Гродзенскі футбольны клуб упершыню ў сваёй гісторыі прайшоў тры раўнды Лігі канферэнцый. Зараз у яго ёсць тэарэтычная магчымасць упершыню згуляць у асноўным раўндзе еўракубкаў. Для гэтага «Нёману» неабходна адолець каманду з топ-чэмпіянату — іспанскі «Райо Вальекано». Ці ёсць шанцы?
Першы матч раўнда плэй-оф Лігі канферэнцый паміж «Нёманам» і «Райо Вальекано» пройдзе 21 жніўня ў Сегедзе. Пачатак у 21.00 па беларускім часе. Букмекеры прапануюць на перамогу іспанцаў каэфіцыент — 1.19. То бок, у іх фактычна няма сумневаў у перамозе «Райо Вальекано». Перамога «Нёмана» ацэньваецца каэфіцыентам 8.11.
У Гродне на Савецкай плошчы арганізуюць для гродзенцаў прамую трансляцыю матчу. З 19.00 заўзятараў чакаюць конкурсы з падарункамі, зона фудкорта і музычная праграма.
Матч у адказ пройдзе 28 жніўня ў Мадрыдзе, ён таксама пачнецца ў 21.00 па беларускім часе.
Для беларусаў зрабілі выключэнне
Выступленні на міжнароднай арэне зачыненыя для большасці спартсменаў з Расіі і Беларусі з 2022 года — пасля пачатку вайны Расіі супраць Украіны. Для беларускага футбола зрабілі выключэнне. Клубы і зборныя засталіся ў міжнароднай футбольнай сям'і, але для іх увялі абмежаванні. Напрыклад, матчы не могуць праводзіцца на тэрыторыі Беларусі, а хатнія гульні павінны праходзіць на нейтральнай палях і без гледачоў. «Нёман» у якасці хатняга абраў стадыён «Альцуфер» у венгерскім горадзе Дзьер, дзе ў еўракубках выступае ўжо трэці год. Але гульня супраць «Райо Вальекана» пройдзе на іншым стадыёне Венгрыі - «Санкт-Гелерд» у Сегедзе.
Як «Нёман» выступаў у еўракубках раней?
Для гродзенскага клуба гэта сёмы старт у еўракубках. Пяць з спроб згуляць у Еўропе заканчваліся для «Нёмана» правалам ужо на першай стадыі. Так гэта было год таму, калі каманду Ігара Кавалевіча разграміў румынскі «Клуж» — 0:5. Першы ўдалы вопыт быў у сезоне 2023/2024 у той жа Лізе канферэнцый. Тады «Нёман» змог прайсці два раўнды, выбіўшы «Вадуц» з Ліхтэнштэйна і мальтыйскі «Бальцан». Але не знайшоў аргументаў супраць славенскага «Цэле» саступіўшы па суме матчаў 1:5.
Цяпер жа камандзе Ігара Кавалевіча ўдалося ўпершыню ў сваёй гісторыі прайсці адразу тры раўнды, выбіўшы па дарозе армянскі «Урарту», славацкі «Кошыцэ» і фарэрскі «Клаксвік». Цяпер у раўндзе плэй-оф «Нёман» чакае топ супернік — прадстаўнік Іспаніі «Райо Вальекано». Нагадаем, што «Нёман» — адзіны прадстаўнік Беларусі ў еўракубках, які змог дажыць да гэтай стадыі. Раней з барацьбы выбылі брэсцкае і мінскае «Дынама» і жодзінскае «Тарпеда». Пры гэтым нашы суседзі палякі захавалі на дадзеным этапе ўсіх чатырох сваіх прадстаўнікоў.
Чытайце таксама: Футбаліста «Нёмана», які пнуў банер у час матчу, дыскваліфікавалі
Але як бы не скончыліся для «Нёмана» матчы з іспанцамі, варта адзначыць два пазітыўныя факты. Па-першае, добрае выступленне гродзенскага клуба дазволіць Беларусі ў сезоне 2027/2028 гадоў зноў выставіць чатыры клубы. У наступным сезоне з-за няўдалага выступу раней будзе толькі тры. Па-другое, «Нёман» ужо зарабіў 1,45 млн еўра. А ў выпадку праходжання іспанцаў можа зарабіць яшчэ 3,17 млн У адкрытых крыніцах гадавога бюджэту «Нёмана» няма, але, па розных ацэнках, ён вар'іруецца ад 3 да 4 млн еўра.
Упершыню за восем гадоў беларускі клуб згуляе з клубам з топ-чэмпіянату
Топ чэмпіянатамі (топ-5) лічацца нацыянальныя турніры Англіі, Іспаніі, Італіі, Германіі і Францыі. З іх прадстаўнікамі беларускія клубы не сустракаліся з 2018 года, калі ў Мінск прыязджаў італьянскі «Тарына». Той матч паміж італьянцамі і салігорскім «Шахцёрам» скончыўся з лікам 1:1, а ў Турыне беларусы згарэлі без шанцаў — 0:5.
Супернік «Нёмана» у Іспаніі — такі ж серадняк як «Тарына» ў Італіі, таму такі вынік цалкам рэальны. Увогуле ў гісторыі незалежнай Беларусі беларускія і іспанскія клубы правялі 16 матчаў. З іх 15 выйгралі іспанскія каманды. Агульная розніца мячоў — 7−46 не на нашу карысць. Адзіную перамогу над іспанскімі клубамі атрымаў 11 гадоў таму БАТЭ, калі ў Барысаве перайграў 2:1 «Атлетык» з Більбао.
«Нёман» жа ніколі не гуляў з супернікамі такога рангу. Самым пакуль статусным супернікам гродзенцаў у 2003 годзе была румынская «Сцяўа».
Што за клуб «Райо Вальекано»?
Клуб заснаваны ў 1924 годзе, гэта трэці пасля «Рэала» і «Атлетыка» клуб Мадрыда. За больш чым стогадовую гісторыю «Райо Вальекано» не можа пахваліцца ваў-дасягненнямі. Клуб даволі часта вылятаў з эліты і толькі адзін раз гуляў у еўракубках. Затое адразу ж дайшоў да ¼ фіналу, выйграўшы матчы першага этапу з лікам 10:0 і 6:0.
Аснова каманды — гэта іспанцы, хоць ёсць і легіянеры. У мінулым сезоне «Райо Вальекано» заняў у чэмпіянаце Іспаніі восьмае месца, дзякуючы чаму і трапіў у еўракубкі. Перад матчамі з «Нёманам» «пчолы» запрасілі ў каманду абаронцу Нобеля Мендзі. Яшчэ год таму ён гуляў у складзе пераможцы Лігі чэмпіёнаў — ПСЖ.
Новы чэмпіянат Іспаніі стартаваў у мінулыя выходныя. «Райо Вальекано» гуляў на выездзе супраць «Жыроны», якая яшчэ ў мінулым сезоне гуляла ў Лізе чэмпіёнаў. Журналіст Hrodna.life паглядзеў гэты матч, які завяршыўся перамогай будучага суперніка «Нёмана» — 3:1. Можам канстатаваць: калі іспанцы будуць так гуляць з беларускай камандай, то ў яе не будзе шанцаў. Гульню «Райо Вальекано» характарызуе хуткасць, напор, прэсінг, тэхніка і выкарыстанне кожнай памылкі суперніка. І яшчэ адна дэталь: хатнія колеру іспанскага клуба — бел-чырвона-белыя.
«Нёман» ужо два месяцы жыве за мяжой, а Глеб прапануе здацца
Абыграўшы 4 ліпеня ў чэмпіянаце Беларусі «Іслач» 2:0 «Нёман» з’ехаў у Арменію і з тых часоў дадому не вяртаўся. Ён базуецца ў Венгрыі. Адтуль каманда ездзіла на выязныя матчы ў Славакію і на Фарэрскія выспы. 19 жніўня ў сеціве з’явілася фатаграфія з трэніроўкі «Нёмана» на базе ў Венгрыі.
За апошнія пяць гадоў толькі мінскае «Дынама» з клубаў Беларусі прабівалася ў асноўны раўнд еўракубкаў. Але, валодаючы добрым баявым складам, чэмпіён Беларусі выступіў правальна — выйграў толькі адзін матч і заняў 33 месца з 36 удзельнікаў. Улічваючы, што ў асноўным раўндзе еўракубкаў тры турніры, у кожным з якіх па 36 каманд, то беларускі клуб заняў толькі 105 месца ў Еўропе. Зрэшты, «Нёману» да гэтага этапу яшчэ трэба дабрацца.
Цікавы варыянт для гродзенскага клуба прапанаваў адзін з лепшых футбалістаў Беларусі Аляксандр Глеб, які выступаў у Іспаніі за «Барселону».
У інтэрв'ю Smartpress Глеб сказаў: «Не ехаць на гульню! Калі сур’ёзна, то старацца таксама кантраляваць мяч. Трэба не толькі адбіваць наперад. Трэба ісці наперад і не баяцца. Калі дзейнічаеш працяглы час без мяча, лёгка можна паплыць. Вядома, „Райо Вальекано“ на галаву мацней. „Нёман“ у большай ступені будзе сядзець ззаду».