Вітаўт і Ягайла ў выкананні студэнтаў і актораў-аматараў прамовяць са сцэны на старабеларускай і польскай мовах. Пастаноўку пра канфлік паміж уладарамі, дзяцінства Вітаўта і яго каханне падрыхтуюць у Гродне да канца зімы 2018 года.
Пастаноўка будзе рэтраспектыўнай. Вітаўт памірае, не дачакаўшыся кароны, і яго душа ўзгадвае асноўныя моманты жыцця. Спектакль пакажа няпростую гісторыю князя, яго талент і складаны вопыт, які дапамог пабудаваць моцную дзяржаву, а таксама духоўнасць і ментальнасць жыхароў княства.
— Вітаўт будзе паказаны з дзяцінства: як яны сябравалі з Ягайлам, як дзіцячае сяброўства з цягам часу ў непрастых палітычных абставінах пераўтварылася ў канфрантацыю, — кажа стваральнік п’есы Максім Пархамчук, загадчык лабараторыі вучэбнай тэлестудыяй ГрДУ. — У гісторыі Беларусі мала прыкладаў, калі барацьба братоў такая моцная, што адзін з іх забівае бацькоў іншага. Затым крыжакі забіваюць першую жонку Вітаўта і двух яго сыноў. Як Вітаўт знаходзіць сілы, каб прымірыцца з Ягайлам? Вядома, у яго былі палітычныя амбіцыі, але ўсё ж ён змог пераадолець гэтую нянавісць.
Максім Пархамчук лічыць, што прабачыць брату забойства дарагіх людзей Вітаўту магло дапамагчы старажытная вера — паганства. Але і хрысціянства па-свойму паўплывала на князя. Аўтар у пастаноўцы паспрабуе зразумець гэты момант узаемаўплыву рэлігій у той час.
— Вітаўт быў язычнікам, як і яго маці. Ён верыў багоў, якія давалі моцную энергію і сілы і вучылі з павагай адносіцца да прыроды. Пазней Вітаўт быў і праваслаўным, і католікам, але гэта было больш дзеля палітыкі. Аднак, хацелася б насамрэч паказаць Вітаўта веруючым чалавекам, які змог прабачыць за ўсё брату і прымірыцца з ім дзеля ўмацавання краіны. Спадзяюся, што спектакль дасць людзям магутны глыток духоўнасці і любові, — кажа Максім.
Будзе ў спектаклі і некалькі ліній кахання: Вітаўта, Ягайлы і простых людзей. Прагучыць легенда пра дзяўчыну, якая выратавала Вітаўта са зняволення ў Крэўскім замку. Гісторыкам невядома, загінула яна тады ці не, але Максім у п’есе пакіне яе жывой. Бо, як ён кажа, каханне заўсёды перамагае.
Максім плануе зрабіць п’есу навукова дакладнай. Ён, гісторык паводле адукацыі, піша яе на аснове архіўных матэрыялаў і гістарычных кніг. А таксама кансультуецца ў Алеся Краўцэвіча і гісторыкаў з факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму ГрДУ, якія займаюцца гэтай эпохай.
— Мне хацелася б паказаць Вітаўта неадназначным і загадкавым. Пра такіх палітычных лідараў нельга казаць адназначна. Вітаўт быў і жорсткім, яму даводзілася забіваць людзей. Ён быў рыцарам з палітычнымі амбіцыямі. Яму не хацелася саступаць Ягайлу, ён таксама хацеў быць каралём. Калі б ён зрабіў Вялікае Княства Літоўскае каралеўствам, гэта, магчыма, і не паўплывала б моцна на далейшую гісторыю, але ўсё ж дало б краіне больш сур’ёзны юрыдычны статус. Вялікае княства Літоўскае фактычна ўжо было каралеўствам, заставалася адна фармальнасць — каранаваць Вітаўта.
Каб зрабіць спектакль больш атмасферным, Максім плануе выкарыстоўваць старабеларускую мову, а таксама даўнюю музыку. Некаторыя рэплікі Ягайлы будуць гучаць па-польску. Як кажа аўтар, гэта будзе цяжэй для актораў, але зробіць успрыманне эпохі больш натуральным.
— Як жыхара Гродна, які часта прагульваўся вакол замку, мяне штосьці зачаравала, — расказвае Максім пра выбар героя для сваёй п’есы. — Яшчэ калі вучыўся на гістфаку, мне быў цікавы гэты перыяд. Да таго ж, Вітаўт у Гродне жыў, тут была яго рэзідэнцыя. Шмат маршрутаў звязана з яго дзейнасцю, а ў нас няма нават вуліцы Вітаўта.Граць у спектаклі будуць студэнты і, магчыма, вопытныя акторы. Максім Пархамчук плануе паўдзельнічаць і ў якасці пастаноўшчыка, і ў якасці актора. Вопыт у яго ёсць: калісці ў гарадскім камсамольскім штабе «Каравелла» Максім яшчэ студэнтам ставіў тэатральныя гумарыстычныя пастаноўкі, удзельнічаў у вечарах бардаўскай песні. Зараз ён прымае ўдзел ва ўніверсітэцкіх літаратурных і музычных вечарынах кафедры і факультэта.
Марай Максіма застаецца калі-небудзь зняць фільм пра князя Вітаўта, але пакуль-што гэта вельмі складана. Максім піша п’есу пра князя, будзе ставіць спяктакль і спадзяецца, што некалі хтосьці падхопіць яго ідэю — зняць мастацка-гістарычны фільм пра Вітаўта і яго эпоху.
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…