Сёлета найстарэйшы тэатр Беларусі, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы ў Мінску, распачынае свой соты тэатральны сезон. У Гродна тэатр прывязе сваю «візітоўку», свой найстарэйшы спектакль — «Паўлінку», і адносна новую пастаноўку «Рэвізор». Але гродзенцы змогуць паглядзець і іншыя спектаклі тэатра — з гэтага сезона будуць весціся прамыя бясплатныя трансляцыі на відэасервіс VOKA кампаніі А1.
Гэта соты сезон тэатра, а ў 2020 годзе ў верасні будзе 100-гадовы юбілей: тэатр пачаў працаваць раней, чым быў афіцыйны загад кіраўніцтва БССР.
Генеральны дырэктар тэатра цяпер — Павел Латушка, былы міністр культуры і амбасадар Беларусі ў Францыі. Ён кажа, што яго стратэгія — умацаванне беларускасці: беларускага слова, беларускай літаратуры, драматургіі, дзяржаўнасці і незалежнасці.
Ужо складзеная папярэдняя карта гастроляў тэатра па Беларусі. 25 і 26 кастрычніка будуць спектаклі ў Гродне, 31 жніўня — у Слоніме. 25 верасня ў Беластоку пакажуць «Пінскую шляхту». «Там жыве шмат беларусаў і запатрабавана беларуская культура», — кажа Латушка. У снежні «Купалаўскі» павязе ў Парыж спектакль «Ураджай» па п’есе Паўла Пражко.
Тэатр плануе развіваць і праектую дзейнасць: «Легенды Купалаўскага тэатра», «Экскурсіі пра спектакль», прысвечаныя асобным спектаклям, «Музычныя вечары ў Купалаўскім». Сучасную беларускую літаратуру будуць прадстаўляць на камернай сцэне. Пачнецца выпуск часопіса, які будзе расказваць не толькі пра сам тэатр, але і пра тэатральныя працэсы ў іншых краінах свету.
«Рэвізор» — дастаткова свежая пастаноўка, першы раз яе паказалі ў студзені 2018 года. Пераклала п’есу Марыя Пушкіна, рэжысёр-пастаноўшчык - Мікалай Пінігін. Гэты спектакль — лаўрэат Нацыянальнай тэатральнай прэміі ў трох намінацыях: «Найлепшы драматычны спектакль», «Найлепшая работа рэжысёра» і «Найлепшая мужчынская роля» (Віктар Манаеў за роль Гараднічага). Чыноўнікі ў пастаноўцы размаўляюць на чысцюткай трасянцы.
«Паўлінка» ўпершыню была пастаўлена ў 1913 годзе ў Вільні. У 1917 годзе спектакль распачаў дзейнасць Першага беларускага таварыства драмы і камедыі, якое пазней і пераўтварылася ў Купалаўскі тэатр.
«П'еса ставілася ў 1944 годзе ў эвакуацыі, яна захаваная як музейны спектакль, у гэтым каштоўнасць», — растлумачыў мастацкі кіраўнік тэатра Мікалай Пінігін, і прапанаваў палічыць, колькі ёй год. Сёлета — 75. У гэтым годзе тэатр плануе таксама паказаць п’есу на радзіме Янкі Купалы — у Вязынцы.
«Гастролі - гэта заўсёды кампраміс паміж тымі, хто запрашае — нашымі гродзенскімі партнёрамі, — што б яны хацелі пабачыць з рэпертуару, тым, што мы лічым вартым паказу з мастацкага боку, і фінансавым бокам. Паказ вялікага спектакля каштуе даволі значную суму» — прызнаўся Павел Латушка.
Сёлета кампанія А1, генеральны спонсар сотага сезона, арганізуе анлайн-трансляцыі з тэатральных паказаў. Першая будзе 21 верасня, гэта пастаноўка Рамана Падалякі «Радзіва"Прудок». Спектакль ставіцца на камернай сцэне, білетаў няшмат, а цікаўнасць вялікая.
«Як партнёры мы найперш мусім не перашкаджаць», — кажа намеснік генеральнага дырэктара А1 па лічбавых платформах і кантэнце Антон Бладзік.
— Мы будзем рабіць трансляцыю з розных камер, у высокай якасці. Цяпер думаем, як быць з гукам, бо ў актораў няма мікрафонаў. Цяжкасцяў шмат. Важна, каб гледачы ў залі бачылі актораў і іх эмоцыі, а не спіну аператара. Але мы не першыя, у многіх замежных тэатрах трансляцыі робяцца ўжо шмат гадоў.
Гэта будуць прамыя эфіры ў час спектакля, паглядзець з архіва будзе немагчыма. Мяркуюць зрабіць 11 анлайн-трансляцый, каб была магчымасць паглядзець усе знакавыя пастаноўкі.
У юбілейны сезон тэатр адновіць культавую пастаноўку «Тутэйшыя», якую цяпер у Беларусі ставяць толькі ў Гродзенскім абласным тэатры лялек.
«Напрыканцы сезона, у чэрвені, я вымушаны паставіць спектакль „Тутэйшыя“, — менавіта так кажа Мікалай Пінігін. — Я не хацеў гэтага рабіць. Гэта быў легендарны спектакль, у 91-м годзе была прэм’ера. П’еса знікла з рэпертуара ў 1926 годзе. Забароненая п’еса Купалы ў Купалаўскім тэатры, пасля БССР — незалежная краіна Рэспубліка Беларусь. Трэба вярнуць усе тыя абставіны, каб тое ж самае адбылося. З іншага боку, мяне шмат людзей прасілі гэта зрабіць, гэта найлепшая п’еса Купалы».
«Пакуль кантыненты не сутыкнуцца, мапа свету цалкам не зменіцца, мы будзем паміж Усходам і Захадам, пра гэта і пісаў Купала».
Канцэпцыі спектакля яшчэ няма, склад актораў таксама не вызначаны.
У планах была і пастаноўка спектакля па кнізе «Яблычак» Сяргея Пясецкага, але яна адкладаецца. «Праблема толькі ва мне, — тлумачыць Пінігін. — Я ўжо трэцяму чалавеку замовіў п’есу. Я сам не пішу, і пакуль не будзе якаснай п’есы, не буду за гэта брацца. Спектакль будзе называцца „Блатныя і фраеры“, гэта касавая назва. Менск, ідыш, і феня, якая паўстала з ідышу». Гэта кніга пра час абвяшчэння БНР, калі праз першую сусветную вайну Мінск стаў месцам прыцягнення і росквіту злачынцаў і махляроў. Яна напісаная як бы знутры маргінальнага свету, які ўсё ж меў свае кранальныя гісторыі.
У снежні паставяць «Кароль Лір», будзе занята амаль уся мужчынская частка трупы, у якой агулам блізу 60 чалавек. «Перакладчык п’есы — Юрка Гаўрук, геніяльны перакладчык, былы вязень сталінскіх лагераў». У студзені пачынаюцца рэпетыцыі пластычнага спектакля «Мой Шагал», па творах Марка Шагала. Яго будзе ставіць Сяргей Зямлянскі, знакаміты маскоўскі рэжысёр. Прыедзе вялікая пастановачная група.
Актор і рэжысёр Раман Падаляка, той самы, які паставіў «Радзіва «Прудок» па нашумелай кнізе Андрэя Горвата, таксама расказаў пра свае тэатральныя планы і мары. Напрыклад, ён рыхтуе для камернай сцэны незвычайны спектакль «1» / «Першы».
«Хочацца дакрануцца фармату, калі спектакль складаецца з рэальных гісторый рэальных людзей. Мы нараджаемся як адзін чалавек, паміраем як адзін чалавек, сутыкаемся з першымі пачуццямі, першым каханнем, першай стратай. Першыя, хто будзе адкрывацца мне — гэта акторы са сваімі ўласнымі гісторыямі, я спадзяюся, яны дапоўняцца гісторыямі нашых гледачоў. Гэта эксперымент».
Падаляка распавёў, што мае ў планах працу з папулярнымі беларускамоўнымі кнігамі, якія «гучаць»: з некалькімі рэжысёрамі і акторамі зрабіць эскізы да гэтых твораў, паказаць аўтарам. На яго думку, сучаснай беларускай драматургіі амаль няма, таму ён абраў такі шлях стварэння спектакляў. Таксама ён плануе да канца года зрабіць пастаноўку «Колер Беларусі»: па візуальных творах дызайнера і мастака, аўтара «Народнага альбома» Міхала Анемпадыстава, яго вершах, успамінах аб ім.
Сярод аўтараў, з якімі Падаляка хацеў бы папрацаваць — Віктар Марціновіч, Альгерд Бахарэвіч, Святлана Алексіевіч.
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…