Чытач Hrodna.life Антон Бажко прапануе гарадскім уладам стварыць новы прыпынак на вуліцы Віленскай. Гродзенец упэўнены, што рэалізацыя яго ідэі палепшыць перамяшчэнне па горадзе на грамадскім транспарце.
«Я восем гадоў падымаўся па ўзгорку на прыпынак „Рэмбыттэхніка“. І вось нядаўна, калі стаяў з сябрамі каля ЗАГСу [на Ажэшкі - рэд.] і выбіраў, на які бліжэйшы прыпынак ісці, прыйшла ідэя зрабіць новы. А чаму б і не? Пачаты месяц таму рамонт вуліцы паскорыў працэс візуалізацыі маёй ідэі», — распавядае Антон.Антон вучыцца ў ГрДУ на факультэце мастацтваў і дызайну, таму без праблем намаляваў сваю прапанову. А нам распавёў, якія ў яго ідэі ёсць перавагі і недахопы.
Перавагі новага прыпынку на Віленскай
- Больш камфорту пры перамяшчэнні па горадзе.
- Павялічыцца колькасць пасажыраў, а значыць павялічыцца акупнасць грамадскага транспарту.
- З’явіцца прамежкавы прыпынак на адным з самых доўгіх перагонаў у горадзе («Дом Мураўёва» — «1-я паліклініка»), які складае 945 метраў. Паводле нормаў, прамежкавыя прыпынкі павінны размяшчацца на адлегласці 500−700 метраў.
- Прыпынак будзе размяшчацца паблізу буйнога гандлёвага цэнтра «Нёман» і пешаходнай Савецкай вуліцы, што будзе падтрымліваць пасажырапаток.
- Прыпынак будзе размяшчацца на адносна роўным рэльефе мясцовасці, без моцнага ўхілу ў параўнанні з прыпынкам «1-я паліклініка».
- Не прыйдзецца ўзбірацца па ўзгорак да бліжэйшага прыпынку «1-я Паліклініка», які знаходзіцца ў 270 метрах ад прапанаванага месца новага прыпынку.
- Новы прыпынак можа стымуляваць адмову ад асабістага транспарту для наведвання цэнтра горада, бо зручней стане прыязджаць на грамадскім транспарце. Знізіцца шумавая нагрузка ў цэнтры Гродна і выкіды СО2.
- Не прыйдзецца пераносіць апоры асвятлення, бо яны не будуць перашкаджаць прыпынку.
Недахопы новага прыпынку
- Прапанова адбярэ 10 парковачных месцаў на платнай стаянцы. Але Антон кажа, што гэтыя месцы і так часта пустуюць.
- Магчыма, спатрэбіцца змена ў кантактнай падвесцы тралейбусаў.