Дыякан Андрэй Бялаблоцкі нядаўна вярнуўся з Паўднёвай Амерыкі, дзе быў на паўгадавой практыцы. Будучы святар распавёў grodnensis.by пра новыя спосабы евангелізацыі, адметнасці мясцовых вернікаў і сутнасць місіянерства.
Мінулым летам дк. Андрэю давялося пазнаёміцца з кс. Антанэла Гадэду — заснавальнікам супольнасці «Запавет Міласэрнасці» ў Бразіліі. Члены гэтай арганізацыі ўжо на працягу 16-ці гадоў дапамагаюць вярнуцца да нармальнага жыцця заблукалым і патрабуючым.
«Я быў моцна ўражаны, даведаўшыся аб новых спосабах евангелізацыі, — распавядае дыякан. У рамках супольнасці „Запавета міласэрнасці“ існуюць розныя „дамы місіянераў“, якія займаюцца адпаведнай для іх харызмата дзейнасцю. Ёсць „дом тэатралаў“, які ставіць мюзіклы і паказвае іх на вуліцах горада. „Дом для дзяцей з вуліцы“, дзе бяздомныя хлопцы і дзяўчаты бясплатна жывуць і вучацца да асягенння 18-гадовага ўзросту. Мужчынскія і жаночыя „дамы для людзей з залежнасцямі“, дзе тыя працуюць і збіраюцца на супольнай малітве. Ёсць місіянеры, якія раздзяляюць усе цяжкасці жыцця з бяздомнымі людзьмі, нават начуюць разам з імі на вуліцы. А сродкі, атрыманыя з ахвяраванняў, выдаюць на дапамогу ўбогім».
Пасля знаёмства з заснавальнікам супольнасці дк. Андрэй на працягу шасці месяцаў праходзіў фармацыю ў «Доме падрыхтоўкі місіянераў» недалёка ад Сан-Паўлу, што ў Бразiлii.
Як адзначае будучы святар, будні ў супольнасці выглядаюць аднолькава. Тры разы ў дзень харчаванне (на два з якіх традыцыйна падаюць рыс з фасоляй), гадзіннае разважанне Божага Слова, адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту, вучэбныя заняткі, фізічныя працы і св. Імша на заканчэнне. На выхадных жыхары «Дома» радзяляюцца на групы і выходзяць у горад, дзе на працягу двух дзён евангелізуюць мясцовае насельніцтва.
«Мне пашчасціла працаваць амаль з кожнай групай, — узгадвае дыякан.— Я прапаведваў у жаночай вязніцы і калоніі для малалетніх, наведваў школы, універсітэты і бальніцы, евангелізаваў блудніц і бяздомных, на працягу трох месяцаў жыў у фавэле».
Бразілія — краіна, вядомая фавэламі, шматлікай колькасцю трушчобаў з высокім узроўнем злачыннасці і крайняй беднасцю. Большасць дамоў збудаваны з матэрыялаў, знойдзеных на сметніку, або з крадзенай сыравіны. Некаторыя людзі жывуць проста на голай зямлі. Фавэлы моцна кантрастуюць з багатымі раёнамі горада. З боку дзяржавы спробы палепшыць сацыяльнае становішча людзей у трушчобах падымаліся толькі ў сувязі з правядзеннему краіне грандыёзных міжнародных мерапрыемстваў.
«Я знайшоў сябе менавіта ў працы з убогімі, — гаворыць дк. Андрэй. — Начаваў разам з імі на вуліцы, стрыг валасы і галіў бароды, дзяліў з імі ежу. Гуляў з дзецьмі ў футбол пустой бутэлькай і катаў іх на сваіх плячах. За гэта атрымаў прозвішча „tio legal“ („класны дзядзька“). Меў цудоўную магчымасць не толькі дзяліцца любоўю з тымі, хто сапраўды гэтага патрабуе, але і выйсці з уласнай зоны камфорту».
Хрысціяне ў Бразіліі складаюць 87% насельніцтва, 64% з іх — каталікі. «Бразільцы ганарацца сваёй верай. Можна заўважыць, што многія магазіны, рэстараны, цырульні, шпіталі і школы носяць імёны святых. Мясцовыя жыхары актыўна задзейнічаны ў жыцці Касцёла. Аднойчы мне давялося прымаць удзел ва ўсяночным малітоўным трыванні на гары Каркавада пад статуяй Хрыста Адкупіцеля. У набажэнстве ўдзельнічала шмат маладзёнаў. Мне было даручана блаславіць на досвітку прысутных вернікаў і горад Рыа. Фотаздымак скажа больш, чым словы», — гаворыць з усмешкай дыякан.
У краіне шмат касцёлаў. Але ў некаторыя парафіі ксёндз даязджае 1−2 разы ў месяц, таму вернікі самастойна дбаюць пра святыні. «Бразільцы тэмпераментныя людзі. Яны літаральна выпраменьваюць энергію, што заўважна і на Імшах. Кожная літургія суправаджаецца ігрой на гітары і бадзёрымі рухамі ў хвіліны спеву. Дарэчы, падчас побыту ў Бразіліі мне толькі два разы давялося пачуць гукі аргана ў касцёле», — адзначае дк. Андрэй.
Сёння будучы святар упэўнены, што для таго, каб быць місіянерам, неабавязкова ехаць на край свету. «У Беларусі наўрад давядзецца спаць на вуліцы, але досвед, атрыманы ў Бразіліі, дапамог мне зразумець, што святара робяць місіянерам не экстрэмальныя ўмовы. Ксёндз дае сведчанне Бога ўсім сваім жыццём, — падкрэслівае дк. Андрэй. — Дарэчы, распаўсюджванне Добрай Навіны залежыць ад усіх нас. Місіянерам можа быць кожны, хто праяўляе любоў у стаўленні да бліжняга там, дзе ён вучыцца, працуе або адпачывае — жыве».
Дк. Андрэй Бялаблоцкі выказвае падзяку біскупу Аляксандру Кашкевічу за дазвол і бласлаўленне на місію ў Бразіліі, а таксама а. Антанэлу Гадэду і Энрыке Порку за магчымасць практыкі і карыстання плёнам службы ў супольнасці «Запавет міласэрнасці».
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…