Ляпніна, фрэскі і дэкадансны ружовы колер — усё гэта ў кватэры на 1 Мая, 18 прыдумала дызайнерка Надзея Даўкшыс. Тут пражылі тры пакаленні яе сям'і — з 1939 года. Карэспандэнтка Hrodna.life пабывала ў гэтай кватэры і запісала незвычайную гісторыю.
У праекце «Мой дом ў Гродне» Hrodna.life збірае самыя незвычайныя гісторыі людзей, іх кватэр і дамоў.
Дом на 1 Мая, 18 пабудавалі ў 1910 годзе. Шыкоўнае двухпавярховае жылле плошчай 400 квадратных метраў, з 3,5-метровымі столямі належала адной гаспадыні. У дом можна было ўвайсці праз парадны пад’езд, аздоблены мармурам. Унутры быў вялікі хол і шырокія лесвіцы.
Архітэктура Гродна канца XIX і першых гадоў XX стагоддзя моцна змянілася: на месца строгага класіцызму прыйшлі эклектыка, стылізацыя, мадэрн.
Разам з развіццём транспарту, сувязі, інжынерных збудаванняў і камунальных службаў горадабудаўнічая забудова ішла актыўнымі тэмпамі. Праўда, усё рабілася па большай частцы хаатычна, ні пра якое захаванне мастацкіх патрабаванняў ці архітэктурны ансамбль і гаворка не ішла. Кожная забудова была індывідуальная і дэманстравала выключна густ і таўшчыню кашалька свайго ўладальніка. Прыкладам можа служыць разнастылевая забудова галоўнай плошчы горада. Дом купца Мураўёва і аптэка каля Фарнага касцёла — вось яркія прыклады архітэктуры таго часу.
У 1939 годзе Гродна занялі савецкія войскі. Новыя ўлады вырашылі, што дом павінен належаць дзяржаве. Яго падзялілі на маленькія кватэры, у якія засялілі некалькі сем’яў, а гаспадыні выдзелілі пакой у адной з кватэр.
Дом на 1 Мая, 18 вядомы як дом Алены Нарбут. Гэты будынак — узор так званага цаглянага стылю. З 1922 года тут працавала спажывецкая крама Леі Ведніцкай.
У 1939 годзе адну з кватэр у гэтым доме вылучылі савецкаму афіцэру Пятру Гасцішчаву і яго сям'і. Яна месцілася на другім паверсе над парадным уваходам. У 1941 годзе сям’я паехала ва Украіну да сваякоў адпачыць. «Тады пачалася вайна. Калі б ён тут застаўся, яго б адразу расстралялі, бо ён афіцэр. Але ім пашанцавала, ён пакінуў сям’ю ва Украіне, а сам адправіўся ваяваць», — распавядае Hrodna.life праўнучка афіцэра Надзея Даўкшыс.
Пётр і яго сям’я перажылі вайну і ў 1946 годзе вярнуліся ў Гродна. Дом быў у жудасным стане, мармуру над параднай не засталося. У 1970-х гадах будынак рэканструявалі, пад’езд закалацілі, уваход у дом зрабілі праз «чорны ход» з боку двара, дабудавалі трэці паверх са столямі вышынёй 2,8 метра. Сям’ю афіцэра перасялілі ў адну з новых кватэр.
У 1939 годзе ў Гродна прыйшла савецкая ўлада, сямейныя і даходныя дамы нацыяналізавалі і, у большасці выпадкаў, падзялілі на маленькія кватэры. З уласнікаў цэлага дома ўладальнікі сталі звычайнымі жыхарамі і нават былі вымушаныя плаціць дзяржаве кожны месяц за арэнду сваёй жа кватэры. Усе ўгоды па куплі-продажы такой нерухомасці былі забароненыя, гэта была масавая канфіскацыя на карысць дзяржавы.
Пасля Пятра Гасцішчава ў кватэры жылі яго дачка з сям’ёй, а пазней — яго ўнукі. Нядаўна яны прадалі кватэру свайму найлепшаму сябру Вячаславу, які купіў яе для сваёй маці Алены Корс. Кватэра знаходзіцца ў зручным для сям'і месцы: сын Вячаслава будзе хадзіць у школу недалёка ад дома і зможа пабыць з бабуляй пасля заняткаў.
Пасля куплі кватэры Вячаслаў звярнуўся да дызайнеркі Надзеі Даўкшыс — праўнучцы першага ўласніка кватэры.
«Захацелася зрабіць тут інтэр'ер з водгукам гісторыі. Першапачаткова была ідэя звярнуцца да стылю пачатку XX стагоддзя, хоць раней тут усё было па-іншаму. Мы вырашылі пагуляць у стылізацыю: узяць за аснову ідэі мадэрну, узяць адтуль настрой, дэкадансны ружовы і глыбокі пыльны сіні…»
Стыль мадэрн ў інтэр'еры зарадзіўся ў другой палове XIX стагоддзя і, можна сказаць, выклікаў сапраўдны бум у мастацтве, архітэктуры і дызайне. Гэта было штосьці новае, сучаснае. Затым папулярнасць стала паступова згасаць. Але сёння ў стыля мадэрн у інтэр'еры адкрылася нешта накшталт другога дыхання.
Афармленне кватэры ў гэтым стылі патрабуе дастаткова шмат фінансавых укладанняў, бо вітражы, мэбля і незвычайныя прадметы інтэр'еру ў стылі мадэрн каштуюць нятанна. Але вынік таго варта!
І ўсё-такі кватэры, аформленыя ў стылі мадэрн, павінны знайсці «свайго» пакупніка. Асабліва гэты дызайн адгукаецца натурам творчым і неардынарным, якім сумна жыць у класічным стылі, але пры гэтым хочацца раскошы.
У тыя часы мастакі натхняліся матывамі Усходу, таму на фрэсках у спальні стварылі японскія сюжэты. «У гэтай кватэры захацелася зрабіць спалучэнне двух стылістычных кірункаў: мадэрну і трохі канструктывізму», — кажа Надзея.
Раней у кватэры быў вельмі маленькі пярэдні пакой, а насупраць уваходных дзвярэй — уваход у пакой. Цалкам змянілі планіроўку. «У нас стаяла задача падзяліць кватэру на дзве зоны: для дзіцяці і для бабулі. Гаспадыня хацела, каб быў паўнавартасны ложак, а працоўнае месца дзіцяці знаходзілася каля акна. Таму мы зрабілі ўваход у спальню з іншага боку».
Спачатку гаспадары разглядалі варыянт далучэння гарышча. Паводле плану на месцы дзіцячага стала знаходзілася б невялікая вінтавая лесвіца, а дзіцячы пакой быў бы на гарышчы. Але гэтую ідэю адкінулі: на гарышчы размешчана шмат калон.
Паколькі вітальня была занадта малая, там не было месца для шафы, прыйшлося замяніць ванну на душавую кабіну. З’явілася месца для захоўвання верхняга адзення.
Плошча кватэры 38 квадратных метраў, таўшчыня сцен — 60 сантыметраў.
Алена Іванаўна жыве тут прыкладна два месяцы і паспела звыкнуць да рытму цэнтра горада. Да пераезду яна жыла ў кватэры на праспекце Касманаўтаў у доме 1960-га года. «Там я жыла 20 гадоў. Мне было ў той кватэры добра, але і ў гэтай падабаецца. Проста пакуль тут многае нязвыкла» — кажа цяперашняя гаспадыня кватэры Алена.
«Падчас рэканструкцыі ў 70-х гадах тут усё дабудоўвалі вельмі хуткімі тэмпамі, таму тут былі вельмі крывыя сцены, — кажа Надзея. — На такой маленькай плошчы хібнасць 20 сантыметраў — гэта шмат. Прыйшлося ўсе сцены, акрамя апорных, зносіць і нанова ўзводзіць».
Пры рамонце Надзея заўважыла, што сцены пабудаваныя з старой жоўтай цэглы, а не з цэглы 70-х гадоў. Хутчэй за ўсё, будаўнікі разбіралі нейкі стары будынак побач і з яго дабудавалі трэці паверх.
Надзея да гэтага часу памятае аповеды сваёй бабулі. Нават у 80 гадоў яна ўспамінала, што недалёка ад іх дома, побач зь цяперашнім будынкам швейнай фабрыкі «Элод», працавала карамельная фабрыка. Туды яе бабуля яшчэ школьніцай хадзіла на экскурсію з класам. Яркім уражаннем для яе засталося, як ім давалі вялікі шарык карамелі, яны ўсе па чарзе перадавалі яго адзін аднаму і каштавалі.
Яшчэ бабуля Надзеі часта ўспамінала, што ў адной з пакояў дома № 18 жыла пажылая жанчына. Гэта была ранейшая гаспадыня дома. Надзея памятае, як бабуля казала, што яна была няветлай.
Побач з домам на 1 Мая, 18 знаходзіўся яшчэ адзін дом. «Вуліцы Акадэмічная, 1 Мая, стары гарадскі парк — тэрыторыя майго дзяцінства. Двор, у якім збіралася вулічная каманда дзятвы, знаходзіўся паміж домам на вуліцы 1 Мая, 18 і домам на Акадэмічнай, 12. Двор лічыўся добраўпарадкаваным, з тэнісным сталом, лаўкамі і пясочніцай для дзяцей. У драўляных паветках захоўваліся дровы і старыя рэчы жыхароў гэтых двух суседніх дамоў, у крайняй паветцы быў гараж для матацыкла бацькі маёй сяброўкі Томкі Цвятковай. За паветкамі рос падтыннік, якім мы зводзілі бародаўкі на руках. На гэтай прасторы паміж адрынамі і вулічным плотам закопвалі памерлых катоў», — успамінае гродзенка Наталля Дораш, якая жыла ў доме на Акадэмічнай, 13.
«Мы пераехалі ў дом на Акадэмічнай, 12 у 1953 годзе. Мне раней расказвалі, што двор належаў нейкім палякам. Гаспадары жылі ў 18 доме, а ў нашым доме была стайня. Гэта памяшканне адразу не было прыстасаванае для жылля. Нам далі кватэру на другім паверсе, тады яна была без падлог і шкла ў вокнах. Унутры дома была драўляная лесвіца і балкончык, які выходзіў у двор. У адной палове дома былі кватэры, а ў другой палове — хлеўчыкі. У 1962 годзе пры рэканструкцыі нашага дома кватэры пашыралі за кошт гэтых хлеўчыкаў. Унутры двара стаялі яшчэ адны хлеўчыкі, у іх трымалі курэй і свіней. Я нават памятаю, як па даху лазіла і правалілася ўнутр на свінню нейкую», — дзеліцца сваімі ўспамінамі гродзенка Тамара Цвяткова.
Яшчэ Тамара ўспамінае старую бабулю, якая жыла на першым паверсе ў 18 доме, верагодна, яна і была гаспадыняй дома, пра якую памятала бабуля Надзеі. У 1950-х гадах ёй было прыкладна 70−80 гадоў. «Нам здавалася, што яна вельмі старажытная, чымсьці нам Бабу-Ягу нагадвала. Яна жыла ў гэтым доме яшчэ да вайны. Гэтая бабуля мне неяк падарыла нямецкія ёлачныя цацкі. Яны ў мяне да гэтага часу захаваліся. І яшчэ яна падарыла мне самаварчык і імбрычак. Да рэканструкцыі дома праз парадны ўваход у асноўным хадзіла толькі яна».
У доме № 18 на другім паверсе была дзіцячая бібліятэка, яе Наталля Дораш і Тамара Цвяткова рэгулярна наведвалі. «Працавала ў ёй старэнькая бібліятэкарка, мы з ёй гутарылі на самыя розныя тэмы. Аднойчы яна выдала мне для чытання дзіўную кнігу: „Прыгоды Пінокіа“ Карла Калодзі», — успамінае Наталля.
У гэтым жа доме жылі сябры Наталлі і Тамары: Сашка Чубіч і Ларыса Крыцкая. Яе бацькі былі выкладчыкамі ў сельгасінстытуце. «У пад’ездзе іх дома са сцяны тырчаў водаправодны кран, да гэтага крана мы бегалі папіць вады».
Санвузлоў у гэтых дамах не было. Усе выгоды былі на вуліцы, па суботах жыхары дамоў хадзілі ў лазню. Ацяпленне ў 1950-я гады было пячным, зімой палілі дровы і брыкеты торфу. Паравое ацяпленне ў гэтыя дамы правялі ў сярэдзіне 60-х гадоў, распавяла Наталля карэспандэнтцы Hrodna.life.
Паміж дамамі на Акадэмічнай, 12 і 1 Мая, 18, выкарыстоўваючы дзве іх сцены, пабудавалі домік-перамычку. «Праз яго праклалі калідор, як тунэль. У гэтым доміку знаходзілася кухня Шпакоўскіх», — кажа Тамара Цвяткова. Праз гады дом № 12 на Акадэмічнай прызналі аварыйным. Яго разам з домікам-перамычкай знеслі.
Праз дарогу ад двара цяпер знаходзіцца дзіцячы сад. З 1883 да 1951 года на гэтым месцы былі лютэранскія могілкі, зарослыя кустамі і высокімі дрэвамі. Канчаткова магілы знішчылі ў 1960 годзе, а на іх месцы разбілі невялікі сквер, дзе адзначалі травеньскія святы.
«Магілы пачыналіся ад брамкі нашага двара [Акадэмічная № 13 — Hrodna.life] і заканчваліся каля кірхі. Паміж гранітнымі магільнымі плітамі мы гулялі ў даганялкі і хованкі, па сцяжынках ездзілі на роварах. На могілках у каплічцы быў уладкованы штаб хулігана Вовіка па мянушцы Клоўн, гэтага падлетка баяліся нават дарослыя. Ён быў жыхаром вуліцы 1-га Мая, але з іншага дома. Воўка Клоўн часта трапляў у міліцыю і сядзеў у турме, адкуль аднойчы не вярнуўся. Тут ладзіліся святочныя пікнікі, тут у летніх прыцемках хаваліся ад людскіх вачэй закаханыя парачкі. На маёй памяці старыя нямецкія могілкі ліквідавалі. Труны з парэшткамі целаў у спарахнелых нямецкіх мундзірах Першай сусветнай вайны выкопвалі і адвозілі ў грузавіках кудысьці за горад. На іх месцы пабудавалі дзіцячы садок-яслі», — кажа Наталля Дораш.
Нядаўна мы прадалі дзве сумежныя кватэры ў доме на вуліцы Акадэмічнай, 7 (побач з кірхай).
Калісьці будынак 1912 года пабудовы з жоўтага цэглы належаў пастару лютэранскай абшчыны Освальду Плямшу. Да 1938 года пастар з жонкай займалі кватэру з чатырох пакояў з верандай і клазетам на другім паверсе, а на першым размясціліся кухня і агульны ванны пакой. Астатнія памяшканні здаваліся ў арэнду гасцям, якія прыбывалі з Варшавы, Вэрдэна, Рыгі, Расіі і г. д.
У прададзенай кватэры шмат самаробных перагародак, высокія столі з гіпсавым плінтусам, санвузла няма, затое ёсць печка. Дзве кватэры пакупнік аб’яднаў, цяпер над праектам працуе наш гродзенскі дызайнер Васіль Халепа, з нецярпеннем чакаем рэалізацыі!
Чытайце таксама:
Гродзенскі форум існуе больш за 20 гадоў і абнаўляецца дагэтуль. Людзі ўсё яшчэ шукаюць там…
У Гродне працуе рэстаран «Беласток», а ў польскім Беластоку – бар Grodno. У 1974 годзе…
Гродзенскія кантралёры - самыя суровыя, а пасажыры - самыя дружныя. Квіток можна на выхадзе з…
Раніцай гродзенка Людміла Юрахно як звычайна пайшла на працу, але дадому вярнулася толькі праз паўгода.…
Гродзенцы скардзяцца, што шмат якія ўстановы ў горадзе выглядаюць аднолькава. Напрыклад, некаторых расчаравалі рэндары інтэр'ераў…
Адчуць таямнічую атмасферу Хэлоўіна можна ў розных месцах Гродзеншчыны: у рэгіёне мноства закінутых сядзіб, старажытных…