Яўген Дарагуш праграміст паводле адукацыі і фермер паводле паклікання. Некалькі гадоў таму ён выкупіў участак з сажалкай і старым млыном каля Юбілейнага возера. На ўчастку ён пасадзіў экзатычныя ягады, а ў сажалцы разводзіць фарэль. Пра тое, як плануе развіваць свой агратурыстычны бізнес і пра спосабы пахудання з дапамогай ягад годжы ён распавёў Hrodna.life.
Пра ягады годжы Яўген даведаўся ў 2004 годзе. Спачатку ставіўся да іх скептычна, а вырошчваць іх нават думкі не было.
«Ягады годжы прыйшлі з Тыбету ў Амерыку, а затым хайп злавілі еўрапейцы. Я тады падумаў - спам нейкі», — успамінае Яўген.
Пра ягады ён не ўспамінаў да таго часу, пакуль самому не прапанавалі іх вырошчваць.
«Сябры мне кажуць: ведаем, што ў цябе ёсць зямля. Чаму б не пасадзіць там ягады годжы?»
Падумаўшы, Яўген пагадзіўся. Ягады незвычайныя і прыцягваюць увагу. Людзям цікава, што гэта такое, з чым іх ядуць і ці сапраўды гэтыя ягады дапамагаюць схуднець.
Услед за амерыканцамі ягадамі годжы сталі цікавіцца еўрапейцы. Першыя саджанцы выгадавалі ў Балгарыі. Затым іх сталі вырошчваць у Польшчы і прапанавалі Яўгену працягнуць справу ў Беларусі.
«Падумаў: а чаму б не паспрабаваць? Але тады ягад годжы ў нас не ведалі, ні ў якіх рэестрах яны не значыліся. Іх нельга было ўнесці ў якой-небудзь прадукт. Ні каларыйнасць, ні іншыя параметры не былі прапісаныя ў нашых дакументах. Толькі з мінулага года яны ў Беларусі на „законных падставах“».
Частка тэрыторыі, якая не прыдатная для земляробства, засаджана ялінкамі. Пакуль яны растуць, вырабляюць кісларод, паляпшаюць экалогію. Пад Новы год яны пойдуць у продаж. Частка зямлі занятая іншымі культурамі, частка знаходзіцца ў працэсе паляпшэння ўрадлівасці - пад сідэраты. Больш за ўсё месца займаюць ягады годжы.
Зараз самы вялікі ягадны куст трохі вышэй за метр. Яўген кажа, што дарослыя кусты будуць вышэй трох метраў.
Квітнеюць яны позна, а пладаносяць да маразоў. З доглядам за плантацыяй спраўляецца сваімі сіламі. Праполка, культывацыя, паліў - гарадскому жыхару ў задавальненне.
«Мы так праходзімся культыватарам і пустазелле само па сабе перагнівае, павышае ўрадлівасць глебы. Гэта трошкі складаней, чым хіміяй, але затое ўсё натуральнае».
«За зіму пару кілаграмчыкаў набралася, трэба скінуць», — дзеліцца Яўген уласным вопытам пахудання з дапамогай ягад годжы.
Каб з праграміста стаць фермерам, даводзіцца шмат вучыцца і пераймаць вопыт. Для гэтага Яўген ўдзельнічае ў міжнародных адукацыйных праграмах. У гэтым годзе ён стаў удзельнікам праекту «Зялёная сельская гаспадарка без межаў». Праект фінансуе Еўрапейскі саюз у рамках праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва Латвіі, Літвы і Беларусі. Абмен вопытам у праекце дапаможа ўдзельнікам вырошчваць экалагічна-чыстую прадукцыю і сертыфікаваць яе для прасоўвання на Еўрапейскім рынку. Для гэтага Еўрасаюз выдзеліў каля 300 тысяч еўра.
«У сваёй фермерскай гаспадарцы не выкарыстоўваю ніякіх пестыцыдаў», — распавядае Яўген. Паводле яго слоў, палепшыць урадлівасць зямлі можна натуральнымі спосабамі. Калі па-старому — то гноем. Яго «вырабляе» суседскі конь Орлік. Але ёсць і больш сучасныя спосабы.
«Па прафесіі я праграміст. Але ў часы інтэрнэту усё проста. Паглядзеў ютуб — і ты трохі аграном», — жартуе Яўген Дарагуш. З інтэрнэту і ад замежных калегаў-фермераў ён даведаўся аб зялёных угнаеннях — сідэратах.
Гэтыя расліны саджаюць спецыяльна, каб палепшыць структуру глебы і ўзбагаціць яе азотам. Ён падтрымлівае карысныя расліны і прыгнятае пустазелле. Сідэраты не трэба вырошчваць да паспявання. Праз некаторы час іх закопваюць у глебу і яны самі становяцца арганічным угнаеннем.
«Сідэраты няшмат спажываюць з зямлі, але генеруюць карысныя рэчывы. Потым іх скошваюць, а зямлю пераворваюць. У выніку натуральным спосабам павышаецца ўрадлівасць».
У гэтым годзе Яўген прывёз на ўчастак тры вялікія мяхі грэчкі. Менавіта яна павінна павысіць урадлівасць. Таму што грэчка — адзін з самых эфектыўных сідэратаў.
Тое, што грэчку прыйдзецца закопваць у зямлю, для Яўгена сталася шокам: «Я вельмі люблю грэчку, проста выдатная каша. Я есці яе люблю. Памятаеце, як у фільме „Аперацыя Ы“: Разбіць паўлітра? Дашчэнту? Так і я: грэчку? У зямлю? Як гэта?»
Вырасціць грэчку ў Гродне да паспявання не атрымаецца. У нас халаднавата. Яна доўга спее, любіць цяпло і ваду. А вось палепшыць глебу грэчка дапаможа і гродзенскім фермерам.
Праўда, сеяць яе ўсё роўна трэба, калі цёпла. «У нас грэчку не асабліва шануюць, таму што яна баіцца маразоў. Мінус два і яна гіне. Таму я зараз зямлю падрыхтоўваю, буду яе засейваць, калі відавочна пацяплее».
У гэтым годзе Яўген атрымаў дазвол пабудаваць на ўчастку невялікі «Дом рыбака».
«Ён будзе не для жылля, а для абслугоўвання турыстаў. Можна будзе чаю ці кавы тут папіць і нават экскурсіі правесці».
Нагода для экскурсій — стары вадзяны млын. Ён — адзіны, які захаваўся ў рэгіёне. Гісторыя мясцовасці таксама зацікавіць турыстаў, упэўнены Яўген. У часы ВКЛ тут жылі татары, якія займаліся земляробствам і разводзілі фарэль. Ад іх і назва мясцовай рэчкі - Татарка, і планы самога Яўгена разводзіць фарэль.
«Калі ачышчаў сажалку, збіўся з падліку, колькі тут крыніц. А фарэль любіць месцы з самай чыстай вадой. Таму перспектыва для развядзення рыбы добрая. Я першапачаткова хацеў займацца рыбаводствам, бо рыбу люблю. Селядзец і грэчка — гэта мая ежа. А калі гэта фарэль, то ўвогуле супер».
Фарэлевая ферма, на думку Яўгена, таксама можа стаць славутасцю рэгіёна — і дарослыя, і дзеці любяць рыбку пакарміць. І купіць рыбу таксама будзе цікава. Для мясцовых будзе свежая фарэль, для прыезджых — вэнджаная.
У планах ёсць і ўласная прадукцыя з годжы. У мінулым годзе ён ужо спрабаваў рабіць заправу з гэтых ягад. Пакуль — для сябе. Падліўцы з памідораў, цыбулі і часныку годжы дадаюць цікавы смак. «Вось такі соус дакладна буду турыстам прапаноўваць».
А яшчэ турыстам і гараджанам напэўна спадабаецца мясцовая прырода. Паўгадзіны ад горада — і ты ўжо ў іншым свеце. «Месцы тут прыгожыя, — кажа Яўген. — На сажалцы лебедзі гняздуюцца, качкі плаваюць, шэрыя чаплі жывуць. На дрэвах — вавёркі. З лесу зайцы прыходзяць. Ім таксама цікава ягады пакаштаваць».
Яўген не збіраецца спыняцца на тым, што ёсць. У 2020 годзе ён хоча стаць самым экасяброўскім фермерам. Нядаўна падаў заяўку на конкурс «Экалагічна дружалюбны фермер Балтыйскага рэгіёну — 2020». У конкурсе могуць удзельнічаць прадстаўнікі фермерскіх і іншых невялікіх сельскагаспадарчых вытворчасцяў. Прызавы фонд — 1000 еўра. На думку Яўгена, шанцы ў яго ёсць.
Артыкул падрыхтаваны ў рамках сумеснага праекта з EU Neighbours East «СВОЙ КРАЙ: ПАРТРЭТЫ». Погляды, выяўленыя ў тэксце, належаць выключна аўтару артыкула.
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…