Сусветны дзень касманаўтыкі адзначаюць 12 красавіка. У Гродне пра яго нагадваюць касмічныя тапонімы – турфірма “Спадарожнік”, кінатэатры “Космас” і “Усход”, забаўляльны цэнтр “Галактыка” ды іншыя. Ёсць і вуліцы, названыя ў гонар пакаральнікаў космасу.
Расказваем, якія “касмічныя” вуліцы ёсць у Гродне, дзе іх знайсці і якая ў іх гісторыя.
1. Праспект касманаўтаў
Назву ён атрымаў у 1960-я гады. Бадай, гэта адна з самых цікавых “касмічных” вуліц Гродна. Гісторыя яе сягае XV ст. Тады гэта быў Смаленскі тракт, потым паштовы на Вільню, яшчэ пазней – Скідзельская застава.

Зараз на Праспекце касманаўтаў знаходзіцца шмат цікавых аб’ектаў: перабудаваная сінагога, яўрэйскі прытулак, дамы XIX ст., Курган Славы і выстава ваеннай тэхнікі.
2. Вуліца Гагарына
З’явілася на мапе Гродна ў 1961 годзе, пасля палёта першага чалавека ў космас. Раней, у XVI стагоддзі, гэта вуліца была часткай занёманскага рынка. У розныя часы яна называлася Паляўнічай, Францішканскай і Навадворскай. Зараз самыя цікавыя аб’екты вуліцы – гэта часткова захаваныя карпусы манастыра францішканаў на тэрыторыі бальніцы №2, ансамбль дамоў 1950-х і цікавыя чыгунныя асновы ліхтароў.
Юрый Гагарын – першы касманаўт Зямлі. На караблі “Усход” знаходзіўся ў космасе ажно 1 гадзіну 48 хвілін. Гэтая падзея назаўжды змяніла свет, а Юрыя зрабіла сусветнай зоркай. У музеі Янкі Купалы ў Мінску расказваюць – ёсць успаміны, што малы Юра чытаў (у перакладзе на рускую) купалаўскі верш “Хлопчык і лётчык”.
Невыпадкова, што ў нашым горадзе бюст Янкі Купалы глядзіць на панно, на якім выбіта выява касманаўта. Касманаўт загінуў у авіацыйнай катастрофе ва ўзросце 34 гады.
Чытайце таксама: Беларускія касмічныя аб’екты: што за яны і чые імёны носяць?
3. Вуліца Цітова
Мае галоўную дамінанту – царкву евангелістаў “Благадаць”. Яшчэ адна з кропак прыцягнення жыхароў горада – лазня. Цікавыя і некалькі перабудаваных дамоў 1930-х гадоў.
Герман Цітоў – самы малады касманаўт у гісторыі. На час палёту ў космас меў толькі 25 гадоў. Ён першы ў свеце, хто здзейсніў палёт больш сутак. У космас ён паляцеў другім пасля Гагарына. На першым палёце быў дублёрам.
4. Вуліца Камарова
Забудавана ў асноўным дамамі-інтэрнатамі 70-80-х гадоў. Тут вылучаюцца будынкі “ДТСААФ” (“Добраахвотнага таварыства садзейнічання арміі, авіацыі і флоту”), дзіцячай бібліятэкі і камбіната школьнага харчавання.
Уладзімір Камароў – камандзір першага ў свеце экіпажа карабля. Да гэтага ляталі толькі па адным. Ён першым пабываў у космасе двойчы і першы з загінуўшых падчас палёту ў космас.
5. Вуліца Паповіча
Выходзіць на адзін з трох гарадскіх мастоў, які ўсе называюць “Новым”. Насамрэч, афіцыйная яго назва – “Мост Будаўнікоў”. З гэтага маста адкрываецца адзін з самых маляўнічых краявідаў горада.

У лясным масіве непадалёку вуліцы Паповіча знаходзяцца адзіныя ў горадзе старыя яўрэйскія могілкі, адзіны мемарыял у СНД, прысвечаны памежнікам, былая гасцініца “Гродна”, якая доўгі час была самай высокай сярод жылых пабудоў горада. У СШ №12 вучыўся ганаровы грамадзянін горада, вядомы краязнаўца Віктар Саяпін. Павал Паповіч здзейсніў разам з Нікалаевым першы ў свеце групавы палёт двух караблёў. Яго жонка, Валянціна Панамарова, таксама касманаўт. У космас яна не лятала – павінна была стаць удзельніцай палёта на Месяц, але яго адмянілі пасля высадкі касманаўтаў з ЗША.
6. Вуліца Церашковай
Калі рушыць па ёй у напрамку Каханоўскага, прывядзе да высокай кропкі, з якой адкрываюцца прыгожыя віды на горад. З самых адметных будынкаў тут – былы маёнтак Станіславова. Гэта загарадная рэзідэнцыя апошняга караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага.
Побач захаваўся стары парк, а каля галоўнага корпусу аграрнага ўніверсітэта знаходзіцца любімы дзецьмі малодшага ўзросту і прэзідэнтам сіні трактар.
Валянціна Церашкова – першая жанчына-касманаўт у свеце, адзіная жанчына, якая здзейсніла адзіночны палёт. Муж Церашковай, Нікалаеў, таксама касманаўт. Іх дачка Алена стала першым ў свеце дзіцём, чые маці і бацька былі касманаўтамі.
7. Вуліца Нікалаева
Выходзіць на тытунёвую фабрыку “Нёман”. Таксама тут ёсць цікавыя прыклады прыватных дамоў, а пасярэдзіне вуліцы захавалася крама 60-70-х гадоў.
Адрыян Нікалаеў – 5-ы касманаўт у свеце, 3-ці ў СССР і першы касманаўт, які быў на караблі ў бязважкасці, не зафіксаваны ў крэсле. Ён здзейсніў два палёты ў космас. У 1962 (4 сутак) і ў 1970 (18 сутак). Абодва палёты на момант здзяйснення былі рэкорднымі. Пасля апошняга палёту Нікалаеў абараніў дысертацыю і стаў кандыдатам тэхнічных навук.
Юрый Гагарын, вярнуўшыся з палёту, казаў:
“Праляцеўшы вакол Зямлі ў караблі, я пабачыў, якая прыгожая нашая планета. Людзі, давайце будзем зберагаць і гэтую прыгажосць, а не нішчыць яе”.
Гродзенскі космас не менш прыгожы за далёкія зоркі і таксама варты ўвагі. Гэта частка нашай агульнай гісторыі пра людзей, космас і зоры.
Чытай яшчэ:
- Гродзенская брукаванка: 5 вуліц, па каторых можна прагуляцца, як 100 гадоў таму
- Роўнасць на літару «Х» або Жаночы тузін на мапе Гродна


