што не будуць заязджаць на Гродна.
Раз скароціцца колькасць каналаў, узмоцніцца нагрузка на тыя два пункты, што застануцца. Дробны гродзенскі бізнес («купі-прадай») праехаць у Літву зможа, але вырасце час у чарзе і на дарогу. Некаторыя бізнэсы ў выніку або вельмі прасядуць, або вымушаны будуць закрыцца.
Буйнейшыя перавозчыкі, якія маюць ліцэнзіі для паездак у Еўропу, працягнуць працаваць. Магчыма, скароціцца аб’ём перавозак менавіта на Захад — транспарт будзе імкнуцца пераарыентавацца на іншыя кірункі, тую ж Расію. Для грузавых перавозак вырастуць выдаткі з прастойваннем у чэргах. Хтосьці вырашыць накіраваць свае плыні на ЕАЭС, хтосьці - закрыць сваё ІП і перайсці ў наём.
Эканамічная актыўнасць паміж Гроднам і еўрапейскімі гарадамі ўжо знізілася ў апошнія два-тры гады, калі ўзніклі цяжкасці на межах.
«Незадаволенасць і страты ўзнікаюць не толькі для беларускага боку, але і для літоўскага. Так, мэр Друскенікаў негатыўна выказваўся наконт гэтага рашэння — па іх гэта таксама ўдарыць, бо да гэтага часу ўсё роўна людзі ездзілі, адпачывалі там, куплялі тавары, прадукты. Зараз яны будуць ездзіць праз іншыя гарады, і гэты паток значна скароціцца. Для прыгранічных раёнаў у любым выпадку закрыццё межаў - адзін з фактараў, якія затарможваюць эканамічнае развіццё», — падкрэсліла Анастасія Лузгіна.
«Мы курорт. Курорт для ўсіх. Мы не ўвязваемся ў геапалітычныя пытанні, у пытанні бяспекі, гэта не наша функцыя, не наш узровень. Мы за тое, каб да нас прыязджалі адпачываць, лячыцца ўсе ахвочыя, добразычліва настроеныя людзі. А добразычлівасцю павінны займацца спецслужбы», — сказаў у пачатку лютага мэр Друскенікаў Рычардас Малінаўскас. Ён прызнаў, што закрыццё КПП можа паўплываць і на мясцовы бізнэс. Пра жаданне літоўскіх уладаў закрыць «Райгардас» і «Лаварышкес» крытычна выказваўся і мэр Віленскага раёна Роберт Духневіч.
Hrodna.life звярнуўся да мэра Друскенікаў з пытаннямі аб тым, як ён бачыць уплыў закрыцця «Райгардаса» на горад, і ці будзе апеляваць да адкрыцця мяжы. У мэрыі нам адказалі, што Рычардас Малінаўскас у дадзены момант адсутнічае, а сама мэрыя не будзе каментаваць нашы пытанні.
У буйных гандлёвых сетках у Беларусі кошты на тавары наўрад ці зменяцца сур’ёзна. Для іх выдаткі вырастуць толькі ў плане большага прастойвання ў чэргах. Акрамя таго, у Беларусі так і не адмянілі рэгуляванне коштаў. У сеткавых крамах кошты будуць расці, але ў рамках запланаваных 0,3%.
Нагрузкі на апошнія пункты пропуску вырастуць, а вось прапускная здольнасць у іх застаецца той жа. Праз чэргі вырасце рызыка, што скорапсавальныя грузы не змогуць своечасова трапіць у крамы. Гэта зніжае прывабнасць працы з каналамі і партнёрамі ў Еўропе, якія яшчэ засталіся. Хтосьці проста закрые сваю справу, хтосьці пяройдзе на іншыя краіны ва ўсходнім кірунку, хтосьці павысіць выдаткі і будзе паступова перакладваць іх на канчатковых спажыўцоў.
Кошты могуць вырасці на гарадскіх рынках у прымежных раёнах — дзе гандлююць прыватнікі, якія ездзяць у Польшчу або ў Літву, і выбару там таксама можа стаць менш. Рост выдаткаў на бензін, на час, на ежу, каб праехаць сюды-туды, будзе закладвацца ў кошт прадукта і паўплывае на мікраўзроўні. Менш стане і саміх такіх прадаўцоў.
Забарона перамяшчэння на роварах на гандаль не моцна паўплывае — такім спосабам шмат тавараў не правязеш. Хутчэй, ён больш закране людзей, якія жывуць побач і ездзяць да сваякоў, купляюць нешта за мяжой. Зараз ім давядзецца стаяць з усімі ў чарзе на аўтобусе або на машыне. Опцыяй перасячэння мяжы роварам часта карысталіся і дальнабойшчыкі, якія працуюць за мяжой і хочуць хутчэй патрапіць дадому. Яны пад’язджалі на машыне ці на фуры і каля самай мяжы мянялі транспарт: па абодва бакі мяжы звычайна прымацавана шмат ровараў.
На макраўзроўні адным з эфектаў закрыцця двух актыўных пунктаў пропуску стане тое, што буйныя пастаўшчыкі будуць шукаць замену еўрапейскім таварам на аналагі з Расіі і Азіі. Гэта стымулюе пераарыентацыю эканомікі з заходняга кірунку на ўсходні, перш за ўсё, эканамічную інтэграцыю з Расіяй. Доля турэцкіх, кітайскіх, расійскіх тавараў у крамах можа вырасці.
З распаду Савецкага саюза Беларусь заўсёды была адкрытай эканомікай у плане знешняга гандлю. Пакуль межы працуюць, яна застаецца перавалачным месцам, краінай, з якой ідуць грузы ў Казахстан, у Расію.
«Статыстыка дэтальна не публікуецца, можна казаць толькі апасродкавана. Але калі мы паглядзім на валютны рынак, то ўбачым, што беларускія кампаніі летась, напрыклад, з’яўляліся чыстымі пакупнікамі валюты, то бок, яны купілі валюты больш, чым прадалі. У той жа час кампаніі не рэзідэнтныя, замежныя, пастаянна прадавалі валюту на беларускім рынку. Можна меркаваць, што часткова гэты паток — якраз тое, што ідзе з Еўропы ў Беларусь, а потым перапрадаецца іншым кампаніям, тым жа расіянам, ці ў Казахстан», — патлумачыла эканамістка.
Зараз для гэтых фірмаў узнікнуць дадатковыя выдаткі і цяжкасці. Яны таксама будуць думаць, як пераарыентавацца на іншыя краіны, шукаць каналы пераходу, калі трэба нешта набыць ці прадаць у Еўропе. У гэтым выпадку будуць скарачаць ужо менавіта аб’ёмы транспарціроўкі цераз Беларусь. У пэўнай ступені Беларусь таксама можа ад гэтага пацярпець.
Мяжа яшчэ не закрыта цалкам і з Літвой, і з Польшчай, але прапускная здольнасць зменшылася і зменшыцца яшчэ. Беларусь магла стаць лагістычным цэнтрам, які злучае Еўропу і Расію, Азію, калі межы працавалі нармальна, і на аснове будаўніцтва добрых лагістычных цэнтраў можна было ў разы павялічваць грузаперавозкі. Калі раней Беларусі прадказвалі імідж міжнароднага хаба транспарціровак, зараз пра гэта гаворкі наогул не ідзе.
«Я не ўпэўнена, што Гродзенская вобласць адразу пераарыентуецца, дапусцім, на Кітай. Па-першае, трэба, каб была зацікаўленасць у кітайскіх вытворцаў. Беларусь не вельмі важная для Кітая краіна, для яго яна мае невялікі рынак. Натуральна, Кітай нашмат больш зацікаўлены ў той жа Расіі, чым у Беларусі», — прызнае Лузгіна.
Чытайце таксама: Уладзімір Каранік загаварыў па-кітайску: яго ўважліва слухала ігуана Ася
Нейкія ўзаемаадносіны будуць развівацца, нейкія праекты будуць рэалізаваны. У мінулым годзе аб’ём гандлю з Кітаем агулам для Беларусі вырас.
«Але пакуль што ў нас адмоўнае сальда з Кітаем, мы больш набываем, чым прадаем туды. Для дробнага бізнэсу гэта зусім не варыянт, ён не паедзе ў Кітай, гэта проста эканамічна не выгадна. Буйныя праекты могуць быць, але тым жа гродзенцам прасцей пераарыентавацца на расійскія рэгіёны, нават з пункту гледжання перапродажу ці пакупкі кітайскіх тавараў. Маршруткі не паедуць у Кітай».
Эканоміка ўсё роўна будзе прыстасоўвацца да бягучых умоў. Яна будзе браць усё больш усходні вектар. У гэтым сэнсе Віцебскай і Магілёўскай абласцям будзе прасцей. Цяжкасці ўзнікнуць у прымежных раёнах з Еўропай, у тым ліку ў Гродне.
«Яны, можа, не стануць дэпрэсіўнымі, але магчымасці для развіцця ў іх, вядома, стане менш».
Чытайце таксама: Гродна — другі лепшы для жыцця горад Беларусі, але патрапіў у антылідэры па рэпрэсіях
«Блізкасць [Беларусі да Еўрасаюза — Hrodna.life] адбівалася насамрэч шмат на чым, — адзначае Генадзь Коршунаў. — Нават калі людзі ездзілі на закупы ў Літву ці ў Польшчу, яны самым натуральным чынам маглі назіраць за ладам жыцця, які адрозніваецца ад таго, што навязваў рэжым Лукашэнкі. Гэта датычыць не толькі Горадні. Цягам 2000-х гадоў і першай паловы 2010-х гадоў Беларусь некалькі гадоў запар была лідарам па колькасці шэнгенскіх візаў, якія выдаваліся, на 1000 чалавек».
Гэта паступова, але вельмі моцна адбіваецца на ўспрыманні сусвету і грамадскіх сувязяў - пачынаючы ад гарадской прасторы і заканчваючы тым, якія адносіны маюць грамадства і ўлады.
Рэакцыя беларускага грамадства на закрыццё мяжы не будзе станоўчай. «Нават калі ёсць тэарэтычнае разуменне ў палітычна падкаванай часткі грамадства, што гэта — рэакцыя на дзеянні рэжыму, гэта тэарэтычныя веды. Але жыццёвыя абмежаванні, на якіх адбіваецца фактычна паступовая забарона трапляць у Еўропу, не будуць выклікаць паляпшэння стаўлення да Еўропы».
Эканамічная актыўнасць ужо зніжаецца, але пры поўным закрыцці мяжы яна знізіцца яшчэ больш.
«Гэта не тое каб жалезная заслона, але гэта такі ж бар’ер для эканамічных узаемасувязяў Беларусі і Еўропы», — кажа Анастасія Лузгіна.
Асноўны паток інвестыцый ужо зараз накіраваны з Расіі. Гандаль стане яшчэ адной нітачкай, якая разарвецца паміж Еўропай і Беларуссю.
Для людзей, якія ўвесь час ездзілі ў Еўропу на адпачынак, да сваякоў, працавалі там вахтавым метадам, магчымасці моцна скароцяцца. Можна будзе паляцець на самалёце праз трэція краіны, але гэта дорага і далёка не ўсім даступна. Сувязі паміж людзьмі абмяжуюцца. Імпарт тэхналогій, новых тавараў, якія б маглі выкарыстоўвацца для развіцця беларускай эканомікі, спыніцца.
«Кампаніі будуць спрабаваць знайсці нейкія крытычныя, важныя рэчы, тыя ж лекі. Яны будуць шукаць каналы паставак, але гэта будуць ужо доўгія, з высокімі выдаткамі пастаўкі. На беларускіх прылаўках у гэтым выпадку ўжо і так не такая вялікая доля еўрапейскіх тавараў яшчэ больш скароціцца і стане яшчэ даражэйшай — тавары будуць везці невялікімі партыямі, невядома як».
«Гэта ня значыць, што эканоміка Беларусі будзе падаць. Але яна не будзе расці тымі тэмпамі, якімі магла б, калі б былі нармальныя эканамічныя адносіны з Еўраcаюзам, з Украінай — з асноўнымі гандлёвымі партнёрамі, якімі яны з’яўляліся яшчэ чатыры-пяць гадоў таму».
З пэўнага пункту гледжання сапраўды можна казаць пра паступовую выбудову «жалезнай заслоны». На шчасце, да савецкага кшталту яшчэ далёка, мяркуе Коршунаў, але працэс ідзе — паступова, і з двух бакоў.
Першым пачаў выстаўляць сцены для беларусаў і паміж Беларуссю і Еўропай рэжым Лукашэнкі.
«Гэта мы вельмі моцна бачым у інфармацыйнай прасторы — любая камунікацыя з незалежнымі СМІ, якія зараз на Захадзе, крыміналізавана. Гэта і абрыванне любых арганізацыйных, камерцыйных, фінансавых сувязяў, што таксама вельмі наглядна мы ўбачылі падчас апошняга неймавернага хапуна тых, хто атрымоўваў дапамогу з Захаду».
Лагістычныя забароны таксама моцны складнік у гэтай заслоны, ёсць і ваенны. Зараз украінская мяжа не проста закрытая для транспарту, яна ўмацавана і ў ваенным сэнсе. Пра ваенныя ўмацаванні на межах пачалі казаць і нашы паўночныя суседзі.
«На шчасце, да Паўночнай Карэі нам далёка, да савецкага варыянту пакуль яшчэ таксама, але хутчэй за ўсё рэжым рухаецца ў тым кірунку. Ужо зараз дзяржаўным службоўцам, для таго, каб выехаць за мяжу, трэба дазвол свайго кіраўніцтва. Калі людзі вяртаюцца з-за мяжы, як за савецкім часам, з імі размаўляюць КДБ».
У далейшай перспектыве, калі нічога не зменіцца, нас чакае абрыў тэхналагічных, камунікатыўных і навуковых сувязей, якія нарошчваліся і забяспечвалі Беларусь і фінансамі, і новымі тэхналагічнымі рашэннямі.
«Іх абрыў паступова адкідвае Беларусь на шляху развіцця далей і далей. Мы вельмі моцна пачынаем спазняцца ў сваім развіцці, мы губляем час і гістарычную перспектыву».
Усходні кірунак не заменіць Беларусі Еўропу нават з эканамічнага пункту гледжання, лічыць сацыёлаг.
«Справа тут не столькі ў эканоміцы, колькі ў выбары цывілізацыйнага вектару развіцця. Паводле даследаванняў, што мы праводзілі, людзі добра разумеюць, што прагрэс, развіццё, эвалюцыя — гэта заходні свет».
«Кітай — гэта насамрэч абстракцыя, ён вельмі далёка і ніякай вялікай цікавасці да Беларусі ў яго няма. Асабліва зараз, калі мы згубілі гэтую функцыю моста да Еўропы. Расія — гэта дэградацыя. Максімум, пра што казалі [у даследаванні] беларусы ў 2022−2023 годзе, калі выбіралі паміж Еўропай ці Расіяй — гэта захаваць тое, што ёсць, што было напрацавана дзесяцігоддзямі яшчэ за саюзам. Гэта не пра развіццё. Зараз мы бачым, што нават Расіі развівацца няма за што — ні тэхналагічна, ні фінансава. Адзінае — гэта прадаваць рэсурсы, але гэта не тое, што не будучыня, гэта нават не сучаснасць, гэта — мінулае. Для нас [прывязка да Расіі] значыць яшчэ большае, паступовае, але тое, якое будзе паскарацца, адставанне ад усяго цывілізаванага свету».
І ўсё ж дайсці да таго, што было за савецкім часам, даволі складана: лічбавы свет робіць межы дзіравымі.
«Пры ўсёй крыміналізацыі кантактаў, што камунікацыйных, што фінансавых, што арганізацыйных, чалавечыя сувязі застаюцца. Улічваючы тое, што за апошні час выехалі сотні тысяч — перасекчы гэтыя камунікацыйныя каналы ў сучасным свеце наўрад ці магчыма», — кажа Коршунаў.
Эксперт звяртае ўвагу на такія сувязі ў амаль знішчаным некамерцыйным сектары.
«Актывісты працягваюць нейкую дзейнасць, хоць і ў разы меншую, чым была. Асноўны спадзеў - што гэта ўсё зацягнецца ненадоўга, а тыя актывісты, што застаюцца ў Беларусі, — захоўваюць стасункі з людзьмі на зямлі. Тыя, хто з’ехаў, усё роўна падтрымліваюць нейкія сувязі з тымі, хто застаўся. І хочацца верыць, што сумесная праца, праекты, досвед, які назапашваецца, адыграе ў пэўны момант сваю ролю».
Беларусы скардзіліся на дзеянні сілавікоў пры не "палітычных" затрыманнях. Сцвярджалі, што ў працы тыя перавышалі…
Пачаўся адвэнт - традыцыйны час чакання Калядаў. У апошнія гады ўсё больш моднымі робяцца адвэнт-календары.…
Квір-персоны з'язджаюць з Беларусі, каб выратавацца ад рэпрэсій і адчуць сябе камфортна, чаго яны не…
У Гродне ёсць дом начнога знаходжання на 50 койка-месцаў. Пры гэтым людзей, якія апынуліся на…
Да зімовых святаў застаецца крыху больш за месяц - самы час задумацца пра святочны дэкор.…
У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…