Людзі і справы

«За голас на выбарах маглі растраляць». Беларускі святар, — пра працу місіянерам у Афрыцы

Каталіцкі святар Анджэй Ганчар схуднеў на 30 кілаграм. Для гэтага яму не спатрэбіліся дыеты, спорт і правільнае харчаванне — ён проста паехаў на місіі ў Афрыку.

Анджэй родам з Ліды, некаторы час працаваў у Гродне. Восем месяцаў ён знаходзіўся на місіях у Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы (ЦАР). У траўні ён прыехаў у Беларусь на невялікі адпачынак і ў хуткім часе мае планы зноў адправіцца ў Афрыку. Карэспандэнтка Hrodna.life паразмаўляла з ім пра місіі, вайну, малярыю і штодзённае жыццё ў гарачай краіне.

Адважыцца дапамог зняволены

«Ніколі нават падумаць не мог, што я выберу гэты нялёгкі шлях», — кажа Анджэй Ганчар пра свой выбар працаваць у Афрыцы.

Такое жаданне ў яго з’явілася на трэцім курсе Гродзенскай Духоўнай семінарыі. Тады да іх прыязджалі святары-місіянеры, якія праводзілі духоўныя практыкаванні для семінарыстаў. «У той момант я падумаў: „А чаму б не паехаць казаць пра Бога тым, хто пра яго яшчэ не чуў?“»

На чацвёртым курсе Анджэй адправіўся на першую місіянерскую практыку ў Казахстан. А пасля шостага курса, будучы ўжо д’яканам (першы прыступак святарства), паехаў на місіі ў Афрыку ў Камерун. Там Анджэй некалькі месяцаў служыў у дзіцячым прытулку. Потым ён вярнуўся ў Гродна, стаў святаром і некаторы час служыў у турме. Але думкі пра місіі не давалі спакою.

«Першае, што цягне ў Афрыку — гэта свабода. Нягледзячы на тое, што там цяжка, там ёсць свабода. Там я жыву сённяшнім днём і не думаю, што будзе заўтра: паеў - і слава Богу. Людзі там не будуюць планаў».

Вырашыцца дапамог зняволены. Ён сядзеў у турме ўжо 20 гадоў, за гэты час паверыў у Бога, чытаў Біблію, нават вучыў яе напамяць. Менавіта ён сказаў Анджэю: «Калі маеце жаданне, дзейнічайце! Каб у старасці не шкадавалі, што не адважыліся на гэты крок. А мы будзем вас чакаць».

У выніку Анджэй паехаў у Цэнтр падрыхтоўкі місіянераў у Варшаву, дзе вучыўся год.

Першы выклік

У Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы дзве дзяржаўныя мовы: французская і санго. Але большасць насельніцтва неадукаваная, нават не ўмее чытаць, таму размаўляе толькі на санго. І гэта быў першы выклік для Анджэя: як служыць людзям, калі не ведаеш іх мову?

Прыйшлося вучыцца. Лепшыя памочнікі - мясцовыя жыхары і дзеці. «Мова не вельмі цяжкая», — распавядае Анджэй. За восем месяцаў ён ужо можа размаўляць на ёй, весці святую імшу і казаць казанне. «Але мне лягчэй самому сказаць, чым зразумець, што яны мне гавораць. Яны ў санго ўмешваюць яшчэ некалькі дыялектаў і сваіх слоў, часам не ўсё зразумела».

Ты авакада — табе банан

Анджэй Ганчар працуе ў вёсцы Бабуа. Тэмпература днём там дасягае 40−42 градусаў, а ноччу — 18. Вёска знаходзіцца на вышыні 1000 метраў над узроўнем мора, а 50 кіламетраў ад яе — ужо Камерун. Туды святар часта едзіць, каб купіць што-небудзь на рынку, бо там значна танней. Напрыклад, у вёсцы шэсць бутэлек вады каштуюць 3000 франкаў - каля 5 эўра. А ў Камеруне — толькі 1000 франкаў. «Такі там бізнес, таму што ў ЦАР няма сваёй вытворчасці», — тлумачыць ён.

У вёсцы дагэтуль існуе натуральны абмен. «Ты даеш авакада — табе банан. У вёсках пабольш ужо ёсць грошы. Як я — белы — прыходжу на рынак, то мне цэны заварочваюць. Але нават тая цана, якую мне называюць, — мізэрная».

Ксёндз Анджэй жыве ў супольнасці з трыма мясцовымі святарамі. Яны жывуць у цагляным доме, са сценамі, дзвярмі і дахам. У мясцовых жыхароў дамы нашмат прасцей: дах з саломы, а ў некаторых нават няма дзвярэй. Спачатку ксёндз не мог зразумець, чаму людзі, калі прыходзяць да яго дому, пачынаюць пляскаць у ладкі. Аказалася, гэта такая традыцыя: калі прыходзяць да дому, бачаць, што няма дзвярэй, пачынюць пляскаць, або кідаюць камень у дом, каб гаспадар ведаў, што хтосьці прышоў. У Анджэя ёсць дзверы, і ён нават павесіў званок, але ім ўсё роўна ніхто не карыстаецца.

Працуюць мужчыны, жанчыны і дзеці

Прачынаецца Анджэй Ганчар у 4:30 раніцы. У 5:30 ён адчыняе касцёл, у 5:45 прыходзяць маліцца першыя прыхаджане, а ў 06:00 пачынаецца імша. Пасля святар снедае: звычайна гэта якая-небудзь ляпёшка з чаем або яйцо і рыс. Потым ксёндз прымае людзей, бо яны ўжо зранку стаяць каля яго тэррыторыі. Яны прыходзяць прасіць аб дапамозе: камусьці дапамагчы ежай, камусьці - грашыма.

На тэрыторыі дома стаіць школа, куды ў 8.00 прыходзяць 38 дзяцей. У школе кожнаму даюць адзежу і штодзённа кормяць. Дзяцей так мала, таму што ў асноўным бацькі прымушаюць іх працаваць з дзяцінства ў полі і ў школу іх ніхто не аддае.

Дзеці рознага ўзросту ў школе ў Бабуа вучацца разам

Дырэктар школы — адзін з мясцовых святароў. Ён займаецца з дзецьмі да 12 гадзін, а ксёндз Анджэй у гэты час едзе на рынак, каб набыць што-небудзь паесці. Калі застаецца час, наведвае суседнія вёскі, каб прыцягнуць увагу людзей, пазнаёміцца з жыхарамі бліжэй, распавесці ім, што тут ёсць касцёл.

Людзі тут вельмі шмат працуюць: у полі, у лесе, каля хаты. Працуюць усе: і мужчыны, і жанчыны, і дзеці. Моладзь альбо дзеці часта ходзяць з вядром вады на галаве, альбо з кавалкам дрэва, на якім маці зможа прыгатаваець ежу. Яны вырошчваюць садавіну, агародніну, палююць.

«Днём пасля абеду мне абавязкова трэба прылегчы на дзве гадзіны. Таму што з 12 да 15 гадзін вельмі моцнае сонца. У такі час нічога немагчыма рабіць».

Прыкладна ў 21:00 святары ідуць спаць. Увечары ў доме цёмна, у пакой трэба заходзіць з ліхтарыкам на лбе. Пад матрацам, падушкай і ў пакоі трэба праверыць, ці няма змяі або скарпіёна. Пад дзверы падкладваюць палку або тканіну, каб ніхто не змог прайсці.

Не ўсе нават бачылі сваё адлюстраванне

У ЦАР няма электрычнасці. Некаторыя могуць дазволіць сабе сонечныя батарэі. У святароў ёсць генератар: яны яго ўключаюць увечары, каб падзарадзіць тэлефоны і паглядзець навіны па тэлевізары. Тэлевізар або тэлефон сярод мясцовых — рэдкасць.

«Ехаў я аднойчы з вёскі, у мяне зламалася кола. Сяджу каля дарогі і чакаю: можа хто дапаможа. Каля мяне адразу сабраліся дзеці. Я дастаў свой тэлефон, паказваў ім мульцікі і сфатаграфаваў іх. Паказваю фота, а яны здзіўляюцца, таму што ўпершыню ўбачылі сваё адлюстраванне! Я не скажу, што ва ўсіх няма люстэрак, але асноўную масу гэтых дзяцей не адарвеш ад тэлефона, калі іх сфатаграфуеш. Яны будуць разглядаць свае твары дзве гадзіны, а потым будуць увесь час успамінаць пра гэта».

Афрыканская кухня і антысанітарыя

Калі ксёндз быў яшчэ на місіях у Камеруне, ён спрабаваў на смак лапу гарылы, мяса кракадзіла, змей, лічынак, вусеняў. А ў Бабуа ўпершыню пакаштаваў пацукоў. «Ну, як звычайнае мяса», — кажа Анджэй.

«Самае страшнае, што мне патрэбна было есці - змяя. Далі мне такі кавалачак, ну, я можа 2,5 літры піва выпіў, пакуль з’еў яго. Не для таго, каб напіцца, а каб прапіваць гэты кавалак».

У гэтай краіне любая жывёла пойдзе ў які-небудзь соўс. «У нас ёсць сабака, ён прывёў яшчэ восем сабак. Думаю: чаго людзі іх так разбіраюць? Потым зразумеў».

Кухня ў ЦАР вельмі вострая і тлустая, бо людзі маюць патрабу ў тлушчы. Усе ў вёсцы ядуць рукамі, таму вельмі шмат антысанітарыі і хвароб. Тут часта хварэюць брушным тыфам, які потым перарастае ў малярыю.

«Я таксама хварэў. Падчапіў брушны тыф: пяць дзён праляжаў, нічога не мог есці, і адразу схуднеў на 7 кілаграмаў. А пасля яго адразу малярыя — гэта яшчэ на пяць дзён».

Калі Анджэй паехаў у Афрыку, ён важыў 105 кілаграмаў, цяпер ён важыць 74. «І тое, гэта я ўжо паднабраў», — кажа святар.

Старшыя місіянеры казалі: усю вопратку, якую выпралі, трэбы высушыць і папрасаваць. «Я не моцна прыслухаўся. Быў такі момант: панасіў шорты, літаральна дзень. Гляджу, пад шортамі на назе нейкі нарыў. Апрацаваў рукі, націскаю, а там чарвяк вылез жывы».

Калі Анджэй паказаў гэтага чарвяка дасведчанаму святару, той засмяяўся і сказаў, што ён яшчэ маленькага выгадаваў. «Паказвае свае ногі, а яны спісаны пісакамі, што такі чарвяк хадзіў пад скурай». Пасля гэтага Анджэй заўсёды прасуе адзежу. Прас у іх стары, яшчэ на вуглях.

— А мясцовыя жыхары таксама так робяць?
— А не, дзе там.
— А як яны жывуць, калі да іх такі чарвяк залезе?
— Яны проста на гэта не звяртаюць увагу. Яны п’юць ваду, ад якой нам адразу брушны тыф прыходзіць. А яны п’юць, у іх па-іншаму арганізм наладжаны.

«Ён таксама такі быў, але адмыўся!»

Ксёндз Анджэй прывёз ў Афрыку 40 кг гаспадарчага мыла. Ён дзяліў кожны кавалак на шэсць маленькіх і раздаваў дзецям. «І яны ж такія шчаслівыя былі. Каб сёння нашаму дзіцяці даць кавалачак мыла, ці было б яно шчаслівае?»

Яны ж радуюцца, бо лічаць, што калі будуць мыцца мылам ад белага місіянера, будуць такія ж чыстыя і белыя, як ён. «Яны падыходзяць, разглядаюць мае рукі, валасы і глядзяць, што маю радзімкі. І кажуць: паглядзі, ён таксама такога колеру быў, але адмыўся!»

Далі дзецям аднойчы шампуні. Яны пачалі шараваць галаву, а ў іх валасы, як мачалкі, усе ў пене — і яны шчаслівыя ад гэтага.

«Калісьці прывезлі ім некалькі цюбікаў дзіцячай зубной пасты. Я пайшоў раздаваць. Пакуль апошняму даў, першы ўжо з’еў усю пасту, таму што яна смачная».

Імша ў пальмовую нядзелю ў ЦАР

Дзеці там любяць гуляць у футбол, але не заўсёды ў іх ёсць мяч. Яны часам самі яго робяць, абмотваюць нешта ў шар. «Часам едзеш ў вёску ў 6 гадзін раніцы, яны ўжо ў футбол валяць. Яны нават некалькі раз арганізавалі чэмпіянат у гонар майго імя. Яны проста разумелі, што я арганізую ім падарунак».

Усе падпісваюцца зоркамі футбола і ніхто не павінен паўтарацца. «Два Мессі ўжо не можа быць», — кажа святар. Дзеці нават слухаюць футбол па радыё.

Ксёендз Анджэй разам з мясцовымі дзецьмі

«Калісьці я арганізаваў такі чэмпіянат і кажу: у мяне у Instagram ёсць і Ранальдо, і Мессі, і Левандоўскі. Напішыце плакаты, можа яны будуць глядзець. Напісалі плакаты: Мессі, прышлі грошай, каб купіць веласіпед».

Як у Афрыцы адносяцца да смерці

«Аднойчы я прыйшоў на пахаванне, стаў у канцы касцёла і маліўся. Там стаяла труна з жанчынай, якую я добра ведаў. Падыходзіць да мяне чалавек і кажа: „Чаму Вы стаіце на каленях і сумуеце? Уставайце. Будзем весяліцца і танцаваць!“ І тры дні весяляцца людзі і танчаць з таго, што чалавек адыходзіць у вечнасць».

Так выглядае пахаванне ў ЦАР

Яны кажуць, што ў Бібліі напісаны словы: хто будзе верны Богу да канца жыцця, таму Бог прыгатуе вячэру на небе. На гэтай вячэры будзе і малако, і хлеб, і мёд, і віно. «Чаму мы будзем сёння плакаць, што яна памерла, калі яна сёння будзе смачна есці ў небе?»

Але з іншага боку ў людзей вельмі шмат забабонаў і сваіх традыцый. «Не так даўно памёр малады чалавек — 21 год. Ніхто з іх не можа паверыць у тое, што малады чалавек можа паміраць. Яны вырашылі, што хтосьці на яго кінуў закляцце».

Пасля пахавання яго маці распавяла ўсім, што перад смерцю ён прамаўляў імя. Яго сябры зразумелі, што гэта імя таго чалавека, які кінуў закляцце. «Што яны зрабілі? Пайшлі па вёсцы, знайшлі найстарэйшага дзядулю, жывым кінулі ў яму і закапалі».

Калі біскуп прыехаў і казаў ім, што так нельга рабіць, што гэта грэх, людзі адказалі: «Ты ж белы, ты не зразумееш нашы традыцыі і культуру».

Людзі жывуць 130 гадоў і не маюць пашпартоў

Павянчаць кагосьці ў каталіцкай царкве вельмі складана, таму што трэба атрымаць дазвол ад бацькоў, а ён не такі просты, як у нас. Хлопец павінен пабудаваць каля дома бацькоў нявесты свой дом, года жыць у ім і працаваць. І толькі тады ён можа ўзяць іх дачку замуж і жыць побач з яе бацькамі. Таму ў вёсцы амаль усе сваякі.

У сем’ях у ЦАР вельмі шмат дзяцей. «Пытаю ў адной жанчыны: гэта вашыя дзеці? Яна пачасала галаву і няўпэўнена кажа: „Ну так, мае, у мяне іх 14“». Некаторыя нават не памятаюць імёнаў сваіх дзяцей, альбо наогул называюць іх адзін, два, тры, чатыры, пяць…

Дзеці ў ЦАР

У ЦАР у людзей няма пашпартоў. Ёсць толькі дакумент у тых, хто хрысціўся ў каталіцкай царкве. Там запісваецца ўзрост. «Але не ведаюць колькі ім гадоў. Я хаваў дзядулю і быў такія дыялог: „Колькі ён пражыў?“ — „Ну, дзесьці 128 гадоў…“ — „Няблага вам тут жывецца“».

Смяротнасць у ЦАР вялікая. Дзеці нараджаюцца ў полі, у лесе, там дзе знаходзяцца. Маці застаецца верная дзіцю, пакуль яно не стане на ногі. Потым ён сам павінен шукаць, што паесці. «Таму там шмат дзяцей, якія жабруюць. А калі ім што-небудзь дасі - на наступны дзень прыйдзе плюс 40 чалавек», — кажа ксёндз Анджэй.

Вайна ў ЦАР

27 снежня ў ЦАР былі выбары. У гэты час на тэрыторыі ўжо былі паўстанцы, якія хацелі захапіць уладу. У час выбарчай кампаніі яны казалі: «Калі хто-небудзь будзе галасаваць, мы адразу ўсіх растраляем». Лічыцца, што імі кіруе былы прэзідэнт ЦАР Франсуа Базізе, якога зрынулі ў 2013 годзе.

У выніку прэзідэнта выбралі толькі паводле падлікаў галасоў у сталіцы. У ёй жыве каля мільёна чалавек, усяго ж насельніцтва ЦАР — прыкладна 6 мільёнаў.

Паўстанцы хадзілі па вёсках, шукалі паліцэйскіх і забівалі іх. Людзі ўцякалі, хаваліся і жылі ў лесе, узгадвае Анджэй.

«Нават у мяне хаваліся тры паліцэйскіх. У канцы яны папрасілі, каб я іх перавёз у іншы горад. Я на свой страх і рызыку праз бар’еры з паўстанцамі іх перавёз. Зразумела, што яны былі без формы, дакументаў і зброі. Ніхто нас не правяраў, таму што машына ў нас з крыжам і там напісана „mision catolica“».

«Было вельмі страшна. Быў такі момант, калі прыбеглі да мяне хлопчыкі і казалі: усё, таты больш няма». Іх бацька быў паліцэйскім, адразу некалькі паўстанцаў забеглі ў дом і растралялі яго. «Казаць гэтым людзям пра міласэрднаць і прабачэнне вельмі цяжка», — кажа Анджэй.

Пасля прыехалі расіяне і французы. Яны ачапілі сталіцу, каб паўстанцы не патрапілі туды. Паўстанцы ж заблакавалі дастаўку прадукцыі ў горад: проста растрэльвалі ўсіх, хто ехаў у сталіцу, а прадукцыю забіралі сабе. Так працягвалася амаль тры месяцы, пакуль расіяне і французы не пачалі саправаждаць фуры і дапамагаць людзям вярнуцца ў вёскі.

З розных краін людзі прыязджаюць у ЦАР і вывозяць золата, алмазы, бо гэта краіна вельмі багатая на карысныя выкапні. «Гэта ўсё палітыка. Усім цікава, каб людзі ў Афрыцы былі неразвітыя. Таму што, калі камусьці ўбіць у галаву: гэта твая тэррыторыя, твой дом і твае карысныя выкапні, там бы быў другі Дубай».

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024