Гродзенскі краязнаўчы клуб з 12 сакавіка прадставіў у гандлёвым цэнтры OldCity выставу старых фотаздымкаў пад назвай «Пяціхвілінка». На ёй можна ўбачыць, як апраналіся гродзенцы і дзе фатаграфаваліся 90 гадоў таму. Гэта першы публічны праект нядаўна створанага гродзенскага краязнаўчага клуба. Пра клуб і выставу распавядае адзін са стваральнікаў Руслан Кулевіч.

У пачатку года на прэзентацыі кнігі «Гісторыі з гродзенскіх вуліц» журналіст Hrodna.life Руслан Кулевіч заявіў аб стварэнні ў Гродне краязнаўчага клуба для папулярызацыі гісторыі горада.

— Сёння жадаючых займацца краязнаўствам шмат. Гэта ў асноўным моладзь. Я заўважыў гэта па сваіх чытачах, калі яны мне дапамагалі шукаць старажылаў на другую кнігу ці калі неслі старыя рэчы і фатаграфіі на офіс. Але адразу запрасіць усіх у клуб я проста не мог. Таму для пачатку запрасіў у каманду правераных хлопцаў, якія ўжо нешта зрабілі для горада. Гэта гісторык Саша Перагудаў, экскурсавод Міша Нарынкевіч і некалькі іншых хлопцаў. З-за пастаяннай працы адзін я б не змог запусціць клуб.

OldCity прадаставіў добрае месца для выставы

Першая сустрэча краязнаўчага клуба прайшла ў лютым. Тады ж і прыйшла ідэя зрабіць выставу старых фатаграфій у OldCity.

— У першую чаргу мы стварылі старонку ў Instagram і кожны дзень знаёмім гродзенцаў з цікавымі месцамі або фактамі з гісторыі горада. Паколькі ў нас вялікая колькасць старых фотаздымкаў, мы вырашылі іх публічна паказваць у горадзе. Першая пляцоўка — гандлёвы цэнтр OldCity. Звярнуліся да адміністрацыі і яны пайшлі нам насустрач — далі добрае месца на другім паверсе.

Мы падабралі шмат цікавых здымкаў гараджан з 1930-х. Пакуль толькі фатаграфіі, без подпісаў, але і так наведнікі цэнтра вельмі пільна разглядаюць іх. Хутка кожны здымак падпішам.

«Такія здымкі ёсць практычна ў кожнай карэннай гродзенскай сям'і»

На выставе прадстаўлена 70 фотаздымкаў з архіваў гродзенцаў. У асноўным усе яны зроблены ў канцы 1930-х гадоў на рагу вуліц Ажэшкі і Дамініканскай (суч. Савецкая).

— Гэтую выставу назвалі проста «Пяціхвілінка». Па-першае, яе можна паглядзець за пяць хвілін. А па-другое, вулічных фатографаў у цэнтры Гродна ў міжваенны час называлі ў народзе «пяціхвілінка». Самым папулярным месцам у 1930-х гадах, дзе фатаграфавалі гродзенцаў, быў кут Ажэшкі і Дамініканскай. Людзі ідуць, а фатограф іх здымае. Пасля дае квіток і запрашае ў свой салон паглядзець пробнікі. Калі здымак падабаўся, то афармляўся заказ і праз некаторы час кліент атрымліваў фатаграфію.

Зыходзячы з маёй практыкі, такія здымкі з цэнтра Гродна ёсць практычна ў кожнай карэннай гродзенскай сям'і. За савецкім часам вулічная здымка была ўжо іншая, як уласна і мода ў гараджан. За тры гады я перагледзеў тысячы розных фатаграфій гродзенцаў, — кажа Руслан Кулевіч.

Выстава старых фотаздымкаў прабудзе ў OldCity больш за месяц. Пасля яна будзе выстаўляцца ў розных месцах горада.

— З гандлёвым цэнтрам мы паспрабуем рэалізаваць некалькі праектаў. Ім гэта цікава і нам таксама. Той жа праект Сашы Перагудава з фотапараўнаннем старога і новага горада можам прадставіць. А што тычыцца выставы «Пяціхвілінка», яе пасля OldCity было б лагічна для пачатку выставіць каля ЗАГСу на Савецкай. Вельмі сімвалічна, якраз побач з гэтым месцам і рабілі здымкі 90 гадоў таму.

Экскурсіі, лекцыі, экспедыцыі

Выставамі старых фотаздымкаў краязнаўчы клуб не плануе абмяжоўвацца. У планах шмат цікавых праектаў.

— Фотавыстава — гэта праект каб заявіць пра сябе. А так мы плануем рабіць бясплатныя экскурсіі для гараджан. Раз у месяц гэта дакладна. Некалькі нашых хлопцаў ужо пацвердзілі ўдзел у Фэсце экскурсаводаў. Акрамя гэтага мы хочам раз у месяц рабіць лекцыі з цікавымі гродзенцамі. Гэта могуць быць гісторыкі, калекцыянеры, старажылы горада і іншыя. Многія да мяне звяртаюцца з пытаннем: як пачаць вывучаць радавод. І на гэтую тэму мы правядзем лекцыю.

Таксама хацелася б зрабіць шэраг экспедыцый па Гродзенскім раёне: праехацца па вёсках, пагутарыць са старажыламі, паглядзець фатаграфіі і запісаць іх гісторыі. Ну і яшчэ нам бы хацелася зрабіць які-небудзь гістарычны квэст для жыхароў горада. Ідэй шмат, паглядзім што з гэтага ўсяго атрымаецца.

https://www.instagram.com/p/B9glydjHRwb/

Прэзентацыя краязнаўчага клуба пройдзе бліжэй да траўня. Тады ж у яго змогуць уступіць усе тыя, хто цікавіцца гісторыяй горада ці хацеў бы гэтым займацца. А пакуль за дзейнасцю краязнаўцаў можна сачыць у Instagram.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]