Колькі ў свеце вуліц з назвай “Гродзенская”? Чаму вуліцы, прысвечаныя нашаму гораду, можна адшукаць на іншым канцы свету, хто і калі іх так называў? У інтэрнэце можна адшукаць многія Гродзенскія вуліцы, але дакладную іх колькасць палічыць немагчыма. Здаецца, іх не менш за сотню.

Галоўнае пра вуліцы Гродзенскія ў гэтым матэрыяле

  • У свеце існуе мноства вуліц з назвай “вуліца Гродзенская”, але дакладную колькасць вызначыць складана.
  • Некаторыя вуліцы паказваюць кірунак на Гродна, а іншыя названыя ў гонар горада.
  • Вуліца Гродзенская ў Пецярбургу – адна з самых старых і прыгожых.
  • Вуліцы Гродзенскія існуюць у суседніх краінах, у тым ліку ў Польшчы, Літве і Украіне.
  • Гродзенскія вуліцы таксама з’яўляліся ў памяць пра наш горад. Назву давалі выхадцы з Гродна ў памяць аб малой радзіме. Найбольш яны распаўсюджаны ў Польшчы.

Вуліцы Гродзенскія, якія паказвалі напрамак на Гродна

Іх найболей у ваколіцах Гродна, а таксама ў суседніх раёнах Польшчы і Літвы. У Гродна вялі вуліцы ў Друскеніках, Саколцы, Беластоку, Кнышыне, Навагрудку, Слоніме, Індуры, Семятычах, Лідзе, Шчучыне…

Некаторыя з іх, напрыклад вуліцу Гродзенскую ў Беластоку або Саколцы, не раз маглі бачыць тыя, хто мае магчымасць ездзіць у Польшчу па справах. А вось вуліцу Гродзенскую ў Ліпску, недалёка ад беларуска-польскай мяжы, не бачыў амаль ніхто з гродзенцаў. Хоць яна і знаходзіцца ўсяго ў 25 км ад Гродна. Між тым, да Другой Сусветнай вайны жыхары многіх мястэчак і вёсак на паўночны-захад ад Гродна, сярод іх і жыхары Ліпска, рэгулярна прыязджалі да нас на кірмаш.

Сёння з Ліпска да Гродна прамой дарогі няма – яна ўпіраецца ў пагранічны тупік у раёне вёсак Ліпшчаны (з польскага боку) і Сафіева (з беларускага). Яшчэ 10 гадоў таму хадзілі размовы пра пабудову ў гэтым месцы пагранічнага перахода для турыстаў. Цяпер гэта гучыць як фантастыка, але калі ўсё ж у будучыні нашыя ды польскія ўлады пра гэта дамовяцца, то Ліпск стане гродзенцам бліжэйшым, чым нават недалёкі Сапоцкін.

Вуліцы Гродзенскія, названыя ў гонар Гродна

Такія вуліцы, як правіла, кірунак на Гродна не паказваюць. І найчасцей наогул ідуць чамусьці з поўначы на поўдзень. Іх найбольш на постсавецкай прасторы. Гэта спадчына часоў, калі модна было называць вуліцы назвамі гарадоў братніх савецкіх рэспублік.

Самая старая з тых вуліц, што атрымалася знайсці – Гродзенскі завулак у Пецярбургу. Яго назвалі так аж у 1858 г. разам з назвамі суседніх вуліц па гарадах заходняй часткі Імперыі – Коўна, Мітавы ды іншых.

Завулак Гродзенскі ў Пецярбургу – гэта самая прыгожая ў плане архітэктуры “гродзенская” вуліца, якую нам удалося выявіць.

Гродзенскія вуліцы да завулкі ёсць ва ўсіх суседніх сталіцах – Маскве, Мінску, Кіеве, Вільні ды Варшаве, а таксама ў Валгаградзе, Ніжнім Ноўгарадзе, Самары, Варонежы, Растове-на-Доне (завулак), літоўскіх Шаўляі, Алітусе і Марыямпалі, украінскіх Краматорску і Данецку, а таксама ў Брэсце.

Усё гэтага збольшага вуліцы з прыватнай забудовай. Напрыклад, вуліца Гродзенская ў Варонежы была некалі досыць сімпатычнай і нечым нагадвала наш Новы Свет. Зараз яна часткова забудавана высоткамі і выглядае значна горш.

Таксама непрывабная выглядае вуліца Гродзенская ў Самары: чыгунка, гаражы і забудова, якая даўно патрабуе капітальнага рамонту.

Вуліца Гродзенская ў горадзе-пабраціме

Паколькі ў Гродне ёсць вуліца ў гонар французскага горада-пабраціма Ліможа (ці памятаюць у Францыі, што маюць пабраціма на берагах Нёмана?), то і ў Ліможы мясцовыя радныя-камуністы дамагліся, каб і там з’явілася Гродзенская вуліца.

Цяпер гэта невялікая сімпатычная вулка, забудаваная прыватнымі і невялікімі некалькікватэрнымі дамамі. Цэны на жытло на Гродзенскай вуліцы ў Ліможы – каля 1900 еўра за квадратны метр. Не так і дорага, праўда?

Вуліцы Гродзенскія, названыя ў памяць пра Гродна

Найбольш такіх вуліц у Польшчы. Назвы ім давалі людзі, якія (або іх продкі) жылі некалі ў Гродне. Так яны спрабавалі захаваць памяць пра зямлю продкаў. Гродзенскія вуліцы ёсць галоўным чынам на былых нямецкіх землях у сённяшняй Польшчы – у Элку, Эльблонгу, Гданьску, Вроцлаве, Аполі. У 2011 г. Гродзенская вуліца з’явілася ў Познані. Самая сімпатычная вуліца ў Гданьску. Гэта зялёны раён добра захаванай прыватнай забудовы недалёка ад цэнтра.

Самая далёкая вуліца, яўна названая ў памяць пра Гродна, знаходзіцца ў Сіракузах на ўсходзе ЗША недалёка ад берагоў возера Антарыё. Гэта нейкі лагістычны цэнтр, які знаходзіцца паміж вуліцамі Познаньскай і Вавельскай! Цікава было б даведацца, хто і калі такую назву той далёкай вуліцы надаў.

Такія таямнічыя Гродзенскі назвы ёсць і на Гродзеншчыне. Напрыклад, на хутары Мітраполь на Навагрудчыне адразу два Гродзенскіх завулка – 1-шы і 2-і. Думаецца, што той, хто захоча даследаваць гісторыю паходжання Гродзенскіх вуліц па ўсім свеце, зробіць нямала цікавых адкрыццяў.