Набліжаюцца Каляды і Новы год (або Новы год і Каляды — хто як святкуе). Нягледзячы на ўсе геапалітычныя катастрофы мінулага, людзі заўсёды чакалі гэтых святаў з надзеяй на лепшае. Расказваем, як сустракалі Новы год у Гродне сотню гадоў таму нашыя прабабулі і прадзядулі.
Упрыгожваць елку пачала Ажэшка
Самае для нас незвыклае, што яшчэ сто гадоў таму звычайная цяпер навагодняя елачка не была такой ужо звычайнай госцяй у кожным доме. У некаторых дамах было прынята вешаць галінку ялінкі пад столлю і ўжо там яе ўпрыгожваць. Адной з першых, хто запачаткаваў у Гродне традыцыю сучаснай ялінкі, была Эліза Ажэшка, якая ўсталёўвала яе для бедных гродзенскіх дзетак. Упрыгажэннні да ялінкі таксама збольшага рабілі самыя простыя — з саломы, арэхаў, каляровай паперы, пернікаў і нават аплаткі (тонкіх пласцінак прэснага хлебу) рознага колеру.
[irp posts="22 974″ name="Ажэшка посціла б кветачкі, Цётка — акцыі пратэстаў. Беларускія літаратаркі мінулых стагоддзяў завялі" Instagram"]
Страваў - няпарная колькасць, людзей — парная
Стол як правіла ўпрыгожвалі пабеленымі галінкамі дрэва, ад якіх сцяліліся аж на абрус сярэбраныя ніці або белыя стужачкі. Маглі таксама дадаць яловыя галінкі з белага колеру какардамі, а ў гаспадарках, звязаных з земляробствам, дадавалі таксама хоць некалькі каласкоў жыта — каб добры ўраджай быў у наступным годзе.Стол стараліся накрыць багаты. Напрыклад, цеста для пернікаў рыхтавалася нават за некалькі тыдняў да Каляд. Колькасць блюдаў павінна была быць няпарная — 5, 7, 9, 11 і больш, хаця пасля сталі гаварыць пра 12 блюдаў - па колькасці апосталаў. За сталом мусіла сядзець парная лічба ўдзельнікаў урачыстаці (іначай, як лічылася, адзін з іх памрэ ў наступным годзе), а кожны павінен быў пакаштаваць адно блюда — іначай можа захварэць.
Антыкрызісная вячэра
Фінансавы крызіс 1929 г. моцна ўдарыў па кашальках гродзенцаў. У 1930-х гг. тагачасныя жаночыя часопісы прапаноўвалі жыхарам ІІ Рэчы Паспалітай зусім небагатую калядную вячэру:
1. Грыбны суп з рысам
2. Грэнкі з памідорамі і пармезанам (сыр можна было ўзяць і больш звычайны)
3. Смажаная рыба з бульбай і капустай
4. Традыцыйны мак на дэсерт
Небагата. Падкрэслім толькі, што рыбу ўжывалі галоўным чынам рачную, карп быў папулярны толькі сярод яўрэяў.
Новы год у рэстаране
Ужо святкаванне Новага Году не было сямейным святам і яго адзначалі як правіла ў кампаніі, часта нават не асабліва заможныя сем'і Гродна выбіраліся сустрэць 1 студзеня ў якім небудзь рэстаране. А рэстараны стараліся падрыхтваць святочную праграму.Радасны першы пасля заканчэння вайны новы 1919 год рэстаран «Раяль» па вуліцы Гараднічанскай прапаноўваў сустрэць святочным балам-маскарадам з удзелам вайсковага нямецкага аркестра. Уваходны білет каштаваў 3 маркі для мужчын, дамы ўваходзілі бясплатна (у маскарадных касцюмах). Той самы «Раяль» запрашаў сустрэць 1923 год у кампаніі актораў гродзенскага тэатра, якія пахрыхтавалі для наведвальнікаў спецыяльную праграму. Толькі трэба было выкупіць запрашэнне коштам 5 тысяч марак, якое таксама аплочвала пачастунак і віно. Іншыя рэстараны заманьвалі гродзенцаў «выдатным аркестрам», «багатым меню напояў», «чароўнай кухняй».
Набор алоўкаў - ужо шык
Канешне, у цэнтры кожнай імпрэзы былі дзеці. Кожная грамадская арганізацыя, прафсаюз ці парафія стараліся арганізаваць для сваіх малых нейкае мерапрымества. Напрыклад 6 студзеня 1935 года Таварыства аматараў прыроды арганізавала ў рэстаране «Раяль» навагоднюю імпрэзу дзя дзетак з удзелам біблійных герояў (цара Ірада і іншых). Дзеці маглі там прачытаць вершы на памяць, парадаваць прысутных сваімі танцамі ці спевамі.
Паўставала і пытанне падарунка. Сусветны эканамічны крызіс моцна ўдарыў па небагатых гродзенцах і таму часцей за ўсё пад елачку клалі проста недарагія жыццёвыя рэчы, пудраніцу для жонкі ці новы гальштук для мужа. Дзеці часта знаходзілі там шакаладку ці цукеркі.
Вельмі добрым падарункам для дзяцей лічыліся школьныя прылады, а набор каляровых крэйдаў ці алоўкаў лічыўся шыкам. Далёка не кожны малы гродзенец мог пахваліцца тым, што ў яго торбе знойдзецца каробка каляровых алоўкаў знакамітай фабрыкі Маеўскага, падораная яму бацькамі на Каляды.
Рэцэпт перніка з кухарскай кнігі 1931 г.
Інгрыдыенты
Мёд — 0,5 кг
Цукар — 0,6 кг
1/8 літра вады
5 яек
Паўлыжачкі соды
0,5 кілаграма жытняй мукі
70 грам пшанічнай мукі
Паўкілаграма цукру змяшаць з вадой і закіпяціць, асобна падагрэць мёд. Пасля дадаць да мёду цукар, ускіпяціць, адставіць на 5 хвілін, а пасля вярнуць на пліту і памешваць. Пасля туды дадаць мукі і перамяшаць каб утварылася цеста. Асобна ўзбіць яйкі з рэштай цукру і содай і ўтвораную пену дадаць да цеста, замяшаць. Потым усё гэта пераўтварыць у аднародную масу, адставіць на 8 дзён і пасля рабіць пернікі.