Спадчына

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых, хто прыязджаў «пабачыць Гродна — і памерці». Канал «Hrodna 11:27» сабраў звесткі пра самагубствы, што здараліся ў нашым горадзе ў першыя дзесяцігоддзі XX стагоддзя.

Анамальны 1913-ы і любімае месца гродзенскіх самагубцаў

Гродна цягам другой паловы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў вырас больш чым утрая — з 16 162 чалавек у 1857-м да 57 949 у 1913-м. Разам з ростам насельніцтва ў горадзе з’яўляліся новыя або рабіліся бачным раней незаўважныя (ці табуяваныя) праблемы. Сярод іх — самагубствы, колькасць якіх таксама павялічылася ўтрая — з 1−2 да 6−7 у сярэднім на год.

На гэтым фоне анамальна вылучаўся 1913 год — апошні мірны для Расійскай імперыі. Тады ў Гродне зафіксавалі 31 спробу самагубства. Пры гэтым паспяховымі з іх сталі 16, у іх выніку загінулі два афіцэры і пяць салдат, два чыноўнікі канцылярыі гродзенскага губернатара, тры прастытуткі, чыгуначнік, селянін, вязень і сталая жанчына.

Па ўсёй Гродзенскай губерні ў 1913 годзе здарылася 126 самагубстваў, а ў 1904 годзе іх было ўсяго 23.

Любімым месцам гродзенскіх самагубцаў была Швейцарская даліна і «Губернатарскі мост», які вёў да яе (сёння гэтага моста ўжо няма — ён стаў часткай вуліцы Дзяржынскага паміж паркам Жылібера і плошчай Леніна).

Пры гэтым здараліся нават групавыя самазабойствы. Такое адбылося 7 сакавіка 1913 года, калі дзве 20-гадовыя дзяўчыны (Арабакова і Манцэвіч) напіліся карболавай кіслаты. Іх атрымалася ўратаваць, своечасова даставіўшы ў гарадскую лякарню.

Пачатак 1930-х і самагубства пасярод рэстарана

У першыя пасляваенныя гады людзям быццам было не да «ўцёкаў у замагільны свет», але ўсё пачало змяняцца ў 1924 годзе. На той час Гродна, паводле Рыжскага міру, было ў складзе Польшчы. За час Першай сусветнай гродзенцаў стала ўдвая менш: з 58 тысяч у 1913-м іх засталося менш за 25 тысяч у 1916. Аднак ужо ў 1923 годзе ў горадзе над Нёманам налічвалася 40 561 жыхароў, у 1926 — 46 286. Горад працягваў расці да Другой сусветнай.

Павялічвалася і колькасць самагубстваў. Тлумачылі гэта тым, што чалавек, які ва ўмовах вайны жыў на мяжы смерці, фактычна толькі сённяшнім днём, і таму не меў патрэбы выбудоўваць далёкія планы, апынуўся ў новых абставінах. У мірны час на першы план выходзілі такія праблемы, як страта працы, няўдачы ў каханні, непаразуменне ў сям'і. І не ўсе былі здольныя спраўляцца з паразамі на жыццёвым фронце. Для прыкладу толькі за адзін дзень 5 жніўня 1924 года ў Варшаве здарыліся шэсць спроб самагубстваў, з якіх чатыры — жанчыны 18−25 гадоў. У той жа час у Гродне цягам году адбылося 5 самагубстваў (адзін мужчына і 4 жанчыны).

У наступныя гады самагубстваў здаралася больш: у 1925 годзе — 8, у 1926-м — 9. Але гэтыя лічбы яшчэ ніяк не сведчылі, што Гродна можа ператварыцца ў своеасаблівую сталіцу самагубцаў міжваеннай Польшчы. Гэтаму паспрыяў эканамічны крызіс 1929—1933 гадоў. Рэзкі рост самагубстваў назіраўся ў 1930−1931 годзе. Напрыклад, калі ў 1929 годзе ў Варшаве за цэлы год было 102 спробы самагубстваў (з іх — са смяротным зыходам 13), то толькі ў снежні 1930 такіх было 119 выпадкаў (28 са смяротным зыходам).

Паказальная гісторыя здарылася ў чэрвені 1932 годзе ў гродзенскім рэстаране Гірша Фрэйдовіча пры Сенным рынку, дзе бавіла час пара закаханых.

Яны адпачывалі быццам у апошні раз. Замаўлялі найдаражэйшую ежу і напоі, танчылі, а пасля ў адзін момант абодва страцілі прытомнасць. Маладзёнам аказалі першую дапамогу і даставілі ў гарадскі шпіталь. Хлопца выратаваць не ўдалося, жанчына ж апынулася ў вельмі цяжкім стане. Як высветлілася — закаханыя атруціліся сернай кіслатой.

Закаханымі аказаліся Ганна Кукоўская і Вацлаў Малашэўскі з Сувалак. Праўда, мелі яны адну праблему: Кукоўская была жонкай шаўца, у якога Малашэўскі з’яўляўся чаляднікам. Калі муж Ганны стаў сведкам гэтых адносін, ён выгнаў жонку і вучня з хаты. Кукоўская з Малашэўскім не знайшлі лепшага выхаду, як накіравацца ў Гродна, правесці разам апошнюю ноч і разам скончыць жыццё самагубствам.

Як Гродна зрабілася польскай «сталіцай самагубцаў»

Гісторыю Ганны і Вацлава апісалі журналісты і, магчыма, менавіта яна паўплывала на тое, што ў Гродна пасля гэтага пацягнуліся людзі з іншых гарадоў ды мястэчак, якія палічылі яго добрым месцам для свайго адыходу ў іншы свет. «Пабачыць Гродна — і памерці», — пісала адна з гродзенскіх газет таго часу. Колькасць падобных здарэнняў стала настолькі значнай, што «Апошнія гродзенскія ведамасці» за 16 студзеня 1932 года змясцілі зацемку «Эпідэмія самазабойстваў у Гродзеншчыне».

Апытанне тых гасцей горада, чыя спроба самагубства скончылася беспаспяхова, сведчыла: яны абралі Гродна мэтанакіравана. Так, 16 кастрычніка 1934 года адна з газет адзначыла: «Цягам кароткага часу маем другі выпадак самагубства, выкананага людзьмі, якія адмыслова з гэтай мэтай прыехалі ў Гродна з іншых куткоў краю». Гаворка ішла пра настаўніцу з Хэлму і 20-гадовага Мечыслава Борсу з Лодзі. 14 кастрычніка ён паспрабаваў атруціцца воцатнай эсэнцыяй. Для гэтага абраў ціхую вуліцу Млынарскую (сённяшняя вуліцы Чырвонапартызанская), дзе перад адным з дамоў выпіў пляшку з атрутаю. Ратаваць яго паспяшаліся мясцовыя жыхары. Хлопца змясцілі ў гарадскі шпіталь, дзе ён прызнаўся, што падставаю для ўчынку стала няўдалае каханне.

Тую ж самую падставу назваў 9 лістапада 1935 года Канстанцін Млоўскі з Ліпску Аўгустоўскага павету, які выпіў воцатную эсэнцыю ў півярні Фарбера на вуліцы Ерусалімскай, 6 (сённяшняя Антонава) адзін.

Аднак не толькі з-за праблем у каханні некаторыя госці Гродна намагаліся здзейсніць самагубствы менавіта ў нашым горадзе. Другой па папулярнасці прычынай з’яўлялася хвароба. Так, 26 кастрычніка 1938 года ў гатэлі «Гандлёвы» па вуліцы Дамініканскай (сёння Савецкай) у адным з пакояў быў знойдзены павешаным 48-гадовы коміваяжор з Лодзі Саламон-Якуб Левенберг. Ён пакінуў два лісты — адзін да брата, у якога прасіў прыглядзець за сям’ёю, другі са 197 злотымі - для жонкі і трох дзяцей. Саламон-Якуб прызнаўся, што не ў стане больш пакутаваць на хваробу страўніка і таму прыехаў у Гродна, каб тут памерці.

А якія падставы для самагубстваў былі ў міжваенны час найбольш папулярныя сярод самых гродзенцаў?

Суіцыды ў войску

Адной з найбольш уразлівых катэгорый насельніцтва з’яўляліся ў міжваенны час жаўнеры. У Гродна размяшчаліся кіраўніцтва ІІІ вайсковай акругі і некалькі вайсковых адзінак. Газеты рэдка называюць прычыны самагубстваў у войску, але, верагодна, іх прычынаю маглі быць «нестатутныя адносны».

Так, 15 ліпеня 1924 на жытнім полі паміж таварнай станцыяй Ласосна і вайсковым пляцам для стрэльбаў было знойдзена цела жаўнера 81-га пяхотнага палку з Гродна Тадэвуша Вала. Хутчэй за ўсё ён здзейсніў самагубства з уласнай стрэльбы. У ноч з 10 на 11 кастрычніка 1924 года ў гродзенскай камендатуры на ўласнай кашулі павесіўся капрал ІІІ-й асобнай санітарнай роты Б. Таргоўскі. Як сцвярджалі жандармы, Таргоўскага затрымалі нецвярозым на вуліцы, пры чым для гэтага прыйшлося задзейнічаць паліцыю. Раніцай яго цела знайшлі ў камеры.

21 студзеня 1931 года каля Гродна знайшлі цела вахмістра 23-палку гродзенскіх уланаў Казіміра Рабчынскага. Вайскоўца знайшлі побач з чыгуначным шляхам. Ён, найхутчэй, скочыў з цягніка, які ехаў у Варшаву, бо менавіта ў ім знайшлі яго рэчы. Увогуле 23-ы гродзенскі полк уланаў быў вядомы сваімі афіцэрамі, якія вылучаліся дзіўнымі паводзінамі. Напрыклад, 17 верасня 1931 года падпаручнік гэтага палку Грэчанскі падчас знаходжання ў маёнтку Маргуцішкі Магдалены-Бамброўскай забаўляўся з рэвальверам. Каб пераканаць прысутных, што ў ім больш няма патронаў, Грэчанскі прыклаў яго сабе да скроні і націснуў на курок. Стрэл — і паручнік упаў смяротна паранены, памёр у шпіталі ў Вільні.

Часам здараліся і «цуды», як у выпадку вахмістра 3-га палку швадронаў Анджэя Махоўскага. Ён у кастрычніку 1934 года выстраліў сабе ў галаву, але ў выніку застаўся ў жывых — куля прайшла праз правае вока наскрозь.

Суіцыды праз непаразуменне ў сям'і

Непаразуменне ў сям'і з’яўлялася частай прычынай смерцяў. Асабліва ў здавалася б заможных сем’ях. Так здарылася 14 кастрычніка 1924 года (у першы год «эпідэміі самагубстваў» у Гродне) ў выпадку чыноўніка з гарадскога магістрату 39-гадовага Натана Гордзіна. Перад трагічным здарэннем мужчына выязджаў па працы ў Вільню, а па вяртанні не стаў заходзіць у кватэру да жонкі. Усю ноч блукаў побач са сваім домам, а на раніцу падняўся на гарышча і павесіўся. Яго яшчэ жывога знайшлі суседзі, але замест таго, каб зняць Гордзіна з вяроўкі, пабеглі па дапамогу доктара. У выніку пакуль доктар прыйшоў, Гордзін ужо памёр.

У 1931 годзе ў Гродне і ваколіцах здарыліся адразу некалькі гісторый, звязаных з давядзеннем да самагубства з-за праблем у сям'і. Так, 21-гадовы гродзенец Юзаф Ласевіч кінуўся ў Нёман каля вёскі Прыгодзічы і ўтапіўся, а 19-гадовая Андзя Зуконь з вёскі Стральцы павесілася ў стадоле бацкоўскага дому. Перад гэтым ад яе, першай прыгажуні на вёсцы, шмат разоў чулі словы: «Так мне смутна, што я не хачу жыць». Але бацькі і брат не звярталі на гэта ўвагі.

2 лістапада 1934 года жонка інспектара працы Яновіч паспрабавала атруціцца. Яе змясцілі ў шпіталь святога Якуба. Калі ж жанчына прыйшла ў сябе, то першае, што зрабіла — скочыла ў акно з другога паверху на брук. Але атрымала толькі лёгкія пашкоджанні. Прычынай называліся непаразуменні ў сям'і, але па Гродна хадзілі чуткі, што Яновіч стала ахвяраю шантажу.

13 ліпеня 1935 года проста каля брамы дому на вуліцы Пілсудскага, 6 (сёння вуліца Леніна) адзін з будаўнікоў гарадской каналізацыі Алаіз Вярбіцкі паспрабаваў атруціцца і непрытомны быў дастаўлены ў гарадскі шпіталь. Яго ўдалося ўратаваць. Як высветлілася, прычынаю стала сямейная сварка.

5 снежня 1935 года ў 22:35 на вуліцы Млынарскай, 6 з дубальтоўкі стрэліў у сябе Станіслаў Гоздак. Параненага ў левы бок мужчыну даставілі ў гарадскі шпіталь. Паліцыя высветліла, што ў той вечар Гоздак моцна пасварыўся з жонкай, пасля чаго і вырашыў здзейсніць самагубства.

Суіцыды праз каханне

25 ліпеня 1924 года ў ляску каля дарогі на Пышкі гаёвы Станіславоўскіх лясоў Пётр Барцэвіч знайшоў цела маладой жанчыны з прастрэленай скроняй. Ёю аказалася Ганна Гаеўская, якая не вытрымала праблемаў у адносінах з мужам. Дакладней, не здолела больш трываць яго здрадаў і «брутальных паводзінаў». У перадсмяротным лісце да сябра Гаеўская прасіла пра помсту не толькі ў імя ўласнага цяжкага лёсу, але і іншых шматлікіх жанчынаў, якія сталі ахвярамі такіх адносінаў.

У траўні 1932 года 20-гадовая Браніслава Багуціньска з вул. Пушкінскай, 6 з-за кахання вырашыла скончыць жыццё самагубствам. Пры дапамозе брытвы яна парэзала сабе рукі, але своечасова была дастаўленая ў шпіталь. У той жа дзень Мікалай Янушэўскі з вуліцы Зялёная, 6 выпіў воцатную эсэнцыю, але быў выратаваны роднымі.

Таксама з-за кахання 19 ліпеня 1938 года ў лесе каля вёскі Горніца здзейсніла спробу самагубства жыхарка вуліцы Роў (сучасны раён вуліцы Шчаснага і завода «Белкард») Яна Мыцянінаўна. А 21 ліпеня таго ж года ў 1.30 каля заапарку Каміла Былеўская з вуліцы Ягелонскай, 44 (сёння Будзёнага) выпіла тры бутэлечкі ёду, але ў шпіталі ёй аказалі неабходную дапамогу.

Увогуле пра суіцыды праз каханне даволі часта пісалі міжваенныя газеты. Часам гісторыі, якія здараліся ў іншых кутках Заходняй Беларусі, проста ўражваюць. Некалькі пракладаў:

25 ліпеня 1931 года ў Маладзечне дзяўчаты з вёскі Ружкі Таццяна Шафаловіч і Марыя Шыда трапілі ў вельмі цяжкім стане ў шпіталь з атручваннем сульфаціраванай кіслатой. Яны сябравалі з дзяцінства. Калі ж Таццяна перажыла цяжкую трагедыю з-за таго, што яе нарачоны за два дні да шлюбу з ёю ажаніўся з іншай, Марыя прапанавала яму адпомсціць і дастала атруту. Аднак замест атруціць нявернага каханка Шафаловіч вырашыла скончыць самагубства сама. Калі ж яна прыняла атруту і Шыда ўбачыла гэта, то, каб пазбегнуць судовай адказнасці, таксама прыняла атруту.

У красавіку 1935 года ў Лынтупах на Пастаўшчыне судовы сакратар Янушкевіч некалькі разоў стрэліў у суддзю Кузніцкага, цяжка яго параніўшы, а затым сам скончыў жыццё самагубствам. Янушкевіч пакінуў перадсмяротны ліст да сваёй нарачонай Ганны Гарныш. У гэтым лісце ён клікаў да сябе нарачонаю словамі: «Прыйдзі сёння канчаткова да мяне». Гарныш зразумела гэта літаральна і 17 красавіка паспрабавала здзейсніць самагубства, выпіўшы воцатавай эсэнцыі. У цяжкім стане яе даставілі ў шпіталь.

Суіцыды праз працу

15 лютага 1932 года ў Гродне здзейсніў самагубства бухгалтар кааператыву «Еднасць» Уладзімір Вейхер. Хутчэй за ўсё гэта адбылося з-за хуткай рэвізіі. У Вейхера засталіся жонка і дзіцё.

27 кастрычніка 1934 года пад колы аўтобуса з мэтаю самагубства кінулася прастытутка Меланія Сталь на вуліцы Ягелонскай. Але аўтобус своечасова спыніўся, нанёсшы ёй толькі лёгкія пашкоджанні цела. Яе даставілі ў гарадскі шпіталь.

29 кастрычніка 1934 года спробу самагубства здзейсніла Браніслава Мыслівец са Скідзельскай плошчы, 3 (сённяшняя плошча вакол аўтавакзала). Яна выпіла воцатавую эсэнцыю, бо страціла працу і не магла доўга знайсці новай. У цяжкім стане жанчыну даставілі ў гарадскі шпіталь.

11 снежня 1934 года ў вёсцы Верхполе (гміна Гожа) здзейсніў самагубства Ян Песцюк, гаёвы дзяржаўных лясоў. Ён павесіўся ў адной з сельскагаспадарчых пабудоў. Прычынай стала страта дзяржаўнай пасады.

Вядомы ў вузкіх колах ашуканец Каплан Танхен прыехаў у Гродна для ажыццяўлення сваіх не надта легальных заняткаў. Аднак тут сустрэў сваё каханне Лолу Вайсман з вуліцы Ткацкай. Ён не толькі ажаніўся на дзяўчыне, але і вырашыў завязаць з крымінальным светам, уладкаваўшыся ў гарбарню Кагана. Аднак доўга быць звычайным рабочым Каплан не здолеў. Ён прыдумаў падпрацоўку: стаў збіраць людзей для нелегальнага выезду на працу ў… СССР. Ахвочых хапала не толькі з Гродна, але і з Індуры, Крынак, Саколкі і Беластоку. За «падарожжа» трэба было заплаціць ад 100 да 500 злотых. Так Каплан азалаціўся на тысячы злотых. Аднак праблема ўзнікла тады, калі замест нелегальнага пераходу мяжы першыя ж кліенты апынуліся за кратамі. З-за страху перад помстаю Каплан уцёк у Баранавічы, дзе ў сярэдзіне снежня 1934 года пусціў сабе кулю ў скронь.

Суіцыды праз цяжкі матэрыяльны стан

У 1932 годзе Гродзеншчына перажывала новую «эпідэмію самагубстваў», як пісалі газеты, калі цягам першых двух тыдняў новага году адбылося адразу тры суіцыды.

10 студзеня ў падвале свайго дому па вуліцы Дамініканскай, 18 (сёння Савецкай) павесіўся Густаў Баўм, уладальнік сталярні па вытворчасці трунаў. Прычынаю сталі праблемы з выплатай падаткаў.

16 студзеня жонка памешчыка Анатоля Матушынскага застрэлілася з рэвальвера. Напярэдадні, 14 студзеня, ёй паведамілі пра фінансавыя цяжкасці і таму яна ў Новым Двары скончыла жыццё самагубствам.

1932 год — відавочна, адзін з найбольш ураджайных на самагубствы на Гродзеншчыне праз матэрыяльныя цяжкасці. Некаторыя выпадкі асабліва ўражваюць. Так, 7 кастрычніка адбыліся адразу два самагубствы ў Гродзенскім павеце. Тады Аляксей Аляксееў, 70-гадовы селянін з вёскі Краснае (сёння Бераставіцкі раён) нанёс сабе чатыры ўдары сякерай па левай руцэ, каб ускрыць вены. У вёсцы Пронькі Якуб Ходзін сам ударыў сябе нажом у жывот, але калі адчуў, што надта доўга будзе паміраць, тады ўзяў ды і павесіўся.

Суіцыды праз вучобу

У 1932 годзе пасля няўдалага экзамену ў Гродне застрэліўся выпуснік на прозвішча Зялінскі. Аднак найбольш гарадзенцаў уразіла тады гісторыя іншага выпускніга дзяржаўнай мужчынскай гімназіі - Мечыслава Ядкоўскага.

Ядкоўскі, які апынуўся няздольным да вывучэння лацінскай мовы, цягам году карыстаўся дапамогай прафесара Піндзельскага. Але, нягледзячы на гэта, праваліў экзамен. Будучы прызыўнога ўзросту, ён цяпер павінен быў адправіцца ў войска. Аднак адразу ж пасля экзамену Ядкоўскі знік, праз што бацькі адвесцілі яго ў вышук. Каля вёскі Грандзічы выпадкова знайшлі яго парванае школьнае пасведчанне і вопратку. Усё сведчыла на тое, што Мечыслаў скончыў жыццё самагубствам. Цела яго знайшлі каля вёскі Куколі, бацькі і брат апазналі яго ў гарадской бальніцы. Аднак якое было здзіўленне, калі паліцыя пасля абследавання цела знайшла на ім сляды ўдушэння, а ўвесь «суіцыд» выглядаў як інсцэніроўка. На жаль, абставіны гэтай справы да канца невядомыя.

Суіцыды праз хваробы

Суіцыды праз хваробу ў Гродне былі рэдкай з’явай, у адрозненні ад Гродзенскага павету. Напрыклад, 10 ліпеня 1931 года ў вёсцы Марцінаўцы (гміна Лунна) у стадоле Яна Сырэя павесілася дзяўчына Юльяна Лука, псіхічна хворая, якая знаходзілася на яго ўтрыманні. 14 жніўня 1931 года 68-гадовы жыхар вёскі Сташынцы (гміна Вялікая Бераставіца) скончыў жыццё самагубствам, а 6 кастрычніка ўначы ўся вёска Глебавічы абудзілася з-за пачутага стрэлу. Як высветлілася, гэта з ружжа застрэліўся Уладзімір Шышко, які не вытрымаў працяглай хваробы. Часам вяскоўцы пакідалі і перадсмяротныя лісты, у якіх тлумачылі прычыну свайго ўчынка. Так 30 снежня 1934 года зрабіў 46-гадовы Сымон Таранка з вёскі Лакно (гміна Азёры). У лісце да сям'і ён распавёў, што сканчае жыццё з-за невылечнай хваробы.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024

«Планую паўтарыць гербарый Элізы Ажэшкі». Гродзенка 20 гадоў працавала ветлекарам, а цяпер пляце вянкі на заказ

Гродзенка Ганна Таркоўская амаль круглы год збірае травы, а пасля пляце з іх вянкі. За…

11 лістапада 2024